Цяжка паверыць у тое, што адбылося. Але для гэтага трэба бачыць прывідны туман над начным возерам, сполахі агню, чуць нязрушную цішыню і разумець безвыходнасць абставін. У смерць заўсёды цяжка паверыць, асабліва калі яна побач, у адным з табой пакоі. Разуменне смерці прыходзіць не тады, як сутыкаешся з ёю, а сам-насам, у адзіноце, калі пачынаеш успамінаць.
Цяпер я магу расказаць праўду, бо поруч няма нікога з тых, што былі разам на выспе. Ёсць толькі магілы і абарваныя сувязі. Колькі ўжо версій і здагадак чуў я аб той трагедыі. А я не расказаў праўды, бо ўсе лічылі, што змогуць разабрацца лепш за мяне — таго, хто быў там ад першага імгнення да апошняга, таго, хто бачыў забойцу на ўласныя вочы, сядзеў з ім за адным сталом. Яны лічылі, што ведаюць больш за мяне, лічылі, што маюць права судзіць, і толькі чакалі ад мяне пацвярджэння гэтаму.
Да праўды так і не дайшлі, бо не хацелі яе ведаць. Я мог і тады расказаць яе, але хто б даў мне веры, ды і каму было расказваць.
Мне самому, калі тая жахлівая ноч перакулілася світанкам, смерць падалася мрояй. Я проста ведаў, што так было на самай справе, і не больш за тое. Нашто было пераконваць астатніх? Лягчэй з-за гэтага не сталася б нікому. Ні мне, ні ім.
Мы заўсёды хочам зрабіць адно, атрымліваецца другое, а памятаем мы ўжо трэцяе. Так што і мая праўда — толькі мая, у кожнага была, відаць, уласная. Але ж я магу ўспамінаць, а другія толькі здагадвацца.
— Дзякуй,— сказаў я,— спадзяюся, хопіць,— паклаў на прыборную панель храбусткую банкноту.
Таксіст не пярэчыў, моўчкі ўзяў грошы, перакруціў лічыльнік і згасіў у салоне святло.
— Шчасліва даехаць,— я выйшаў з машыны ў вільготную восеньскую цемрадзь. У адказ — фарсіраваны гул рухавіка і слізкае шапаценне пратэктараў па апалай лістоце.
Урачыста-змрочнае карэ будынкаў Дома творчасці адбівалася ў люстраным загарадным асфальце. Шчыльнае ад туману, жоўтае святло ліхтароў стварала ўражанне, што ў свеце глыбокая ноч, хаця гадзіннік паказваў яшчэ толькі палову на адзінаццатую. Самы час, каб сядзець у холе за вялікім сталом і гуляць у карты пад неабавязковую размову. Відаць, гэтым самым зараз і займаліся за каляровым шклом ак-
на-стужкі другога паверха. Чуліся прыцішаныя галасы і смех.
Усю дарогу ад Менска я не паліў і таму адчуў ледзь улоўны водар дыму, які то знікаў, то з'яўляўся У парывах ветру. У Доме творчасці палілі камін. Ён нагадаў мне аб цыгарэтах. Нераспачаты пачак прыемна адчуўся ў руцэ дакладнымі гранямі.
Палову неадкладных праблем я пакінуў у горадзе, і гэта супакойвала, а распачынаць другую палову ў мяне не было пакуль што жадання. Я сеў на лаўку і запаліў. Пошукі адміністратара ці павярховай кансьержкі былі не такой тэрміновай справай, каб не пачакаць дзесяць хвілін. Галоўнае, запрашэнне на літаратурны семінар пры мне.
Дробны, але густы дождж ледзь чутна патрэскваў над галавой, сцякаў струменьчыкамі з вялікіх лісцяў экзатычнай ліпы. Лес навокал патанаў у цемры. Бляклае, каляровае святло паблісквала адно ў вузкіх вокнах і плыткіх калюгах на асфальтавым пляцы.
Бязгучна на ганак выйшаў Сак. Запаліў напалову скураную, але згаслую цыгарэту. Прымружыў і без таго невялікія, як два цвікі, вочы. Але мяне не згледзеў. Твар саракагадовага празаіка выдаваў у паўзмроку ўзнёслым. Каб не постаць спартсмена-барца, я б нават пазайздросціў ягонаму ўменню трымацца. Бо гэта самае цяжкае — трымацца нязмушана, калі ты сам або калі на цябе глядзіць шмат незнаёмых людзей. Следам за ім выйшла дзяўчына ў тонкай ядвабнай сукні з торбачкай на доўгім раменьчыку... Тэатральна ляжала на плячах вузкае белае баа. Ад аднаго выгляду яе аголеных рук і плячэй зрабілася холадна. Але здавалася, што яна холаду не адчувала.
— Выбачайце? — спыталася ў Сакавай спіны.
Той няспешна павярнуўся ўсім целам. Моўчкі агледзеў ногі, слізгануў позіркам па тонкай таліі, затрымаўся на невялікіх грудзях, што выразна акрэсліваліся пад тонкім ядвабам, спыніўся на аголеных плячах. Да прывабнага твару і доўгіх, наплоеных валасоў ён не дайшоў, відаць, вырашыў, што і так — хопіць.
Дзяўчына чакала адказу, нарэшце зразумела — марна.
— Вы,— «вы» ёй далося цераз сілу,— прыйшлі з хола, там з панам — «пан» даўся лягчэй, — вы там з панам Вадзімірам Даўгалевічам?
... — ... зноў маўчанне і нязрушны позірк.
— Можна пазнаёміць Даўгалевіча са мной?
— А нашто?
— Забіць.
— Чым? — Сак пасур'ёзнеў.
— Сваім выглядам.
— Адкуль ты такая ўзялася? — прамовіў на выдыху Мікола Сак і кінуў недапалак у калюжыну. Гэтым разам прамаўчала дзяўчына. Я не стаў чакаць чарговай фразы і выйшаў з цемры, бо ведаў дакладна — гэта будзе якаясьці брыда. А потым ён усе адно пачне заляцацца.