Выбрать главу

— А не знаў нічога, — расказвае дзед. — Бунін, Бунін… А то ж Дунін быў! Я яго ведаў, і жонку яго… Колісь восі пакраў з воза, тады хаваўся ў лесе, міліцыя прыехала, шукалі зямлянку, паролі такімі прэнтамі вострымі…

— Знайшлі? — спагадліва пытае санітарка. Яна слухае гэтую ахінею з непадробнай цікавасцю, нават галаву падперла рукою.

Замест адказу дзед стогне, памаленьку лягае на бок, ікае пару разоў.

— Я люблю са старымі пагаварыць. Гэта ж як задарма розуму набрацца. Мяне ўсе хвалілі, бо слухалася. І цяпер матку слухаю. І бабулю слухала, калі яна жыла. І бацьку слухала, хоць ён і біў мяне папругаю. А ў вас мо і баба яшчэ жывая? Чуеце, дзед? О дзеду?

А няма каму адказваць. Дзед халодны ўжо. Толькі звісае з ложка да падлогі бяскроўная ручка. Санітарка мацае яе.

— Госпадзі святы, — жагнаецца яна. — Двое за ноч! І чаго яны так мруць, гэтыя людзі? Няўжо паміраць цікавей, чым жыць?

— Нянечка, — падаў голас чалавек-лемур, — кабецінка! Гляньце, там вады не было ў дзеда?

— Не ўп’ешся ты той вадою! Ужо ставіць няма куды, забіў тумбачку чужымі недапіткамі… На! Вадахлёб… Каб ведала, дык яшчэ пасцель прыхапіла б, а так лішні раз хадзіць…

Учарашні промень сонца прабіўся праз шчыліну ў шторах, паспеў бліснуць на біле ложка. Але быў заўважаны пільнай санітаркай. Яна чамусьці азірнулася на дзверы і зашморгнула шторыны шчыльней.

2007 г.

ЛЁД

І

Галубоўскі даўно прасіў свайго прыяцеля і калегу па службе Фелікса, каб той хоць раз узяў яго з сабой на зімовую рыбалку. Фелікс абяцаў — ды ўсё не выходзіла нешта.

Ужо і зіма прайшла, снег знік з вуліц Мінска, лёд на рэчках і азёрах вось-вось павінен быў растаць, а яны ўсё не ехалі. Нарэшце Фелікс сказаў:

— Ну што — заўтра?

І вось назаўтра, у суботу, яны селі ў электрычку і паехалі. Чаму не на машынах, якія меліся ў аднаго і ў другога? А выпіць? Святое на рыбалцы, рыба ж па сухім не ходзіць…

Дзіўна толькі, што пры іх не было ніякіх рыбацкіх прычындалаў, і адзеліся яны зусім не па-рыбацку: Фелікс — у чыстай куртцы, Галубоўскі — у новым паўпальто, у Фелікса на нагах чаравікі, у Галубоўскага — бліскучыя, як рыбіная луска, туфлі, Галубоўскі — у андатравай шапцы, Фелікс увогуле з непакрытай галавой… Усё тлумачылася проста. Ні на якую рыбалку яны не ехалі, гэта толькі для канспірацыі звалася — «рыбалка», а на самой справе яны ехалі здраджваць жонкам. Прычым вопытны Фелікс звыкла схлусіў сваёй, што розныя там лескі-палкі, кручкі-мармышкі, ватнікі і бахілы возьме ў Галубоўскага, а Галубоўскі таксама даволі спрытна, як для першага разу, наманіў сваёй, што ўсё гэта ёсць у Фелікса. Во як хітра прыдумана — малайцы! Начаваць, збрахалі яны, будуць у «спецыяльнай рыбацкай хатцы, дзе іх збярэцца чалавек дзесяць рыбакоў». Жонкі іхнія адна адну не любілі, не перазвоньваліся, таму і рызыка выкрыцця была нулявой.

З кожнай новай станцыяй электрычка аддаляла сяброў ад нецікавага Мінска і набліжала да новых прыгод і вострых адчуванняў. Фелікс з Галубоўскім сядзелі каля вакна, адзін насупраць другога, і моўчкі, з засяроджанымі тварамі сузіралі аднастайны сакавіцкі пейзаж: як мільгаюць і застаюцца ззаду паляны, пералескі, рабыя бярозы і елкі з касмыкамі пацямнелага снегу на лапах…

Скарыстаемся момантам, пакуль яны маўчаць, нічога яшчэ не адбываецца, і ўставім у паўзу колькі слоў пра іх.

Абодвум каля трыццаці. Фелікс выглядае маладзей за свае гады, а Галубоўскі — старэй. Калі невысокенькага, поўненькага, з жывоцікам, з бакенбардамі-катлеткамі і чорнымі вусікамі-стрэлкамі Галубоўскага вельмі ўмоўна, грубавата можна параўнаць з Пуаро, дык высокі, светла-русы, блакітнавокі і з вузкім выцягнутым тварам Фелікс — яго цень Гастынгс. Галубоўскі імпульсіўны, рухавы, любіць і ўмее пагаварыць. Фелікс — маўклівы, «флегма», нетаропкі ў рухах. Тонкія вусны яго часта ажыўляе загадкавая ўсмешка, якая сведчыць, што чалавек пазнаў цану і сабе, і людзям, і гэтаму жыццю, у якім вымушаны існаваць з-за адсутнасці лепшага.

І ўсё ж было нават у тварах іхніх нешта агульнае, ледзь улоўнае, што рабіла іх падобнымі. Гэта — узрост, той самы сумна-славуты «крыху за трыццаць», пра які кажуць, што ён «накладвае свой адбітак», узрост, пры якім звычкі спакваля пачынаюць выступаць заменай шчасцю, калі чалавек супакойваецца душою і часткова целам, калі сёе-тое ў жыцці дасягнута (а дасягнуць хацелася, канечне ж, «чаго і ўсе»: сямейка, дзеткі, кватэрка, кар’ерка, машынка…), словам, калі жыццё больш-менш уладкавана, распланавана, калі ведаеш, што было, што ёсць і — на жаль — лёгка ўгадваецца, што будзе (а будзе яшчэ круглейшы жывот, яшчэ большая азызласць, мяшкі пад вачыма, вяласць мышцаў, усё менш будзе заставацца валасоў на галаве і зубоў у роце і ўсё расці будзе пералік хваробаў у медыцынскай картцы…), і — як вынік — пытанне: гэта ўсё?! няўжо ўсё?! — і разгубленасць, нават лёгкая паніка — да чаго ж сапраўды імклівы гэты пракляты час, які ж ён насамрэч няўлоўны, як хутка праходзіць! — гэта ж яшчэ ўчора на вуліцы, у краме, у транспарце звярталіся да цябе «малады чалавек», а сёння — так нечакана, рэзка і непрыгожа — «мужчына», і разам з тым — нехаценне мірыцца, што самае лепшае, самае цікавае — ззаду, усё, што магло адбыцца, адбылося, і ўсё мацней прага нейкага бунту, хоць бы бунціку, усё вастрэй жаданне ўхапіць рэшткі маладосці, паспець «загрузіцца»…