Калі я прачнуўся, ужо звечарэла, брукаванка ў старых прысадах агінала возера, што раз-пораз узнікала ў лясных прагалах. Пярэдняя машына падміргнула паваротам, скінула хуткасць: звярнула ўлева.
Таксоўкі адна за адной з'ехалі спадзістым адхонам да возера. Адначасна, як на парадзе, развярнуліся і спыніліся перад вузкай палоскай пясчанага пляжа. Калі ўсе павыходзілі з машын на невялікую лапінку зямлі, заціснутай з бакоў лесам, сталася нават цесна. Затое за пляжам разляглася абмежаваная адным толькі туманам сумна-шэрая паверхня азёрнай вады. Запаволена-марудныя хвалі бязгучна краналі бераг, змушана пагойдваліся навязаныя да масткоў чаўны і катэр пад чахлом.
Даўгалевіч на некаторы час ажыў, стаўся рухавым. Ён пацягнуў следам за таксістамі, наладаванымі кардонкамі, важкую скрыню з гарэлкай. Я перахапіў адзін край скрыні, глуха, як камень аб камень, адгукнулася шкло поўных бутэлек.
— Дзядзька Вадзімір, дайце дапамагу.
— Піць? Ці несці? — Даўгалевіч асцярожна выпусціў з рукі край скрынкі. — Ты, Марцін, сабе толькі ўяві, што ўсе гэта мы мусім выпіць. — Ён кіўнуў на закладзеную ў два слаі размаітымі бутэлькамі і пляшкамі скрыню.— Паглядзі на іх усіх і ўяві сабе — кожнаму запхнуць у страўнік па дзве, а каму і па тры бутэлькі, ды яшчэ закуску зверху. І дзе яно ўсе там падзенецца?
Я азірнуўся — густы туман шматкамі наплываў на масткі, і людзі каля машын з запаленымі фарамі то знікалі, то прамалёўваліся скрозь шчыльны вэлюм, што адліваў штучным золатам электрычнага святла. Калі мы з Даўгалевічам вярталіся па хісткіх мастках да берага, нечакана туман пагусцеў і дошкі насцілу зніклі ў вільготнай белі. Я спыніўся і выцягнуў руку — яна па локаць правалілася ў туман. Адно жоўтымі шарамі ледзь заўважна прабіваліся фары.
— Марцін,— Даўгалевічавы крокі сціхлі,— відаць, тое ж самае бачаць людзі пасля смерці. Пра чарнату, што валіцца на іх знянацку — гэта лухта, чарната — нешта, яна існуе, яе хоць пабачыць можна. А вось такая цвілая дрэнь — сапраўднае нішто, нават нельга згледзець уласных ног.— Даўгалевіч зрабіў колькі крокаў, масткі захісталіся.
— Лепш пастойце,— я спрабаваў разгледзець у сувоях туману ягоную постаць,— бо ўпадзяце, а тады і не ведаю, як вас буду выцягваць.
— Ты яшчэ панепакойся аб тым, як мяне хаваць будзеш.
— Калі такім туманам уваліцеся ў ваду, то хаваць, баюся, не давядзецца, растварыцеся і нат слядоў не пакінеце.
— Ведаеш,— спачатку з туману ўзнікла адна толькі рука, а потым і сам Даўгалевіч, але толькі па пояс,— у такіх дурных абставінах з'яўляюцца дурныя думкі, нібыта які чорт пад руку штурхае. Вось падумалася раптам: а што, калі зараз ціхенька да цябе падысці ды папіхнуць у ваду? Ледзь не на вачах ва ўсіх. І забіць, беспакарана. Маўляў, сам уваліўся. І не давядзе ж ніхто, можна нават яшчэ і папіхнуць нагой, каб напэўна. А потым сказаць, што выцягнуць хацеў, ды не атрымалася. Шкада толькі, гэта ты, Марцін, са мной тут стаіш, а каб хто другі з тых, мо і наважыўся б. Ёсць тут такія — і забіць не грэх.
— А калі не вам першаму такая думка ў галаву прыйдзе?
— Не думаю, я ж ім усім ведаеш як неабходны?
Туман разрэдзіўся знянацку, як і сканцэнтраваўся.
Маршанскі, які глядзеўся на пляжы ў сваім доўгім плашчы ды наваксаваных чаравіках даволі дзіка і недарэчна, паклікаў да сябе таксістаў.
— Трымайце,— ён працягнуў дзве дваццацьпяткі,— гэта, што ад нас належыць па спідометры, і дзве дзесяткі — гэта зверху, за туман і паслугі.
— Ат, нічога ты ў людзях не разумееш,— Даўгалевіч падышоў да іх. — Не ўмееш ты аддзячыць, што ім тут твае грошы. Грошы не падарунак,— ён расчыніў сумку і выняў дзве пляшкі віна. — Трымайце, хлопцы, вып'еце за маё здароўе і за здароўе гэтага,— ён кіўнуў на Маршанскага,— хаця і мой сваяк, але ж дурань. Так што не звяртайце ўвагі.
Машыны адначасна крануліся з месца і паступова расталі ў тумане.
— Чакайце, я прывяду тутэйшага Харона,— Даўгалевіч паставіў валізку на траву, палез на насып.