Выбрать главу

Я ляжала, і тут зноў ледзь чутныя крокі, толькі ўжо другія, і легкі шчаўчок у філёнгу. «Гражына!» — прагучаў шэпт. Я пазнала голас, адамкнула, да мяне зайшла Маршанская, яна зноў была раззлаваная, але гэтым разам не на мяне. Яна відавочна змерзла. Я прапанавала ёй, каб не заўважыў муж, распрануцца ў мяне і пайсці ў гасцёўню выпіць келішак каньяку.

Астатняе адбывалася ў вас на вачах. Калі пачула крык і ўсе кінуліся ў лазню, я нібыта не зразумела, не асэнсавала, засталася сядзець, а потым успомніла пра дзённік і пабегла ў кабінет. На стале было пуста, я павыцягвала шуфляды і стала шукаць там. Пасля з'явіліся вы і Марцін. Вось на разе і ўсе.

Гражына змоўкла і пачала глядзець у акно, паверх Сакавай галавы.

— Добра,— Сак падаўся наперад,— каго ты, уласна, падазраеш?

— Асабіста нікога. Хоць, як мне здаецца, у кожнага маглі быць свае матывы, але я ведаю ўсіх вельмі мала, каб рабіць такія высновы.

— Добра, я трошкі змяню пытанне: ці заўважыла ты за кім адхіленні ў адносінах з Даўгалевічам?

Гражына хітнула галавой.

— Пачнем з таго, што я не ведаю, якія адносіны ў іх былі раней, але ж не, адхіленняў не заўважыла. Бачыла, як некаторыя сварыліся з ім на семінары — той жа Маршанскі і Тэрэза, як нешта з крыкам даводзіў яму Кяльміцкас, але ж сварыцца нармальна, як і смяяцца разам. З-за гэтага не забіваюць. Я мала ведаю вас усіх, каб рабіць высновы.

— Дзякуй, Гражына, можаш ісці, пакліч Маршанскую, няхай счакае пяць хвілін і падымецца.

Гражына ўзялася за клямку, як Сак раптоўна спыніў яе:

— Адно пытанне — дзе была твая торбачка, калі мы заспелі цябе ў кабінеце?

— Заставалася вісець на крэсле ў зале,— Гражына нават не азірнулася і выйшла на калідор.

— Так,— Сак заплюшчыў вочы,— пазнач, што яна магла пайсці і забіць на адцінку часу паміж адыходам Тэрэзы на шпацыр і яе прыходам. Даволі падазрона — легчы ў пакоі, замкнуць дзверы і ўдаваць уласную адсутнасць, аднак гэта мог быць і ход з боку Тэрэзы — падставіць Гражыну пад падазрэнне. Адно, што можа трохі праясніць, калі хто з дваіх — або Маршанскі, або Кяльміцкас — прызнаецца, што ён кратаў клямку ў яе пакоі, і растлумачыць, чаму вяртаўся крадком.

— Аднак калі Гражына гаворыць праўду, а той, хто хацеў да яе зайсці — забойца, ён наўрад ці прызнаецца. Ты, здаецца, шукаеш не ў тым кірунку. Варта разабрацца ў матывах. Нашто той жа Гражыне было забіваць дзядзьку Вадзіміра?

— Разумееш,— Сак сашчапіў пальцы і захрабусцеў суглобамі.— Можна мець дзесяць матываў для забойства і не забіць. Шмат даў бы дзённік, каб яго знайсці, у плане тых жа матываў, але канчаткова прывесці да мэты нас могуць толькі факты, учынкі. Адна справа жадаць, другая — зрабіць. Нешта мне не падабаецца вашая версія з каханнем, лепш раскажы праўду, і здымем яе.

— Баюся, сказанае мной толькі падмацуе тваю падазронасць,— я адчуваў сябе няўтульна за масіўным секрэтэрам, хаця мой занятак пасаваў да яго выдатна.— Нашае каханне лухта — не было нават лёгкага флірту. Гражына кахала Даўгалевіча і ўпрасіла мяне паехаць сюды разам, а каб ніхто не здагадаўся пра сапраўдны матыў, мне давялося ўдаваць закаханага. Ты ведаеш, я да яе не ў прэтэнзіі.

— Так,— Сак загнуў палец,— ад кахання да нянавісці якая адлегласць?

— Думай як хочаш,— я сцепануў плячыма,— мне асабіста ўсе адно, што Гражына, што Тэрэза, без розніцы.

Сак падняў угору палец:

— Чуеш? Ідзе.

Тэрэза зайшла няспешна, падсунула крэсла бліжэй да каміна і села. На Сака яна глядзела з лёгкай пагардай.

— Выбачай, Тэрэза, але колькі табе год?

Яна павярнулася да мяне.

— Лепш буду расказваць вам, Марцін, і лепей вы пытайцеся, так будзе лягчэй. Мне Вадзімір расказваў пра вас. Гэтая дзяўчынка, відаць, ужо абмовілася пра мой начны шпацыр, ды я сама не збіралася рабіць з яго таямніцы. Вы, пэўна, ведаеце, якія адносіны лучылі мяне з Вадзімірам?

— Збольшага,— я адклаў ручку і перасеў, каб лепей бачыць Тэрэзу.— Толькі творы Даўгалевіча, чуткі і плёткі не лепшыя крыніцы ў нашай сітуацыі. Мо раскажаце самі?

— Мы вучыліся разам. Я, Вадзімір і Кяльміцкас, на адным курсе. Дваццаць пяць гадоў таму. Сак паступіў пазней, мы ўжо канчалі вучобу. Мы сябравалі, дакладней, сябраваў Вадзімір з Эдмундасам, а я закахалася ў Даўгалевіча і ўвесь час набівалася да іх у кампанію, гэта было не цяжка, бо я і Вадзімір былі адзіныя беларусы на ўвесь курс, у чужым горадзе зямляцтва да нечага абавязвае.

Праз месяц Вадзімір прызнаўся мне ў каханні, і з таго часу мы былі разам. З Эдмундасам яны пастаянна сварыліся на гістарычнай глебе. Вадзімір усе даводзіў, што Кяльміцкас фальсіфікатар — крадзе беларускіх нацыянальных герояў і перарабляе іх на літоўцаў, а самае жахлівае, робіць гэта таленавіта. Эдмундас жа пярэчыў, нібыта гэта мы, беларусы, яшчэ раней прыўлашчылі літоўскую гісторыю і ён толькі аднаўляе справядлівасць.