— Глядзіце,— Гражына ўстала, і човен захістаўся на спакойнай, як паліраваны камень, вадзе,— глядзіце — выспа.
У разрывах туману прамалёўваліся бясколерныя абрысы дрэў.
Масткі прычала ўзвышаліся на аксамітных ад імху палях, апошняе перад змярканнем святло надавала ім шляхетнасці. Дом пад высокім паўвальмавым дахам стаяў звернуты да возера прыбудовамі, недалёка ад вады высілася гафтаваная крыж-накрыж з неакораных бярозавых бярвенняў вежа з цыстэрнаю на версе. Брукаваная сцежка вяла ад масткоў у абход невялікага гаю. Нават у паўцемры і тумане я ўбачыў другі бераг выспы, такая яна была невялікая.
Мы з Эдмундасам выцягнулі скрыні, дапамаглі выйсці жанчынам. І мужчына на чоўне знік у тумане.
Тэрэза адамкнула дом сваімі ключамі, запаліла газнічку, і чэзлае святло акрэсліла гасцёўню: стол пад абрусам, буфет, поўны посуду, фісгармонія, зброя на сцяне: паміж паляўнічых нажоў і дзідаў віселі звычайныя нажніцы, каля канапы стаяў радыётэлефон. З-пад часопіснага століка да яго цягнуўся дрот ад танкавага акумулятара.
З гасцёўні дзверы вялі на асобны калідор. Там адно паблісквалі клямкі замкоў і шары парэнчаў — сходы на мансарду.
Тэрэза пачувалася тут як у сваёй хаце. Зняла нажніцы са сцяны і выйшла на двор. Неўзабаве яна вярнулася з букетам кветак. Мы з Гражынай тым часам перасцялілі абрус другім бокам. Буйныя кветкі ў вялікай керамічнай вазе глядзеліся вельмі прыстойна.
— Як хто, а я заўсёды зразаю кветкі нажніцамі,— Тэрэза павесіла іх на старое месца,— бо нож мяне палохае, і тады здаецца, што я забіваю кветкі, а так нібыта кравецкая прылада. Калі есць жаданне куды патэлефанаваць, калі ласка,— Тэрэза эфектна шчоўкнула тумблерам, запалымнела чырвоная кропка індыкатара. Накруціла дыск. У цішыні было чуваць, як штучны голас у трубцы абвясціў, што зараз дзевятнаццаць гадзін пяць мінут.— Я пайду наверх, да сябе.— Тэрэза ўціснула трубку ў корпус рацыі.
Калі зноў прыплыў човен, было ўжо зусім цёмна.
Адно месяц і ліхтар на фарштэўні чоўна падфарбоўвалі туман.
Мы з Гражынай стаялі на мастках прычала. Дзядзька Вадзімір трохі пашаптаўся з перавозчыкам. Той згодна кіўнуў і адштурхнуўся вяслом.
— Не, не сюды,— Даўгалевіч вярнуў Маршанскага са сцежкі,— праз гаек бліжэй.
Мы пайшлі за ім следам. Дзядзька Вадзімір вырваўся наперад, потым раптоўна спыніўся:
Асцярожна, тут нацягнуты дрот,— і ледзь бачны ў д'ябальскім асвятленні, пералез, высока падымаючы ногі, цераз незаўважную для нас перашкоду.
Я асцярожна наблізіўся, павадзіў рукамі перад сабою, поруч шукалі Маршанскі і Сак. Гражына чакала.
— Ну што? — Даўгалевіч нецярпліва прыспешваў нас,— не можаце знайсці? Сямён, бліжэй, вось тут, няўжо не бачыш? '
— Нашто табе тут дрот? — Сак шукаў і не знаходзіў, дарэчы, як і я з Маршанскім.
— Гэта ўжо іншае пытанне,— Даўгалевіч засмяяўся,— калі б я не папярэдзіў, а вы сабе ішлі, то патрапілі б дакладна — тварам у глебу. Нашто дрот, пытаешся? Для такіх, як вы. Скажыце дзякуй Гражыне, што вас з-за яе пашкадаваў, папярэдзіў. Ну вось жа ён, Сямён, я яго ў руках трымаю. Адчуваеш? Знайшоў? >• *
— Здаецца... Так... — няпэўна адказаў Маршанскі.
— Вось гэтага я і чакаў,— Даўгалевіч ужо не . сцішваў смеху,— ды няма тут ніякіх дратоў, нашто ён мне? А ты, Сямён, не вытрымаў першы. Знайшоў, чаго няма. Табе сказалі, ты і даў веры. А праўда ж, уражвае? І да галавы не прыйшло вам, што я магу цераз пустое месца пералазіць. І прызнацца цяжка кожнаму, што не знайшоў. Добра, выбачайце за жарт. Пайшлі. Нічога, зараз завяду электрастанцыю, будзе светла, лазню напалім, папарымся і за стол.
Дробна заспяшаўся пускавы рухавік, узвыў дызель, і ўвесь дом запалымнеў святлом. На першым паверсе ўспыхнулі фарбы ўжо трохі знаёмай мне вялізнай гасцёўні. Шырокія, на дзве паловы, дзверы выходзілі на калідор. Насупраць іх, побач са сходамі на мансарду, дзверы ў лазню, на кухню і на двор, пад сходамі кладоўка.
Сак паспеў ужо нанасіць дроў і распальваў парагенератар. Жанчыны пазвоньвалі посудам на кухні. Мы з Эдмундасам распалілі грубку і каміны. Цяпло паволі запаланіла дом. Знікала вільгаць. З'яўляліся на буфеце ў гасцёўні салаты, вазы з садавінай, стосы чыстых талерак.
Спачывальні на мансардзе. Сходы, доўгі калідор, шэсць аднолькавых, як у гатэлі, дзвярэй на два бакі. Вялізнае, на ўсю сцяну, шасцікутнае акно-разетка замыкала перспектыву. Даўгалевіч стрымаў слова і пасяліў нас з Гражынай асобна, але дзверы ў дзверы.