Выбрать главу

— Згодны, хаця сёння і не п'ю,— сказаў я.

Мы з Гражынай сышлі на пусты калідор, прычынілі за сабой дзверы.

Я ніяк не мог зразумець Гражыну. Спачатку мне здавалася, што яна тыповы выпадак — паэтка-студэнтка, што ўпершыню вырвалася ад бацькоў у вольнае жыццё на творчы семінар, адсюль гарантаваная няпэўнасць і непаслядоўнасць у паводзінах. Але разам з тым занадта сур'ёзны выраз твару пастаянна збіваў з панталыку. Яна часам прымала правілы флірту, часам раптоўна іх адмаўляла. Праўда, і яе сяброўскія жэсты былі на мяжы з правакацыяй. Да таго ж дзейнічала насуперак традыцыям і розуму: на людзях даволі пераканаўча ўдавала сваю прыхільнасць да мяне, нават, можа, перабольшвала, прынамсі, мне так здавалася, у бок закаханасці. Але што ўдавала — гэта дакладна, такія рэчы адчуваюцца на лік «раз».

Затое, калі мы засталіся сам-насам — адчужана, нават непрысутна зірнула праз мяне ў трэльяж і сцялася ў чаканні, хаця я быў перакананы — яна мелася сказаць мне нешта важнае, такое, на чым ёй залежала куды больш, чым на дзяжурным заляцанні. Але што магло быць паміж намі, акрамя флірту? Мы ж яшчэ і гадзіны не ведалі адно аднаго.

Да таго ж я цалкам не адчуваў з яе боку эратычных памкненняў, ніякага лібіду, якім беспамылкова кіруецца большасць мужчынаў у сваім выбары: да якой жанчыны можна наблізіцца і абняць, а якую варта абысці з незалежным выглядам на адлегласці выцягнутай рукі. Нават да самай прыгожай жанчыны, калі ў яе, сапраўды, няма ў думках спакусіць кагосьці, ніводзін разумны мужчына не падыдзе, ён адчуе гэта і, каб не выглядаць смешна, прыкінецца абыякавым — бачылі мы і не такіх! Прыгажосць і прывабнасць — гэта рэчы з асобных плоскасцяў. Адна з абсалютных катэгорый, другая з адносных.

Гражына ж тады мяне ўвяла ў зман сваёй непаслядоўнасцю, і я абышоўся з ёю лагічна, але не разважна — наблізіўся і абняў. Я страшэнна не люблю ўчынкаў, якія не маюць зваротнай сілы, якія немагчыма адрабіць назад, і пагаджаюся з імі толькі тады, калі назамен мне прапануюць такі ж самы незваротны ўчынак.

— Выбачай,— Гражына сціснула мне далонь,— ты мяне не так зразумеў, я сама не растлумачыла табе ад пачатку.

— Калі трэба нешта тлумачыць, лепш прыбяру руку.

— Не крыўдуй, я проста хацела, каб ты мне дапамог, але не паспела спытаць дазволу. Ты сам справакаваў мяне, калі зманіў, што мы знаёмыя. Можаш на людзях удаваць, нібыта мы закаханыя? Табе гэта не зашкодзіць?

— А сам-насам можна? — я ўрэшце зняў руку.

— Не ведаю, прынамсі, не цяпер і не ў гэтым доме,— Гражына вярнула маю руку на ранейшае месца, зноў сціснула далонь.

— Ты ж сама толькі што адмовіла мне,— я зірнуў на яе, як на вар'ятку.

— Хіба гэта адмова? Але раптам нехта выйдзе. Так што лепш пакінь руку. Ці табе непрыемна?

Я прамаўчаў і паглядзеў на нас у трэльяж — натуральная пара вар'ятаў, і асаблівым вар'яцтвам вылучаюся ў гэтай пары я. Адзін перад адным штыўна ўдаваць каханкаў з нагоды таго, што нехта можа нас пабачыць.

За дзвярыма пачалі скандзіраваць. І тут я нарэшце заўважыў, што на століку для лістоў ляжыць вялікая капэрта, у якіх звычайна дасылаюць часопісы. На ёй быў выклеены адрасат.

— Гладзі,— сказаў я,— мы з табой не тое каб вар'яты, але як мінімум клоуны, вось нам нехта і даслаў клоунскую кагорту, такіх памераў, каб з задніх крэслаў амфітэатра было відаць.

— Не, не нам,— запэўніла Гражына,— там выклеена адно прозвішча.

— Тады, відаць, даслалі табе, але можна ўдаць, што мы ажаніліся і ў нас адно прозвішча. Цікава толькі якое? Зараз паглядзім.

Гражына хацела стрымаць маю руку, але я выслабаніўся і ўзяў кагорту.

— Даўгалевіч,— прачытаў уголас выразаны з акадэмічнага часопіса і наклеены на кагорту радок.

За дзвярыма апошні раз грымнула:

— Мы прайгралі Марціну!

Калі з адчыненых дзвярэй вызірнуў Даўгалевіч, мы ўзорна абдымаліся. Гражына ўбачыла яго і неладробна адхіснулася ад мяне. Я зноў мала што зразумеў, але, галоўнае, адчуў шчырасць у яе паводзінах.

— Ат, мы, відаць, дарма стараліся, яны нас і не слухалі, разумею, занятак не з горшых,— сказаў дзядзька Вадзімір. З-за ягонай спіны зацікаўлена глядзеў Сак.

— Вам ліст,— я падаў,— у клоунскай кагорце.

— Нават не заклеены,— Даўгалевіч уладкаваўся за сталом.

— Дзіўна,— Гражына адпіла трохі віна. Было відаць, як яна хвалявалася (можна падумаць, што мы сапраўды каханкі, а дзядзька Вадзімір — яе муж і заспеў нас знянацку на калідоры).— Гэтая кагорта тут, у вялікай зале, глядзіцца нармальна, нібыта для яе і падрыхтаваная, а там, на калідоры, яна не стасавалася маштабам з атачэннем.

— Гэта таму, што вялікаму пісьменніку — вялікі ліст, у натуральную велічыню,— сказаў Сак.— Вы з Марцінам сапраўды драбнавата глядзеліся побач з ёй, а гэты чалавек — натуралёва.