Выбрать главу

— Жанчына? — машынальна ўдакладніў я.

— Не,— Тэрэза Маршанская ў захапленні ад таго, што іхні план разгортваўся як мае быць, падавілася цыгарэтным дымам і закашлялася.

— Стоп,— сказаў я,— гэта чалавек, які сядзіць тут, у зале, але ён не мужчына і не жанчына?

— Пяць хвілін прайшло,— задаволена канстатаваў Сак,— крычаць праз дзевяць хвілін давядзецца так, каб пачулі ва ўсім доме і ў бары таксама.

— Гэты чалавек гермафрадыт?

— Не ведаю, не спрабаваў, але спадзяюся, што не,— не ўстрымаўся ад разгорнутага адказу Даўгалевіч.— Гражына, а ты як лічыш?

Яна ўтупіла вочы ў стол. А Сак і за ім астатнія пачалі прыхавана смяяцца. Я ўважліва зірнуў кожнаму ў вочы. Усіх, апроч Гражыны, гэта яшчэ больш падвесяліла, а яна ўпарта чакала майго пытання, бо, відаць, пралічыла яго наперад.

«Так,— падумалася мне,— калі ўсіх падвесяліла магчымасць аднаму з прысутных быць гермафрадытам, а сур'ёзнымі засталіся толькі мы з Гражынай, відаць, гэтая падначка нас дваіх і тычыцца, гэта нехта адзін з нас, толькі абрэвіятура хітра састаўлена і яе клініць на пытанні «Жанчына ці мужчына?», калі яго ставіш рубам. Паспрабую абысці».

— Вы самі вымагаеце падобных пытанняў, з пачуццевай сферы. Гражына, ты тэарэтычна можаш мардавацца з тваім «МПС»?

— З маім? — перапыталася Гражына, і ўсе насцярожыліся.— Тэарэтычна не адназначная пастаноўка праблемы,— спахапілася яна пад пільным Даўгалевічавым позіркам.— Удакладні.

— Добра, ты б магла згодна законам ці правілам фізіялогіі пераспаць з «МПС»?

— Так, гэтае сумеснае дзеянне — мяне і «МПС» — не пярэчыць правілам фізіялогіі, маім перакананням і тэарэтычна можа адбыцца,— пасля роздуму сказала Гражына.

— А ты, Мікола?

— Мне і думаць няма чаго, вядома, «так», калі «МПС» не супраць,— Сак задаволена пацер рукі.— Думай, Марцін, думай, пяць хвілін засталося.

— Атрымліваецца, што або Мікола блакітны, або Гражына мяне падманула.

— Дойдзеш да мяне па наступным коле, адкажу, а зараз рухайся далей,— Сак паглядзеў на гадзіннік і паківаў мне пальцам.

— Яны ўсе кажуць праўду?

— Так,— нейтральным голасам падаў Кяльміцкас.

— Але гэта нонсэнс? — здзівіўся я.

— Не, для «МПС» не нонсенс. Глядзі, не прадай,— Маршанскі звярнуўся ўжо да Гражыны.

— «МПС» — гэта Сак? — спытаўся я ў Тэрэзы.

— Няўжо ты лічыш мяне ананістам,— пакрыўдзіўся той.— Адказваю за сябе і за Тэрэзу: не.

Тая пацвердзіла.

— Гэта Гражына?

— Не,— Даўгалевіч паказаў мне два пальцы, што, відаць, азначала дзве хвіліны да канца гульні.

— Гэта я?

— Так,— адказала Гражына,— дарма радуешся, гульня не скончылася, ты не раскрыў абрэвіятуры «МПС».

— Ён радуецца,— убіўся Сак,— што тэарэтычная магчымасць можа стаць практычнай.

— А для цябе «МПС» — гэта Гражына? — нарэшце зразумеў я, што «МПС» можа быць для кожнага свае.

— Я гэтага і не адмаўляў, а ты кажаш: то гермафрадыт, то ананіст, то блакітны,— удаў крыўду Сак.

— Для вас «МПС» — Сак?

— Так,— Кяльміцкас позіркам падтрымаў мяне.

— «М» азначае «мой»?

— Так,— Маршанскі відавочна стаміўся і ўжо хацеў спаць.

— «П» — гэта азначэнне?

— Так,— кіўнула Тэрэза.

Давялося намысліцца, каб не трапіць з плыні «так» у плынь «не». «Якое азначэнне на «П» стасуе да мяне Гражына? — думаў я.— Да Гражыны Сак, да Сака Кяльміцкас?» У гэты час Даўгалевіч урачыста ўзняў гадзіннік над сталом — заставалася чвэрць хвіліны. І тут раптам прасвятлілася літара «С» — гэта «сусед». Мы ўсе за сталом суседзі адзін аднаму, не сябры, гэта пачуццевая катэгорыя і таму недакладная, а суседзі — геаметрычная катэгорыя, і не больш таго. Затое яна дакладна акрэслівае нашыя адносіны.

Даўгалевіч ужо ўзняў руку, каб адбіць час, а я нават не паспеў прааналізаваць, але сказаў:

— «М» — гэта «мой», «П» — «правы», «С» — «сусед». «МПС» — «мой правы сусед», для кожнага свой.

Даўгалевіч адбіў час гадзіннікавай бранзалеткай па філіжанцы і сказаў:

— Ну што ж, фокус не прайшоў, давядзецца крычаць, як дамаўляліся.

Хвілінку,— перапыніў я,— мне будзе прыемней выйсці на калідор, зачыніць дзверы і паслухаць адтуль — ці стрымаеце вы свае слова — крычаць так гучна, каб было чуваць паўсюль?

— Я б яшчэ прапанаваў віна,— развеў рукамі Даўгалевіч,— але, на жаль, з сабой больш няма, мо ты, Марцін, сходзіш да мяне ў нумар, прынясеш? Заадно паслухаеш адтуль, калі не пачуеш, паўторым. Там яшчэ есць,— ён палез у кішэню па ключы.

— Я магу адкупіцца,— Гражына паставіла на стол прыхаваную насуперак маім перасцярогам, бутэльку.— Я наогул ціхі чалавек, адна загана, што палю.