Выбрать главу

Я колькі пасядзеў на ніжняй прыступны. Гарачыня запавольвала думкі, я адчуў, што ўжо ап'янеў. Сак з Даўгалевічам сядзелі на самым версе.

— Нашто Мікола падліваў яму да лазні? — упаўголаса сказаў Маршанскі,— Даўгалевіч жа п'яны.

— Не вучы нас жыць, гэта не ён мяне спойвае, а я яго,— Даўгалевіч плескануў вады на парагенератар.

Я адчуў задушлівую гарачыню і зразумеў: яшчэ хвілін пяць тут вытрымаю, але не болей. Пагрукаў у дзверы. Прыслухаўся. Як залева, шумеў душ. Ніякай рэакцыі.

— Гражына! — паклікаў я.

— Што? — душ сціх.

— Вы яшчэ доўга?

— А табе калі трэба? Як будзем сыходзіць, пагрукаюся да вас у дзверы,— зноў палілася вада.

— Нешта і мне не вельмі,— дзядзька Вадзімір спусціўся на прыступку ніжэй.

Нарэшце пачулася — грук, грук.

— Мы пайшлі, сустрэнемся пры стале.

Цёплы душ змыў шампунь, а халодны паступова вяртаў упэўненасць і цвярозасць. Я ўсё мяняў ваду то з гарачай на халодную, то наадварот, чакаў, калі аслабаніцца басейн.

Першым з яго выйшаў Даўгалевіч, за ім Сак. Яны захуталіся ў прасціны і падселі да стала. Віно напоўніла шклянкі. Я адмовіўся. Вада ў басейне была ні халоднай і ні гарачай. Тэмпература проста не адчувалася. Цела страціла вагу, я паклаў руку на парэнчы і заплюшчыў вочы.

Да размовы за сталом не прыслухоўваўся. Яна гучала для мяне агульнай, пазбаўленай сэнсу гукавай плынню. Галасы зліваліся з пругкім, які можа быць толькі ў лазні, рэхам, шумам вады.

— Гэй, Марцін,— крыкнуў Маршанскі,— цябе Гражына нешта да дзвярэй кліча.

Я накінуў прасціну і падышоў да дзвярэй.

— Марцін? — пачуўся Тэрэзін голас.

— Так.

— Паспрабуйце пераканаць Вадзіміра, каб болей не піў. Халодная вада і тая наўрад яго працвярэзіць. Я баюся, што святочная вячэра не заладзіце.

— Дарма вы хвалюецеся, здаецца, усе нармальна,— я азірнуўся і зразумеў, што Тэрэза мела рацыю, відаць, такое надаралася не ўпершыню, і яна ведала ўсе наперад — усе расклады.

— Карацей, я папрасіла — трэба зрабіць.

Гражына з Тэрэзай пачалі гаварыць пра нешта свае, раз-пораз чуліся словы «шпацыр» і «ўчасанне».

Угаворваць не піць нікога не давялося, бо ў апошняй бутэльцы засталося мо толькі шклянка сухога віна. Гэтая колькасць прынесці якія-небудзь якасныя змены, вядома, не магла.

Сак з Даўгалевічам былі ўжо на добрым падпітку. Па Маршанскім меркаваць штосьці было цяжка, ён нерухома сядзеў з заплюшчанымі вачыма.

— Не хвалюйся,— запэўніў мяне Даўгалевіч,— халодная вада алкаголь выб'е, і будзем цверазейшыя за цябе. У гэтым самы смак: выпіў — працвярэзіўся, выпіў — працвярэзіўся. Усе нармалева.

Кяльміцкас сышоў першым. Я яшчэ трохі пасядзеў, каб пераканацца, што бутэлька віна сапраўды апошняя. Калі сумненняў не засталося, падаўся і я.

У гасцёўні сядзелі жанчыны разам з Эдмундасам і раскладалі пасьянс. Я прынёс паперу, аловак, і мы распісалі партыю ў вясковы віст.

Гражыне, якую мы толькі за гэтым сталом навучылі правілам, пайшла карта. Яна складала крыжыкамі біткі і кожны новы кон кранала рукою нефарбаванае дрэва, каб не сурочыць. Неўзабаве да гульні далучыўся Маршанскі.

— Як там Вадзімір, адышоў? — спытала Тэрэза.

— Заснуў,— Маршанскі здаваў карты і нават не глядзеў на іх,— але нічога, з ім там Мікола, гэты працверазеў, абяцаў, што калі Вадзімір праспіцца хвілін дзесяць, то загоніць яго ў халодную ваду. Не хвалюйся, Тэрэза, галоўнае, што там няма больш чаго піць.

— Бяру тры з сямі. А ты, Сямён? — падала Тэрэза.

— Пас, вістуй, Марцін.

Я зірнуў на іх твары, каб зразумець, колькі бітак абяцаць мне, і раптам заўважыў, як з прачыненых дзвярэй лазні пільна прыглядаўся да нас Сак.

— Таксама пас, лепш я перабяру, але вам гульню падпсую.

Дзверы ў лазню зачыніліся.

У самай сярэдзіне другога кона ў дзвярным праёме прылазніка з'явілася постаць Даўгалевіча — на галаве нядбайна накручаны ручнік, доўгі, з настаўленым каўняром усходні халат. Зразумець ягоны твар — цвярозы ці п'яны — было немагчыма. Святла ў калідоры не было, лямпачка свяціла з-за спіны, з прылазніка. Усе, хто быў за сталом, моўчкі глядзелі, як ён даволі цвёрдаю хадою ўздымаўся на мансарду.

— Нічога, збольшага Вадзімір, відаць, ачомаўся, вячэра не адмяняецца,— Маршанскі зайшоў з віновага туза.

Не паспела Гражына выйграць і гэты кон, як па сходах зноў прамільгнуў усходні халат і той жа ручнік, прычыніліся дзверы прылазніка. Выразна бліснула заціснутая ў руцэ бутэлька віна. З-за дзвярэй адразу пачуўся Сакаў голас:

— Не, Вадзімір, зараз больш піць не будзем, ну, вось добра, што бутэльку аддаў, я яе на стол лепш занясу, а ты яшчэ трохі пасядзі, потым душ прымеш, акрыяеш.