Выбрать главу
ІІ

— Як камп’ютэр, — прамармытаў Галубоўскі, адрываючыся ад вакна і ад сваіх думак. — Нічога! — ён ляпнуў Феліксу рукой па калене. — Тут галоўнае без комплексаў. Проста! Гарэлка дадзена, каб яе піць, жанчыны — каб з імі спаць, электрычка — каб у ёй ехаць, так жа?

— Так, — адказаў Фелікс. І ўсміхнуўся сваёй усмешкай. Хто-хто, а ён выдатна ведаў, што робіцца цяпер на душы ў сябра — Галубоўскі яшчэ ні разу не здраджваў жонцы, таму цяпер балталогіяй хацеў перабіць нерваванне.

— Я чалавек не дурны, згадзіся, — казаў Галубоўскі (нібыта Фелікс спрачаўся), — прывык ва ўсім шукаць і знаходзіць падтэкст. Вось мы цяпер чаму ўперыліся ў вакно і маўчым? Ну, само сабою, з натуральнай, цалкам апраўданай асцярогі сустрэць знаёмага, іх жа, знаёмых, чорт у такіх выпадках наносіць, гадамі можна не бачыць, жывучы ў адным пад’ездзе, а тут вырасце перад табою, ды здароў, ды куды, ды чаго…

— Тонка заўважана, — сказаў Фелікс.

— Ці яшчэ момант, — падбадзёраны, працягваў Галубоўскі. — Каму з гэтай электрычкі можа прыйсці ў галаву, што два здаровыя бугаі, дарослыя дзядзькі, з такімі сур’ёзнымі тварамі, едуць не на дачы, не на… ну куды? — не на які-небудзь кангрэс дэмакратычных сіл, а да самых прымітыўных дзевак?

— Ну, не такіх ужо і прымітыўных… Але ў цэлым — праўда. І адкуль у цябе што бярэцца? — шчыра спытаў Фелікс.

— Назіральнасць плюс аналітычны розум, — патлумачыў Галубоўскі. — Цяпер канкрэтна наш выпадак. Пытанне: калі на душы так няўтульна, дык чаго мы едзем? Куды нас нясе нячыстая ды нячысты дух? На ноч гледзячы? Не дзеля ж блакноціка — ведаеш, такія нататнікі, імёнамі спісаныя ледзь не на кожную літару алфавіта, супраць якіх плюсікі… Не для таго ж, каб у забягалаўцы за куфлем піва была магчымасць уплішчыцца: «А вось я раскажу!.. А вось са мной было!..» Цьфу! І ўжо самае агіднае, калі рабіцца гэта з прычыны біялагічнай, медыцынскай — ці як сказаць… Калі — не дай Бог, канечне! — хвароба жонкі, астыванне да яе, механічнае жаданне перамены… Тут ужо ніякага апраўдання! Жывёльнасць, голы юр…

— Элементарная подласць, — згадзіўся Фелікс (у якога якраз-такі жонка была хворая, нешта звязанае з парушэннем абмену рэчываў).

— З іншага боку, чаго ламацца? Лепш здаровы цынізм, чым… Канечне, мне, у самай сіле мужчыну, проста… гм… па-чалавечы цікава. У кожнага бываюць моманты, калі так захочацца плюнуць на маральныя ўмоўнасці…

— Адарвацца па поўнай.

— Гэта раз! Другое, мы ж не толькі біялагічныя — мы ж і сацыяльныя стварэнні, нам жа хочацца неяк расквеціць будні новымі фарбамі, гукамі, адчуваннямі… Што называецца — «абнавіць кроў»… Калі з’явіцца нейкая свая маленькая тайна, уласны сакрэт, без якога як жыць нармальнаму чалавеку?

— А вось гэта — вельмі трапна, — без усмешкі пацвердзіў Фелікс.

ІІІ

Перад патрэбнай станцыяй яны падняліся — Фелікс на паўтары галавы вышэй за нізенькага, кругленькага Галубоўскага — і выйшлі ў тамбур. Электрычка задрыжэла і стала, як укопаная. Фелікс з Галубоўскім стукнуліся адзін аб аднаго і злезлі на перон. Адразу на іх дыхнула прыемным пахам чыгункі, вясны, расталага снегу… Было каля шасці вечара, зусім яшчэ светла, хоць пахмурна.

Фелікс адышоў да бардзюра і, затыкнуўшы пальцам вуха, пачаў гаварыць па мабільніку. Электрычка паехала. Галубоўскі закурыў і агледзеўся. Перон. Лаўкі. Будыначак станцыі… Вялікае возера ляжала падковай, канцы якой падыходзілі да самага чыгуначнага палатна, беручы станцыю з абодвух бакоў у абцугі. З вышыні перона, наколькі бачыла вока, возера падобнае было на жаўтаваты ліст паперы, на якім чорнымі кропкамі і коскамі рассыпаліся сагнутыя постаці рыбакоў. Злева возера падпірала сцяна лесу, а прама — на далёкім беразе, там, дзе падкова выгіналася эліпсам, відаць былі дамы дачнага пасёлка. Усё гэта імгненна ўхапіў позіркам і адклаў у памяць Галубоўскі (трэба ж будзе потым штосьці расказваць).