Выбрать главу

— Акрамя нас, акрамя нас. Вось адкуль ідзе нашае права. — Сак раптам перайшоў на шэпт. — Ведаеш, Марцін, ты вазьмі ручку і паперу — будзеш занатоўваць за кожным асноўныя дэталі. Пытанні я ўжо прадумаў, калі хадзіў па выспе.

На калідоры пачуліся прыглушаныя ходнікам крокі. Увайшла Гражына.

— Я не зарана?

Сак моўчкі паказаў рукой на пустое крэсла перад камінам.

З хвіліну мы маўчалі. Гражына то расшпільвала торбачку, то зашпільвала, нарэшце павесіла яе на спінку крэсла і скрыжавала рукі

— Імя і прозвішча? — Сак збіў попел на далонь.

Гражына ўзяла са стала цыгарэты, я ей паднёс запалку. Глыбока зацягнулася і сказала:

— Мае? Гражына Логвін.

— Гэта ж літаратурны псеўданім.

— Не толькі: па пашпарце і па літаратуры супадаюць.

— Узрост?

— Дваццаць два.

— Занятак?

— Паэтка.

— Яшчэ што?

— Вучуся, трэці курс філалогіі, універсітэт. Жыву ў Менску, з бацькамі. Са шкодных звычак, як бачыце — паленне і алкаголь. Антрапалагічныя дадзеныя вас таксама цікавяць? Магу падаць.

— Як ты трапіла на семінар?

— Нарэшце бліжэй да справы. Ад Саюза пісьменнікаў. Даведалася, што адбудзецца семінар, на якім адным з кіраўнікоў Даўгалевіч. Прыйшла і папрасіла, каб мне далі накіраванне.

— Каго з прысутных на выспе ведала да прыезду на семінар?

— Асабіста аднаго Марціна, мы сустракаліся раней. Астатніх, апроч Кяльміцкаса, якога ўбачыла ўпершыню, ведала завочна, па публікацыях.

— Як ты трапіла сюды, на выспу?

— Разам з усімі, на таксі, далей на чоўне.

— Я маю на ўвазе, хто запрасіў цябе.

— Калі ты, Марцін, дазваляеш, я раскажу.

Я не запярэчыў, і Гражына працягвала:

— Спадзяюся, пан Сак заўважыў, у нас з Марцінам адносіны больш чым сяброўскія. Ён прадставіў мяне Даўгалевічу як сваю каханку, і той запрасіў мяне на свой юбілей. Гэта, дарэчы, адбывалася пры сведках — Кяльміцкас быў побач.

— Наколькі я ведаю, у Марціна есць сяброўка ў Менску, з якой ён нават збіраецца ажаніцца.

— Не ведала,— Гражына зірнула на мяне.

— Паслухай, Сак,— я адклаў ручку набок,— я ведаю ў Менску як мінімум трох дзевак, з якімі ты збіраешся ажаніцца, прынамсі, яны так думаюць, але гэта табе не перашкаджала заляцацца да Гражыны, пакуль я не сказаў табе пра нашыя адносіны. Да забойства гэта мае такое дачыненне, як і колер яе вачэй.

— Дарэчы,— Сак прымерыўся і пстрыкнуў недапалкам у камін, патрапіў,— а сапраўды, які колер яе вачэй? Толькі не паварочвайся.

Я глянуў, але Гражына нерухома сядзела спінай да мяне. Так, падумалася мне, каштанавыя валасы, жоўтая сукенка і зялёная ў залатыя жарынкі торбачка, на колер баа можна не зважаць, такія рэчы не купляюць у тон да нечага, прынамсі, студэнткі.

— Карыя,— нарэшце сказаў я.

— Ды не,— Сак уздыхнуў,— зялёныя, а вы мне пра каханне. Ды я хоць зараз тых трох дзевак, што ты згадаў, да драбніц успомню. Вось і атрымліваецца — не каханка, а палюбоўніца, у лепшым выпадку. Але так і так не стасуецца. Чаму ты, Марцін, папрасіў Даўгалевіча пасяліць вас у розных пакоях? Тое ўжо пры мне было.

— А вось тут,— гэтым разам уздыхнуў я,— ужо табе, Сак, будзе цяжка зразумець, нават немагчыма. Колькі ні тлумач. Лягчэй зайсці з другога боку: дзядзька Вадзімір здзівіўся маёй просьбе? Ты ж быў пры гэтым — не, не здзівіўся. Для яго такія расклады былі нормай. Вось і ты лепей не здзіўляйся, а бярыся бліжэй да справы.

— Добра, ты толькі занатуй гэты момант,— Сак выпрастаў ногі і адкінуўся на спінку, нібыта зараз больш не збіраўся пытацца, а толькі слухаць.— Узнаві, калі ласка, падзеі з таго моманту, як ты сышла з лазні, і да таго, як даведалася, што Даўгалевіч забіты.

— Нарэшце,— Гражына ўзяла са стала яшчэ адну цыгарэту і прыпаліла яе ад папярэдняй,— трэба ўпарадкаваць думкі, бо гэта сапраўды важна.

Гражына пераклала цыгарэту з адной рукі ў другую, потым пачала загінаць пальцы, бязгучна варушыць вусны. Святло ад настольнай лямпы пульсавала ў такт хваравітаму гуку рухавіка электрастанцыі, і цені на сцяне рабіліся то больш, то менш кантрастнымі. З прачыненых дзвярэй дасягалі неакрэсленыя, прыцішаныя галасы.

За высокім фігурным акном мансарды клубіўся падсвечаны знізу туман. Яго пульхкія пратуберанцы часам уздымаліся да самага шкла. Туман выдаваў мне аблокамі, пад якімі недзе далека ўнізе зямля, і таму недарэчнай здавалася голая, без лістоты галінка, што вытыркалася з белі і лёгка пагойдвалася перад самымі шыбамі. Мяне раптам скаланула ад холаду.

— Што, мерзнеш? — спачувальна спытаў Сак.