Выбрать главу

Гаспадар фурмана з першага позірку падаўся мне чалавекам незвычайным. Ён, відаць, таксама не клаўся яшчэ спаць гэтай ноччу, ды і не мог я яго пабудзіць, бо сядзеў да гэтага ціха, кожны мой рух дадаваў мне страху. На ім было багатае, але без упрыгожванняў, адзенне. Доўгія боты складкамі ссунуліся ніжэй каленяў. Твар гладка паголены. Цёмныя, з сівізной валасы даходзілі да карункавага каўняра. Незвычайнымі былі яго паводзіны. Ён не павітаўся, нават не кінуў якой-небудзь нязначнай фразы, падышоў і сеў насупраць мяне. З добраю чвэрць гадзіны мы сядзелі моўчкі, а можа, гэта цягнулася і пару хвілін, бо ноччу, калі не спіш, час доўжыцца не так, як удзень.

— Страшна, хлопча? — нарэшце спытаў ён бясколерным голасам.

— Не больш, чым на могілках,— адказаў я.

— Можаш і мне казаць «ты», зараз не той час і не тыя абставіны, каб захоўваць этыкет. Як твае імя?

— Фабіян.

— Мяне таксама завуць Фабіян. Дзіўны збег абставін. Ці не так?

— Я першы раз сустракаюся з чалавекам, які носіць мае імя.

— Я таксама. Хлопча, а табе, калі ўжо згадаліся могілкі, не страшна ўбачыць на надгробку ўласныя імя, род, год нараджэння, а год смерці — у будучым часе?

— Калі апошняя дата не сённяшні дзень, то як-небудзь перажыў бы.

— А калі сённяшні?

— Вядома, пачую сябе ніякавата, як і кожны чалавек.

— Кожны чалавек. Кожны не азначае — разумны. А ён,— Фабіян паказаў цераз плячо на нябожчыкавы дзверы,— убачыў такі надгробак, у думках, вядома, але вельмі дакладна, і адразу нож у шыю. Ягоныя фантазіі не разышліся са справай.

— Дзіўная ў нас размова. Нябожчык якраз не баяўся смерці, бо добраахвотна сустрэўся з ёю. Баяліся тыя, хто паўцякаў, бо не хацелі заставацца побач са смерцю.

— Не са смерцю, а з нябожчыкам. Гэта страх штурхнуў іх на сапраўдную небяспеку — апынуцца ноччу на дарозе ў лесе, там страшна. Рабаўнікі, звяры,— іх варта баяцца, гэта сапраўдная пагроза. А тут баяцца чаго?

— Зайздрошчу чалавеку, які не верыць у замагільны свет, для якога ведзьмакі, прывіды не існуюць. Бо, шчыра кажучы, мне страшна і зараз, каб не пільная справа, я аддаў бы перавагу начной дарозе ў лесе. Баяцца ўсе, толькі смялейшыя не дазваляюць заўважыць гэтага,— я так і не змог прымусіць сябе сказаць яму «ты».

— Я не казаў, што прывідаў не існуе. Я сам іх бачыў на ўласныя вочы, нават датыкаўся рукамі. Цёплыя і падобныя да нас саміх. Я проста іх не баюся. Вось чаго можна баяцца ў гэтай карчме? Таго, што раптам адчыняцца дзверы і з іх выедзе мярцвяк? Тыя, што паўцякалі, баяліся менавіта гэтага. Ну і цудоўна, хай выходзіць. Што з таго? Да доказаў неўміручасці душы дадасца доказ неўміручасці цела. Застанецца толькі радавацца. Адно, на жаль, ён не выйдзе — ляжыць, як і мы будзем некалі ляжаць.

Мяне ўразіла, як ён спакойна і мімаходзь згадаў пра прывідаў. «Яшчэ не хапала праседзець ноч за сталом у кампаніі скажонага»,— падумаў я.

— Не варта мяне браць за вар'ята,— ён прысунуўся бліжэй да стала,— вар'яцеюць ад жаху, а я не баюся, я навучыўся не баяцца, бо зразумеў прыроду замагільнага свету. Гэта нялёгка мне далося, каштавала жыцця, не мне, вядома. Я не баюся ўсей гэтай брыды таму, што ведаю, дзе, калі і чаму яна з'яўляецца. Толькі дурань можа казаць, што жахаў наогул не існуе. Бо адкуль тады ўзяліся словы, якімі мы іх называем? Усе, што можна назваць словам — існуе. Покуль няма рэчы — няма і слова. А калі есць слова — то некалі ж была і рэч. Ноч яшчэ доўгая, а ты, хлопча, наўрад ці збіраешся спаць. То я хачу зрабіць добрую справу — навучыць і цябе не баяцца. Гэта занадта проста, каб ты паверыў адразу. Таму лепш раскажу сваю гісторыю ад пачатку, як я сам дайшоў да ўсяго. І калі ты паверыш у яе — значыцца, навучыўся. Ты згодны слухаць?

— Ноч доўгая, і я сапраўды не збіраюся спаць.

— З чаго ж усе пачалося? — намыліўся Фабіян.— Пачалося ўсе з таго, як я навучыўся баяцца. А было гэта так...

4. Гісторыя, расказаная Фабіяну Жаковічу ў карчме ноччу за некалькі крокаў ад ня божчыка

— Мы тады ЖЫЛІ ў маёнтку. Я, маці і бацька. Я быў малы і нічога не баяўся. У мяне яшчэ быў дзед — бацька маці. Жыў ён недалека ад нас, у суседнім маёнтку, за лесам. Бацькі пазбягалі гаварыць пра яго. Ды і ён сам ніколі не прыязджаў да нас. Затое слугі любілі расказваць пра яго розныя дзіўныя гісторыі. Казалі, што ён выгнаў усіх сваіх слуг, акрамя аднаго, былога загоншчыка і ведзьмака, што ён загадаў закласці цэглай усе вокны ў сваім палацы і выходзіў пагуляць у парк толькі ноччу. Казалі, што часам з дзедавага палаца чуліся музыка і галасы гасцей. Хоць як хто гэта мог чуць — не ведаю, бо ўсе стараліся абыходзіць дзедаў палац здалёк. Але ж мяне гэтая балбатня адно забаўляла — дзед на кожнае свята, а то і без дай прычыны дасылаў мне са сваім адзіным слугой падарункі і кожны раз тыя, аб якіх я марыў, нібыта ведаў мае жаданні.