Выбрать главу

— Таблеткі чаго валяюцца на падлозе?

— Дурны я іх піць.

— І што за хворыя ў гэтай палаце?! Не слухаюцца, не ядзяць, папраўляцца не хочуць… Такі дзень за вакном, а яны тут бокі пралежваюць, жыць тут гатовыя…

Так, сердзячыся, буркаючы, а таму коўдру падаткнула, таму вусны змачыла, за дзедам прыбрала, маладому шклянку памыла, яшчэ і не забыла пажадаць, выходзячы: «Папраўляйцеся».

Ледзь яна выйшла, як паўтараецца тая ж карціна, што і па сыходзе доктара. Малады ўмомант займае ранейшае становішча і пачынае казаць далей, з таго самага месца, нават з таго самага слова, на якім яго перапынілі.

— …І калі разабрацца, воля — бадай, найбольш умоўны з усіх тэрмінаў. Можна быць шчаслівым замураваным у сцяне, і вар’яцець ад няшчасця, валодаючы цэлымі краінамі або ўсім зямным шарам…

— Ох, памаўчаў бы ты, — гучна шэпча, варочаючыся, дзед. — Не замоўкнеш ты хоць на трохі!

Малады слухаецца, замаўкае. Але менавіта «на трохі». І вось зноў:

— Добра. Буду маўчаць. Усё жыццё. Не высоўвацца, не вылучацца… Трэба быць як усе. І тады, магчыма, выжывеш. І, магчыма, будзеш жыць доўга. Магчыма, нават станеш багатым, прыгожым, тоўстым…

— Табе наркату колюць, — ні з таго ні з сяго ўстаўляе дзед і хіхікае. Ён яўна з той мілай пароды людзей, якім добра толькі тады, калі іншым кепска. — Пачакай-но — прывыкнеш і станеш наркотам.

Малады таксама ўсміхаецца, але не зласліва, а сумна.

— Ну, яшчэ б, — згаджаецца ён. — Раз колюць — значыць, прывыкну, раз прывыкну — значыць, стану. Канечне, наркотыкі зло. І звычайная іголка зло. Калі ёю не шыць, а тыркаць у сваё ці ў чужое вока. Дык іголка вінаватая? Ці галава? Здуру можна і хобат слану зламаць.

— Ох, дагаворышся ты…

— Тое і з наркотыкамі. Якая розніца, пры дапамозе чаго здымаецца боль? Няважна, якія лекі, абы памагалі. Мне лёгка, радасна, не балюча — і пляваць, дзякуючы наркотыкам гэта, ці дзякуючы марознаму зімоваму вечару за вакном, ці размове з вамі, дзядуля… А хутчэй за ўсё радасна і лёгка мне ад усведамлення, што мог бы памерці на аперацыйным стале — а я выжыў!

— Не хваліся…

— А я другі раз на свет нарадзіўся! Што гэта, як не знак? Як не сігнал — momento mori, іншымі вачыма на ўсё глядзі, цані жыццё, пі яго маленькімі глыткамі…

— Пі, — панылым, як з глыбокага калодзежа, рэхам адгукаецца чалавек-лемур.

— І як гэтага перавароту можна было дабіцца? Правільна — нечым звышардынарным! Няшчасным выпадкам, бядой, аперацыяй, болем… Раней не разумеў: навошта і каму трэба, каб душы дзіцячыя, бязвінныя, пакутавалі і адляталі? Цяпер разумею — а каб задумаліся тыя, хто побач, хто застаўся! Бо чым яшчэ прабіць нашы тоўстыя закарэлыя скуры, як інакш дабрацца да сэрца, розуму, душы? Як не пакутамі роднага, смерцю блізкага? Усё на сваім месцы, там, дзе яму трэба быць, усё даўно кімсьці размеркавана, і вельмі мудра…

— Адзін ужо ляжаў на тваім ложку, такі мудры, — зларадна шэпча дзед. — Накрылі прасцінаю і вывезлі…

— …У гэтым не жорсткасць, — не чуе, гне сваё малады, — у гэтым любоў да нас. Чаму мы лічым жыццё сапраўдным толькі тады, калі яно дае нам прыемнасці, калі нам шэнціць? Вельмі і вельмі верагодна, што тое, што раней здавалася нам бядой, трагедыяй сусветнага маштабу, з часам ператворыцца ў аб’ектыўную неабходнасць, якая перасцерагла нас ад няшчасця куды большага! І высветліцца, што калі б не зламаная рука, можна было б апынуцца ў іншым месцы і зламаць шыю. Усё малое — знак, урок, сімвал, папярэджанне аб тым, што магло б здарыцца, але, на наша шчасце, не здарылася… Плюсквампэрфэкт.

— А браце! — уздыхае, варочаецца дзед.

— І калі глянуць на жыццё ў такім ракурсе — усё яно спрэс сладаецца з сімвалаў, увесь Сусвет скіраваны на цябе аднаго, усё вакольнае размаўляе з табой на асаблівай мове знакаў, любая драбнюткая драбяза мае важны, важкі сэнс — ад галення да адзення, ад таго, які чаравік цісне — левы ці правы, якія купюры ў кашальку і ці маецца ў наяўнасці сам кашалёк… Хіба б я задумаўся над гэтым, хіба б адчуваў усё так востра, каб не гэты няшчасны і разам з тым — цяпер толькі разумею! — непазбежны выпадак са мною? Ды ніколі! Адным мазгі былі занятыя — лізінг, бля, маркетынг, бля! Браць ад жыцця, патрабаваць ад яго, нават разумець, што нічога не даецца за так, задарма, мы з горам папалам навучыліся, вось толькі цаніць не ўмеем! Хіба я цаніў? Прымаў як належнае, само ў рукі плыло, ды і шэнціла мне, каціўся па жыцці абаранкам, не пабываўшы — ні разу! — ні ў бальніцы, ні ў турме…

— Пабудзеш, — шэпча дзед, — пачакай-но.

— Нават у арміі не служыў!