Уяўляеце сабе трагічны лес: маладога, папулярнага мастака забіваюць ворагі. Такія выпадкі могуць нараджаць рэвалюцыі. Ягонае імя робіцца легендай, смерць набывае абагульненне. А нам сёння практычна не пагражае трагічны лес, улады цудоўна пралічылі сітуацыю, раней за нас. Лепш і бяспечней не забіць свайго ворага, нават калі яго ненавідзіш, а даць яму ордэн, званне і знішчыць яго тым самым як праціўніка, ён ужо ніколі не стане сапраўдным героем, вакол ягонай смерці ніколі ўжо не згуртуецца нацыя. Беларусы спазніліся, мы ўпусцілі свой шанц згуртавацца ў часы трагічных падзей, войнаў, рэвалюцый і паўстанняў. А зараз час рэанімацый і шпітальных ложкаў, а не час стварэння герояў і штандараў. Але нам яшчэ дадзены шанц, бо галоўнае не падзея, а легенда, паданне, тое, што застанецца, тое, што людзі будуць пераказваць адзін аднаму. Не мае значэння першааснова такога падання, яе можна і прыдумаць, стварыць. Мы ўсе тут пісьменнікі, і мне здаецца, варта паспрабаваць хаця б у літаратуры зрабіць такі вобраз, вобраз святога пакутніка-беларуса з класічным наборам трагедыйнай героікі. Давайце, калі вернемся на семінар, паспрабуем разгарнуць гэтую ідэю. Ты ж, Эдмундам можаш пацвердзіць, у твайго народа багаты вопыт, вы, літоўцы, самі прыдумалі сваю гісторыю, дакладней, пазычылі ў нас і ўзняліся на гэтым.
— Выбачай,— Сак нетактоўна перабіў Даўгалевіча,— лазня выстыне, не апошні дзень жывем, паспеем дамовіцца.
Даўгалевіч перавёў дыханне, і адразу кінулася ў вочы, што ён ужо трохі п'яны, зрабілася зразумелай ягоная ўзнёслая не да часу прамова.
— Добра,— сказаў ён,— бярыце ручнікі, прасціны. Пойдзем у лазню.
Гражына забегла да мяне.
— Марцін, памятаеш, я цябе прасіла,— яна казала ўсхвалявана, і было відаць, што ёй гэта сапраўды важна,— зараз самы стасоўны момант. Даўгалевіч сам на падпітку. Зойдзем да яго, і ты папросіш перапісаць мой верш. Потым я ад цябе ўжо нічога патрабаваць не буду.
— Давай,— я перакінуў ручнік цераз плячо,— будзем лічыць, што так я аддзячу дзядзьку Вадзіміру за той дрот у цемры. Розыгрыш за розыгрыш.
Даўгалевіч уважліва выслухаў мяне, адсунуў свой дзённік на край стала, паклаў паверх яго шыла.
— Кажаш, хочаш мець мой аўтограф? — спытаў ён у Гражыны.— Толькі нашто перапісваць твой верш? Можа, лепш пачакаем, я табе свой напішу, прыдумаю і напішу?
— Баюся, падысці другі раз у мяне не хопіць нахабства,—. Гражына падала Даўгалевічу аркуш стэрыльна-бел ай шчыльнай паперы, фламастэр, картку з перадрукаваным сваім санетам.
— Як хочаш,— Даўгалевіч прабег вачыма радкі,— ты ведаеш, не сорамна і сваёю рукою перапісаць. Не забудзься толькі на тое, што я сёння казаў, паспрабуй напісаць пра святых пакутнікаў,— ён упэўнена вывеў У правым верхнім рагу «Гражына», перапытаў і дапісаў: «Логвін». Радкі санета выцягваліся адзін пад адным. Унізе ён з нахілам накрэсліў: «Аўтэнтычнасць пацвярджаю. Вадзімір Даўгалевіч». І дата.
Мы зайшлі да Гражыны, яна таропка адрэзала манікюрнымі нажніцамі свае імя і прозвішча. Я ўрачыста спаліў папяровую стужку ў попельніцы.
— Ну што, зрабіла сваю чорную справу? Да смерці будзеш мне абавязаная.
Гражына моўчкі схавала аўтограф да сябе ў торбачку, узяла ручнік і пацалавала мяне ў шчаку. На калідоры нас перастрэў Даўгалевіч у шаўковым усходнім халаце. У руках ён трымаў чатыры бутэлькі: тры віна і адну гарэлкі.
Лазня была шыкоўная: асобная парыльня, невялікі басейн, выкладзены кафляй, і душ. Першымі распрануліся ў прылазніку мужчыны. Даўгалевіч урачыста павесіў свой халат, Сак акуратна паклаў на лаўку пад сцяну, каб нікому не замінаць, скручаны ў трубу ручнік.
— Ты ведаеш, Вадзімір,— Кяльміцкас азірнуўся, яны з Маршанскім распраналіся на другім баку прылазніка,— усё-такі добра ты зрабіў, што затрымаў нас з ад'ездам. Я ўпершыню пасля дзяцінства не спяшаюся. У гэтым есць свой прывабны бок. Мяне нават не цікавіць, якая зараз гадзіна.
— Гэта добрая падстава, каб потым распачаць бутэльку, не забудзься нагадаць, пайшлі,— Даўгалевіч першым увайшоў у лазню, пакінуў бутэлькі на стале, недалёка ад басейна.
Пара зрокава пашырала прастору цеснай парыльні і нагадвала туман.
— Можаце заходзіць,— крыкнуў Даўгалевіч жанчынам, што чакалі ў прылазніку, покуль мы аслабанім душ,— можаце заходзіць! — і зачыніў за сабою дзверы.