Выбрать главу

Згадка пра вёску завяла і дзеда. Ён высоўвае галаву з-пад прасціны і таксама вырашае паразважаць больш шырока, відаць, з мэтаю павучыць неразумных цяперашніх маладых.

— Нашто мне вудкі? Мы жылі во там во, дзе хутар колісь быў, тры копанкі, увечары слоік з-пад малака пакладзеш у ваду, такое малако тлустае было, каб адмакаў, дык раніцай абавязкова карась у слоіку…

— А вясна! — не слухае малады. — Калі сок з бяроз капае. Легчы пад бярозу на прагрэтую зямлю, заплюшчыць вочы, раскрыць рот, і хай капае…

— Капае, — гучыць рэха чалавека-лемура.

Дзед дагаворвае сваё адначасова з маладым:

— … Хоць адзін карась ды ўлезе…

— А восенню! Лісты каляныя пад нагамі… Грыбы — Божа мой! А пахі прэлай лістоты, а агароды восеньскія, і гэтая ўтома на ўсім… Няўжо ўсё будзе?!

— …Дык папрэбуй выцягні яго, таго карася… Яго цягнеш за хвост, а ён растапырыцца, слоік жа не будзеш біць…

— А зіма! Стаяць і дыхаць, нічога больш… нічога… Носам удыхаць, ротам выдыхаць…

— …Калоціш, трусіш той слоік, пакуль карась не ўпадзе пад ногі…

Бывае, людзі гавораць на розных мовах, пра зусім розныя рэчы, а выдатна разумеюць адзін аднога. Так цяпер і ў старога з маладым. Малады нават у тым, што чуе, знаходзіць нейкую дарэчнасць і логіку, адшуквае нейкі асаблівы падтэкст.

— І вашая, дзядуля, гісторыя — цуд. Ва ўсім народным — мудрасць, назіральнасць, чароўнасць, прыгажосць… А ў цэлым — Бог! Шукаем яго, забываючы, што ён паўсюль, на ўсім…

— … А ніякага Бога не бачыў за восемсят два гады… Няма!

— … Заўсёды вакол нас… — да маладога даходзяць апошнія дзедавы словы. — Як… няма?!

— Так. Яшчэ даўно, маладзейшы за цябе быў, думаю — пайду на могілкі, праверу, ёсць Бог ці няма…

— Уночы хадзілі?

— Дурны я ўночы — удзень! Прыйшоў на могілкі, кажу: «Бог, калі ты ёсць, стань перада мною». Бог не стаў, я памачыўся на нечы на крыж і з таго часу не веру ў Бога.

Паўза.

— Дык няма? — упалым голасам, увесь абвялы нейкі, перапытвае малады.

— Няма. А святы Мікола ёсць! Гэта як калі рэзалі мяне, я паглядзеў на каляндар, акурат на Міколу зімовага аперацыя, тады прашу: «Святы Мікола-заступнік, зрабі, каб не памерці пад нажом!» Святы Мікола-заступнік зрабіў, у яго і веру. А Бога няма ніякага!

Бліжэй да паўночы маладому робіцца горш. Ён яшчэ спрабуе гаварыць, але словы даюцца яму ўсё цяжэй, паўзы паміж імі ўсё большаюць, ён усё мацней і часцей хекае, кашляе, задыхаецца. Твар яго ўвесь у кропельках поту і сіні, як гэтае кварцаванае паветра. Прыбягае сястра, за ёю доктар, робяць маладому адзін укол, другі, але ўжо і наркотыкі не памагаюць.

Пачынаецца ў палаце бесталковая, як заўсёды ў такіх выпадках, мітусня, дзверы то расчыняюцца, то ляпаюць, зачыняючыся. З грукатам прыкацілі рэнтген-апарат, пакруціліся ля яго і патарабанілі назад, так і не выкарыстаўшы. Крыкнуў нехта: «Каталку хутчэй!» — «Асцярожней… кропельніцы…» — «Ды ён сіні вунь ужо!» — «Аперацыйная занятая…» Перавалілі з ложка на каталку, павезлі ледзь не бягом, разам з кропельніцамі і крывавым бутлем.

Толькі тады сціхла нарэшце, хоць вочы прыплюснуць можна.

Раніца ў палаце вызначаецца прыходам санітаркі. Звычайна яна ледзь не нагою адчыняе дзверы, плюхае анучаю ў вядры, грукае швабраю… Сёння ўшмыгнула ціхенька, нязвыкла-заміраная, без вядра і без швабры, з пакункам бялізны пад пахаю. Стараючыся не шумець, узялася перасцілаць пасцель каля вакна.

— Нянечка! — чалавек-лемур прачнуўся. — Паглядзіце, там вады не засталося ў яго ў тумбачцы?

Дзед таксама ўжо не спіць, больш таго — нават падымаецца і сядае, маленькі, сухенькі, беленькі і страшны, як вязень канцлагера.

— Во, і сядзець ужо можаце, — ухвальна кажа санітарка. Яна сцягвае, камечыць і кідае на падлогу прасціну, накоўдранік, выварочвае падушку з навалачкі. — Хутка паправіцеся. Выпішуць вас. Дамоў паедзеце. Дома добра, цёпла. Сям’я, дзеці, унукі, праўнукі… Цяпер старыя доўга жывуць, а маладыя мала. Прыдзі на могілкі, дык на партрэтах скрозь адны маладыя.

— Новага каго пакладуць? — слабым, не падобным на свой голасам пытае дзед. — На гэты ложак?

— Пакладуць, пустым не будзе.

— Але ж і папагаварыў ён! Ды пра смерць, ды пры вудкі, ды пра абы-што… А браце мой! Так жыць хацеў.

— Каб маўчаў, дык жыў бы.

Санітарка — куды ёй спяшацца? — з навалачкаю ў руцэ прысаджваецца на незасланы ложак, гатовая слухаць разумнага чалавека.