Выбрать главу

Неяк ноччу я раптоўна прачнуўся. Страх зноў авалодаў мною. Я пачаў маліцца. Я прасіў Бога, каб ён лепш забраў мае жыццё, але каб жыў бацька, бо я не магу трываць далей. Я маліў, але ў той жа час яшчэ адзін голас гучаў у маёй душы. Ён гаварыў: «Няўжо ты сапраўды верыш у тое, аб чым моліш Бога? Ты ж хочаш жыць сам, гэта бацька табе замінае жыць спакойна. Ты жадаеш толькі адзін раз перажыць ягоную смерць, а не перажываць яе на працягу гадоў кожнае імгненне. Няўжо ты думаеш, Бог не разбярэцца, чаго ты жадаеш сапраўды, не зразумее, што ўласнае жыццё і спакой табе даражэй? Ён разбярэцца і пазбавіць цябе пакут».

А я працягваў маліць Бога, я маліў яго не слухаць гэты голас, а зазірнуць мне ў душу, бо там жа есць тое, што я не магу выказаць словамі, не магу ж я жадаць бацькавай смерці дзеля ўласнага спакою. Я маліў, а голас працягваў: «Ну, добра, зазірне Бог у тваю душу і што там пабачыць? Жаданне жыць самому. Вось і здзейсніць усе згодна твайму жаданню. Малі, малі!» І тут я зразумеў — гэты голас мае рацыю. І не закрыю я ад Бога душу. Не магу я шчыра жадаць уласнай смерці.

Я далей не мог стрымліваць свой страх, я страціў над ім уладу. Мяне пачало калаціць. Я выбег з пакоя, спальня была ў другім крыле. Я бег бязгучна па цёплым наваскаваным паркеце. За паваротам калідор перарэзала палоса святла. У кабінеце за сталом сядзеў бацька і нешта пісаў.

— Тата,— я аббег стол і стаў побач з бацькам.

— Табе зноў страшна? — Ён абняў мяне.

Перад намі на стале ляжаў чысты, адно са старанна выведзеным тытулам, аркуш паперы. Завіткі літар перашкаджалі чытаць. І я прачытаў уголас, па складах тытул, выведзены буйнымі літарамі — «Тастамент». Вольнай рукой бацька перавярнуў аркуш.

— Тата, ты не памрэш?

— Я магу адказаць толькі за сябе самога. Памерла маці, калі-небудзь памру і я, а прыйдзе час — не стане і цябе. Нам усім даў жыццё Бог, і ён вырашае, калі яго забраць. Ніхто не можа ведаць дзень смерці.

— Тата,— я хацеў сказаць, што не ведаю, але адчуваю смерць, як адчуваюць другія надыход навальніцы, але мне пераняло дыханне.— Тата, нашто тады тастамент? Мне страшна.

— Ідзі спаць, я пасяджу каля цябе, покуль заснеш.

Я ляжаў у ложку, а бацька сядзеў побач і трымаў маю руку. Ён нешта расказваў. Павольна кружляў пакой перад вачыма. Мяне як пагойдвала. Неўпрыкмет я заснуў.

Сніліся тры пачварна агромністыя люстраныя шары, яны каціліся палацавымі пераходамі. Я ўцякаў ад іх, ускокваў на падваконні, яны міналі. Я бег, і зноўку шары грукацелі за мной. Вокны зніклі, а я імчаўся паўз гладкія, суцэльныя сцены да зашклёных дзвярэй у канцы пераходу. Нарэшце я дабег, азірнуўся. Шароў не было відаць, але яны ўжо грукацелі за паваротам. Я з усяе моцы таргануў за бліскучую бронзавую ручку. Дзверы былі зачынены. За шклом стаяў бацька з пісталетам у руцэ. Я крычаў яму, каб адамкнуў дзверы. Ён паказаў на мігі, што не чуе, узняў руку з пісталетам і навеў яе на мяне. Толькі пісталет ён трымаў руляй да сябе, паклаўшы на курок вялікі палец. Я крыкнуў яму, каб перавярнуў пісталет. Бацька заплюшчыў вочы і стрэліў.

Адразу за стрэлам падаліся дзверы. Бацька нерухома ляжаў на падлозе. Я кінуўся да яго, схапіў за плечы. Ён быў каменны — на падлозе ляжаў мармуровы стод і сціскаў у руцэ мармуровы ж пісталет. За спіной загрукацела. Я азірнуўся. Люстраныя шары адзін за адным выкочваліся з-за павароту. Яны біліся аб блізкія сцены, трушчылі атынкоўку, уздзіралі паркет, падміналі мэблю. Я кінуўся да акна, ірвануў фіранкі, аконны праем быў закладзены цэглай. Першы шар раструшчыў дзверы і спыніўся, у ім адбіваліся сцены, падлога, столь, мэбля. Не было толькі мяне самога. Другі шар ударыў у першы. Пакой здрыгануўся, і кандэлябр упаў са стала на падлогу. Запанавала цемра, я сцяўся ў чаканні трэцяга ўдару, але ён так і не прагучаў — усталявалася ціша.

Я паспрабаваў намацаць сцены, але іх не было, захісталася і знікла з-пад ног падлога. Я адчуў, як паступова знікае мае цела. Я зліўся з цемрай, сам стаў ёй.

Вярнуліся адчуванні. Але ж адчуваў я ўсе нараз: і палац, і поле, парк і пачварныя шары, адчуваў усе, што бачыў калі-небудзь у жыцці, дзе бываў. Толькі было яно ўнутры мяне і нічога не заставалася звонку, звонку ўсяго быў я сам без цела і без руху. Я адчуваў і самога сябе, які ляжаў на ложку і спаў. Мне не было страшна — наадварот, з'явілася пачуцце аб'ёму і спакою маёй існасці ў гэтым аб'ёме...