Выбрать главу

— Не. Раптам як холадам працяла, і ўсе.

— У нашай вёсцы кажуць, што так бывае, калі нехта па тваёй уласнай магіле праходзіць. Скажы дзякуй, бо прайшоў, а калі б сеў адпачываць, то ўвесь час і калаціўся б, небарака. Вось я нешта спрэс мерзну, а камін, здаецца, яшчэ цёплы.

— Чакайце,— Гражына адкінула з ілба валасы,— з думкі саб'яце. Усе ўспомніла, што за чым ішло. Я наогул не "пераношу лазню, нават без парыльні, лепш за душ нічога няма — нязменна чыстая вада. А лазня, яна горш за ванную. Задушлівая пара, і бракуе паветpa. Я пачынаю задыхацца. Пасля басейна сталася лягчэй. Я пайшла апранацца. За мной выйшла Тэрэза Маршанская, яна здавалася раззлаванай і спытала мяне, чаго так рана сыходзім. Я адказала, што ў мяне проста забалела ад гарачыні галава. Яна ўзялася правесці.

Маршанская мне прапанавала фен, але я адмовілася. Валасы, калі сохнуць самі сабой, заўсёды набываюць натуральныя формы, а ўсе гэтыя штучныя ўчасаны я не пераношу. Яна прынесла фен да мяне і папрасіла ўкласці ёй валасы. За гэтым заняткам нас і заспеў Кяльміцкас, бо дзверы на калідор мы не зачынялі. Ён быў засмучоны і сказаў, што Даўгалевіч зноў зашмат п'е і, відаць, са святочнай вячэрай нічога не атрымаецца, што яму агідна глядзець, як ягоны сябра можа даходзіць да такога стану і як другія яму падліваюць. Я спыталася: «Няўжо і Марцін?» «Ды не,— адказаў Кяльміцкас,— гэтыя двое». Мне сталася прыкра чуць такія размовы напярэдадні святочнай вячэры, і я прапанавала сысці ў гасцёўню, згуляць у карты. Тэрэза пагадзілася.

За сталом не хапала партнёраў. Мы з Тэрэзай расклалі пасьянс. Потым з'явіўся Марцін, і мы распісалі вясковы віст. Толькі згулялі першы кон, як з лазні выйшаў Маршанскі, ён быў трохі на падпітку але трымаўся салідна. Давялося дапісваць яшчэ адну графу і пачынаць гульню зноў. Мне шанцавала, і таму, калі пачаліся каны рэваншу, я нават перастала сачыць за картамі на руках, адно глядзела, каб трапіць у масць, я і так пайшла ў адрыў, у астранамічныя плюсы. Астатнія ж нерваваліся з-за картаў, сварыліся.

Дзверы ў калідор былі адчынены на дзве паловы, я сядзела насупраць іх. У канцы добра праглядаліся дзверы лазні і пачатак сходаў на мансарду. Я пазірала туды раз-пораз — усе чакала, калі выйдзе Даўгалевіч. Нарэшце дзверы адчыніліся, і з іх неяк бокам выйшаў ён у сваім шыкоўным усходнім халаце, на галаве абы-як накручаны ручнік. Ён відавочна быў на падпітку і ўсё прыкладаў да твару мокры канец ручніка.

Я заглядзелася і затрымала ход. Усе азірнуліся. Даўгалевіч трохі пахістаўся і ўсе так жа бокам стаў узнімацца сходамі на мансарду. Я падумала, што ён пайшоў пераапранацца да вячэры. Але праз нейкіх паўхвіліны ён з бутэлькай віна ў руцэ збег сходамі. Адразу ж пачуўся ваш голас — нешта наконт таго, што піць болей не варта.

Вы выйшлі на калідор з адабранай у Даўгалевіча бутэлькай і далучыліся да нас. Вы запэўнілі: усё ў парадку — Даўгалевіч абяцаў прыняць халодны душ, каб працверазіцца і выйсці хвілін праз пяць. Мы дагулялі партыю і пайшлі з гасцёўні, засталіся толькі вы з Марцінам. Ён прычыніў дзверы. Загучалі фісгармонія і спеў.

Мы падняліся на мансарду. Тэрэза Маршанская зайшла да мяне і прапанавала пайсці на шпацыр удзвюх. Я адмовілася, бо ў мяне яшчэ былі вільготныя валасы і я баялася прастудзіцца. Тады яна, відаць, пакрыўдзілася і пайшла, але праз хвіліну вярнулася ўжо апранутая і папрасіла мяне, калі Маршанскі будзе потым пытацца, сказаць, што я хадзіла разам з ёй, бо той не хоча яе адпускаць саму,— Гражына азірнулася на мяне.— Відаць, не варта было мне гэтага казаць, але не думаю, каб тут была якая сувязь з забойствам, не прасіла б яна так лабаво, але ж хто ведаў, што здарыцца такое. Можа, гэтая звестка чым дапаможа, выцягне за сабой нейкія другія, не ведаю.

Я замкнула пакой з сярэдзіны, каб удаць, нібыта пайшла разам з Маршанскай, згасіла святло і легла адпачываць. Аднастайна, як катрынка, грала фісгармонія, і гучаў спеў. З-за дзвярэй я пачула ўпэўненыя крокі — нехта ішоў на ніз, неўзабаве — тыя ж крокі наверх, шчоўкнуў ключ. Потым нехта прабег калідорам на ніз, а потым мне падаўся нейкі шолах, я наслухалася, на калідоры нехта крадком — ледзь чутна шорх, шорх і стаіўся перад маімі дзвярыма, я спыніла дыханне. Клямка бязгучна павярнулася і стала на месца. А потым ізноў — шорх, шорх — аддаліўся, недзе ледзь чутна зачыніліся дзверы.

Я думала спачатку, што гэта ты, Марцін, але ж пачула музыку і зразумела, што ты не адыходзіў ад клавішаў. Потым я падумала: гэта Маршанскі вырашыў спраўдзіць, ці пайшла я з ягонай жонкай, відаць, так яно і было, але ўсе адно мне сталася страшна, я падціснула пад сябе ногі і стаілася на канапе.

Гэтая выспа, ноч, туман, грукат электрастанцыі нервавалі мяне, я ад самага пачатку стала тут баяцца за сябе, за іншых.