Выбрать главу

У тую ноч стары князь не спаў. Галава яго была занята не якой-небудзь лухтой, як у дачкі, а дзяржаўнымі справамі, хаця таксама звязанымі з маладым князем.

— Што ж зробіш, атрымліваецца — вайна сапраўды наканавана,— з асалодай паўтараў князь. — Гэты смаркач заплаціць за ўсе: і за маю часовую слабасць перад яго бацькам, і за горад, і за пацалункі, заплаціць яшчэ больш, чым некалі заплаціў я сам.

Стары князь сеў да стала і напісаў ліст, у якім абвяшчаў суседняму княству вайну, а потым, хоць і была сярэдзіна ночы, загадаў зараз жа перадаць той ліст маладому князю.

Малады князь не дачакаўся таго ліста. Ледзь толькі ён вярнуўся ў замак, дык адразу загадаў падняць войска і рыхтавацца да паходу. Ён разлічыў, на якой дарозе трэба пераймаць войска старога князя, гэта была дарога да горада, у якім жыхары паспелі ўжо раззброіць гарнізон і зачыніць брамы.

Ён правеў войскі амаль пад самымі гарадскімі мурамі, з-за зубцоў якіх даносіліся здзеклівыя крыкі варты. На іх князь не зважаў, бо калі вайну выйграе ён, то радцы самі адчыняць брамы, а калі не, то ці не ўсе роўна тады яму будзе, што там крычалі наўздагон былому гаспадару.

Ён давёў войска да самай мяжы і спыніўся на версе даволі-такі стромага адхону. Унізе ляжаў зацягнуты туманам луг, далей ішлі невялікія пагоркі. Артылерыю ён расцягнуў па грэбені, прыкрыў яе коннікамі, рэштку войска схаваў па другі бок адхону, сам сеў у паходнае крэсла перад войскам, стаў чакаць. Нарэшце вярнуўся адзін з пасланых у разведку. Разлік спраўджваўся — у замку старога князя рыхтаваліся да выступу. Нарэшце прывезлі і ліст, які абвяшчаў вайну.

Разам са сняданкам пакаёўка прынесла князеўне навіну — стары князь абвясціў вайну і войска вось-вось рушыць у паход. Князёўна без слова сцягнула са стала абрус разам са сняданкам і так паглядзела на пакаёўку, што тая крок за крокам адступіла за дзверы. Толькі застаўшыся сама, князёўна дазволіла сабе расплакацца. Яна выйшла на балкон і ўбачыла, як праходзілі з распрастанымі штандарамі войскі яе бацькі, яны дугой абміналі замак, пыл сунуўся невысока над зямлёй і далека не дасягаў вежы. Годка рухаліся коннікі, спяшалася пяхота, валюхаліся на выбоінах гарматы. Стары князь на чале атрада гвардзейцаў абганяў лугам увесь гэты гармідар. Людзі і коні задрыжалі, расплыліся плямамі, князёўна паспрабавала суняць плач, але свет толькі канчаткова ператварыўся ў мешаніну фарбаў.

4

Малады князь нават не варухнуўся, калі на пагорак на другім баку лугу з'явіліся варожыя коннікі, ён нерухома сачыў за падыходам войска, за тым, як яно разгортвалася. Калі на тым баку заціхлі апошнія рухі, ён паклікаў да сябе аднаго з афіцэраў і даволі доўга нешта тлумачыў. Нарэшце афіцэр пачапіў на шаблю белую насоўку, праскакаў з Єй перад сваім войскам, спусціўся збоку ў лагчыну, пераехаў луг, спыніўся перад старым князем.

— Найяснейшы князь,— пачаў ён,— малады князь мае гонар зрабіць прапанову. Абразу табе і тваёй дзяржаве зрабіў толькі сам князь, таму, каб унікнуць вайны, ён згодны біцца з любым з тваіх шляхціцаў, годных яго асобы, а вынік паядынку няхай будзе вынікам вайны. За пераможцам застанецца горад.

Падумаўшы, стары князь сказаў:

— Перадай, я згодны.

Пакуль ганец скакаў назад, малады князь паспеў ужо сесці на каня і праехацца перад строем свайго войска. Смерці ён не баяўся, такіх людзей звычайна на вайне не забіваюць, а патрабуюць выкуп. Але ж калі ён згледзеў, што насустрач яму выехаў сам стары князь, то падумаў: «Зараз без чыей-небудзь смерці наўрад ці абыдзецца»,— павярнуў каня і рынуў па адхоне. Праціўнік імкліва набліжаўся, раптам на самым нізкім месцы лугу конь праваліўся пярэднімі нагамі ў твань і заваліўся на бок, стары князь, не збавіўшы хуткасці, вылецеў з сядла і хлюпнуўся ў гразкую балаціну, якую не заўважыў раней з-за высокай травы. Малады князь спыніў каня і кінуўся на дапамогу, але не дабег крокі са тры і сам раптоўна заграз па самыя халявы ботаў, паспрабаваў абаперціся рукамі, каб вырваць ногі, але рукі ўгразлі па локці, нарэшце на чацвярэньках дасунуўся да старога князя, што ўсе яшчэ коўзаўся на месцы, той адкаснуўся працягнутай рукі, не ўтрымаў раўнавагі і зноў паваліўся, на гэты раз спіною. Малады князь прамовіў:

— Ну, як найяснейшы сабе жадае,— і пачаў выбірацца з балаціны, спачатку асцярожна, а потым і не зважаючы на бруд.

З абодвух бакоў ляцелі афіцэры, каб дапамагчы сваім уладарам. Каля балаціны яны сышліся ў адзін стракаты і таму вельмі ўжо не вайсковы натоўп і пачалі разам мясіць гразюку. Нарэшце маладога князя, які згубіў абедзве пальчаткі і капялюш, выцягнулі на сухое, ён збольшага абтрос гразь і зірнуў на старога князя, той ужо стаяў паміж сваіх перапэцканых афіцэраў у адным боце, блішчэлі чысцінёй толькі зубы і вочы, лужына бруднай вады шырылася ля яго ног. Малады князь не стрываў і спачатку ціха, а потым і голасна пачаў смяяцца. Стары князь яшчэ трохі мацаваўся, але хутка і яго пачаў біць смех. Ён пазіраў то на праціўніка, то на афіцэраў, толькі не сабе пад ногі, і кожны раз выбухваў новай порцыяй весялосці. Зарагаталі і афіцэры. Кожны паказваў на іншага і шчыра спадзяваўся, што сам выглядае лепей. Зараз адкрыта смяяліся і войскі. Нават тыя, хто быў у засадзе, павыязджалі на флангі і распытвалі, што здарылася. Артылерысты паўзбіваліся на гарматы і з вышыні пераказвалі падзеі тым, хто застаўся ўнізе. Афіцэры глядзелі адзін на аднаго і ўжо не знаходзілі ворагаў: заўсёды свежыя і бліскучыя мундзіры аднолькава запэцканы да непазнавальнасці.