Елі моўчкі. Раптам Даўгалевіч адклаў прыборы, адсунуў талерку і ўрачыста абвясціў:
— А ведаеце, мой юбілей на самой справе сёння!
— Чакай,— спыніў яго Эдмундас, — мне ж ужо і афіцыйнае запрашэнне прыйшло ад Саюза на твой юбілей, калі не памыляюся, то гэта роўна праз месяц?
— Афіцыйнае,— перакрывіў Даўгалевіч,— састарэў ты, Эдмундас, раней афіцыйным паведамленням веры не даваў. Паперам верыць нельга. Ну, пераблыталі мне месяцы, калі пашпарт выпісвалі. А на самой справе 50 мне сёння споўніцца, уначы. Так што запрашаю вас у госці. Да сябе ў фальварак. Ты ж, Марцін, яшчэ там не быў.
— Дзякую, але мне заўтра на семінары выступаць.
— Мы заўтра і вернемся, замоўлю таксоўкі, сто кіламетраў усяго ў два бакі. А там у мяне дом на выспе, уяўляеш, возера і маленькая выспа, навокал нікога, бліжэйшая веска і тая не на беразе, а за грэбляй, вакол адна вада. Паехалі, калі што тэрміновае ўзнікне, у мяне там рацыя есць, патэлефануеш. А лазня ў мяне якая! Парыльня, нават басейн есць.
— А ў басейне што? — спытаў я.
— Як што? Вада. А ты думаў — шампанскае?— здзівіўся Даўгалевіч.
Ад'езд прызначылі на вечар.
— Марцін, зрабі, каб і я паехала з вамі,— папрасіла Гражына,— мне гэта важна. Разумееш?
Мы разам пайшлі да Даўгалевіча, у яго сядзеў Кяльміцкас. Я пачаў плесці, быццам мы спецыяльна з Гражынай выбраліся сюды, каб пабыць разам, што ў Менску нам сустракацца не выпадае. Даўгалевіч слухаў, слухаў і нарэшце зразумеў, чаго я дамагаюся, сказаў:
— Мне здалося, што я запрасіў вас дваіх.
Гражына падзякавала і пайшла. Я ж папрасіў яшчэ ад сябе:
— Дзядзька Вадзімір, а нельга будзе так зрабіць, каб мы жылі з ёй у розных пакоях?
Нечакана для мяне з мезаніна спусціўся Сак і моўчкі стаў прыслухоўвацца да нашай размовы.
— Нешта я да канца не разумею,— сказаў Даўгалевіч.— Просіш спачатку адно, але ўрэшце твая справа, вядома, можна.
Гражына чакала на калідоры.
— Дзякуй табе, Марцін.
— Жыць мы, дзякуй Богу, будзем у розных пакоях. Толькі што дамовіўся.
— Ты сказаў яму, што мы толькі ўдаём каханне? — раптам спалохалася Гражына.
— Яшчэ не. А мне і там давядзецца ўдаваць?
— Ведаеш, я лепш табе ўсе растлумачу, каб ты болей не здзіўляўся. Толькі нікому не кажы, добра? Мне здаецца, ты павінен зразумець мяне.
— Не ўпэўнены.
— Разумееш,— Гражына ўзяла мяне за руку,— разумееш, я кахаю Даўгалевіча і хачу быць каля яго, толькі каб ні ён, ні хто другі пра гэта не здагадваліся. Я кахаю яго. Глупства, праўда? Але што зробіш? Мне неабходнае прыкрыцце — ты.
— Клінічны выпадак,— я паціснуў плячыма,— але, сапраўды, што ўжо зробіш? Спадзяюся, спакушаць яго ты не збіраешся, каб Даўгалевічу не давялося потым прасіць прабачэння за тое, што адбіў у мяне дзяўчыну.
Каб не ствараць ажыятажу наконт ад'езду, мы нікога не папярэдзілі. Ужо пад вечар дзядзька Вадзімір прыгнаў з Менска дзве таксоўкі, наладаваныя бутэлькамі і харчам. Ён пакінуў іх на шашы і патэлефанаваў кожнаму з нас з бара.
Сустрэліся на дарозе. Выбіраліся з лесу па адным.
Эдмундас Кяльміцкас у плашчы, са стэкам і доўгім муштуком выглядаў вельмі эфектна.
Сямён Маршанскі нёс з сабою дыпламат, які адмовіўся класці ў багажнік, а калі сеў у машыну, то прыціснуў яго да сябе аберуч. Ягоная жонка, Тэрэза Маршанская, наадварот, здавалася, зусім не брала пад увагу вартасць сваёй валізкі, хаця, відаць, там былі вечаровая сукня, касметыка, чаравічкі і ўсе астатняе для таго, каб жанчына магла адчуваць сябе ўпэўненай, нават на бязлюднай выспе. Мікола прыхапіў з сабой адно пляскатую поліэтыленавую торбу, з якой вытыркаліся матузы ручніка. Гражына ж адразу апранулася, як на баль: жоўтая ядвабная сукенка, функцыя якой была, здавалася, больш агаляць, чым прыкрываць, белае баа, святочныя басаножкі на босую нагу, заўсёдная зялёная торбачка і доўгая парасолька на рэмені цераз плячо — не раўнуючы, стрэльба.
Даўгалевіч сеў за Маршанскім у першую машыну, да іх далучыліся Кяльміцкас і Сак. Нам дасталася другая машына, на пярэднім сядзенні села Тэрэза. Першыя кіламетры мы яшчэ трохі перакідваліся рэплікамі. Але потым далося ў знакі, што напярэдадні я спаў самае большае гадзіны са тры. Прылёг галавой Гражыне на калені, дзякуй Богу, пярэчыць ёй пры Тэрэзе не выпадала, і заснуў.
Мне прыснілася пахаванне. Натоўп. Мы з Гражынай узбіліся на парапет Дома літаратара, на ёй тая ж сукенка і толькі баа чорнае. Чамусьці першымі з дзвярэй выходзяць аркестранты, трубы фальшывяць і блішчаць на асеннім сонцы фальшывым жа золатам, за імі выносяць вянкі, замыкае працэсію пахавальная каманда: Кяльміцкас, Сак, Маршанскі і Даўгалевіч нясуць труну, побач ідзе Тэрэза ў жалобным уборы. Натоўп падаецца ў бакі. Жанчыны галосяць. Чамусьці усе нашыя, і Мікола, і Эдмундас, і Гражына, у чорных акулярах. Аркестр змаўкае, труну падносяць да аўтобуса, чакальна адчынены люк. Чацвёра мужчын асцярожна стаўляюць на асфальт пустую труну. Даўгалевіч здымае акуляры і глядзіць на людзей, усе глядзяць на яго і чакаюць. Ён няспешна кладзецца ў труну, скрыжоўвае рукі і нерухомее. Натоўп зноў запаўняе праход, і я больш нічога не магу разглядзець. Аўтобус паволі ад'язджае.