Выбрать главу

Ніхто не запярэчыў. Адна толькі Маршанская зірнула на мужа, нібыта шукаючы пацвярджэння.

— Дык вось, мы спявалі за зачыненымі дзвярыма, першым сюды, хвілін праз дваццаць, спусціўся Эдмундас. Падыходзілі астатнія, садзіліся і слухалі. Неўзабаве сабраліся ўсе, акрамя Даўгалевіча. Я спытаўся, дзе ён. Ты, Гражына, сказала, што наверсе яго няма. Тады Эдмундас зазірнуў у лазню.

Адсюль вынікае — Даўгалевіча забілі пасля таго, як усе разышліся і ты, Марцін, прычыніў дзверы на калідор, і да таго, як усе сабраліся ў гасцёўні за сталом. Я і Марцін адзіныя, хто быў гэты час тут і нікуды не выходзіў, вы ж самі пацвярджэнне, што чулі музыку і спеў. Вось чаму я сказаў — ні я, ні Марцін забіць не маглі, тут нават не бяру пад увагу этычны бок справы, ні я, ні ён не маглі гэтага здзейсніць чыста тэхнічна, бо не выходзілі з залы пад час забойства.

— Атрымліваецца, і я магла забіць Вадзіміра?! — Тэрэза Маршанская рэзка ўстала з-за стала, яе крэсла пахіснулася і глуха ўпала на дыван.

— Я ўжо сказаў, што этычны бок справы пакуль што не бяру пад увагу, толькі тэхнічны. Супакойся, калі мы пачнём зараз кідацца адзін на аднога, лягчэй ад гэтага не стане. Мне баліць не менш, чым табе. Сядай.

— Хто ты такі, каб кідаць мне папрок? Ды які папрок? — вінаваціць у забойстве Вадзіміра. Мяне? — Маршанская ўсперлася рукамі ў стол і падалася наперад.

— Я такі ж самы сябра Даўгалевіча, як і ты, толькі ніколі не здраджваў яму. І яшчэ я той, хто не мог

яго забіць.— Сак спакойна сеў у крэсла і закінуў нагу за нагу.

Гражына асцярожна кранула Тэрэзу за руку:

— Сядайце, сапраўды ён мае рацыю, лепш ад гэтага не будзе.

— Вось чаму я і наважыўся ўзяць на сябе такую адказнасць — паспрабаваць правесці следства і знайсці забойцу,— Сак нечакана грымнуў кулаком па стале,— бо гэта злачынства супраць культуры,— яшчэ раз грымнуў кулаком,— супраць беларускай нацыі, і забойца, перш чым адказаць перад судом, адкажа перада мной! — Сак на хвіліну перавёў дыханне і далей працягваў ужо без крыку, адно што ягоны твар заставаўся страшным. — Я з гэтага моманту праводжу следства, раю са мною быць шчырымі і нічога не ўтойваць, бо мы людзі аднаго кола і можам паразумецца. Мяне цікавіць адно — знайсці забойцу, разлічыцца з ім. Усе падрабязнасці з асабістага жыцця мяне цікавяць толькі з гэтага пункту гледжання і застануцца між намі. Горш, калі ўсе памылковыя версіі будуць фігураваць на судзе. Гэта як мінімум абраза памяці Даўгалевіча, якая належыць не нам, а ўсей нацыі. Няхай маім памагатым у гэтай святой справе будзе Марцін. Прашу ўсіх заставацца ў гасцёўні. Мы з Марцінам пойдзем у Даўгалевічаў кабінет, і там з кожным я буду размаўляць паасобку. Я яшчэ раз прашу нікога не крыўдаваць і быць шчырымі. Забойца сярод нас, і наш абавязак выкрыць яго. Праз пяць хвілін ты, Гражына, падыміся да нас, як выйдзеш, паклічаш наступнага, я скажу каго. Пайшлі, Марцін, нам яшчэ трэба дамовіцца.

Мы з Сакам узняліся стромымі сходамі на мансарду. Доўгі калідор, падзелены частымі вертыкалямі дзвярэй, упінаўся ў шасцікутнае акно.

У кабінеце мы моўчкі паскладалі чыстыя паперы ў шуфляды. Сак сцягнуў з шафы пустую кардонную скрыню з-пад тэлевізара, і мы яе наладавалі акуратна падпісанымі папкамі з рукапісамі.

— Дзе ляжаў апошнім часам дзённік? — Сак адцягнуў скрыню пад сцяну, бліжэй да дзвярэй.

— На стале, ляжаў разгорнуты. Я сюды заходзіў перад лазняй з Гражынай. Дзядзька Вадзімір якраз сядзеў і рабіў запіс. Так што дзённік забойца сцягнуў да прыходу Гражыны, зайшоў, калі мы спявалі на нізе, спакойна ўзяў са стала і пайшоў. А Гражына спазнілася, бо нашто ёй тады было выкідаць начынне з шуфлядаў, калі дзённік ляжаў навідавоку.

— Памыляешся,— Сак сеў на канапу,— Даўгалевіч яшчэ раз заходзіў у кабінет, па віно, і мог дзённік перахаваць у тыя ж шуфляды. І дарма ты яе так бароніш — тваю дзеўку. Мне куды лягчэй падазраваць яе, чымсьці тую ж Тэрэзу, якую ведаю яшчэ з інстытута.

— Таму і бараню, што табе лягчэй. І наогул, ці маем мы маральнае права судзіць астатніх толькі на той падставе, што былі разам пад час забойства? Для іх мы маглі дамовіцца — я пайшоў забіваць, а ты падсеў да фісгармоніі — граў і спяваў, каб усе чулі. Я забіў Даўгалевіча, схадзіў па дзённік, спаліў яго і вярнуўся. А потым мы з табой разам згулялі камедыю, калі злавілі Гражыну ў кабінеце.

— Не атрымліваецца,— Сак прыпаліў і кінуў запалку ў камін,— я не ўмею граць на фісгармоніі, а ты не можаш добра спяваць. І наогул, няўжо ў выпадковага следчага больш маральных правоў разбірацца ў смерці дзядзькі Вадзіміра, чым у ягоных сяброў?

— У сяброў? Не забывайся, адзін з іх забойца.— Я таксама запаліў. Цесны кабінет адразу зацягнула дымам, але пакрысе ён стаў знікаць у каміне.