Выбрать главу

Звычайна чалавек выгаварыцца, стоміцца і дасць магчымасць пагаварыць іншым. Ды толькі не Галубоўскі. Гэты наадварот — чым больш балбатаў, тым больш сам сябе заводзіў. Спіртное толькі выпукліла яго няўрымслівы характар. І тон балбатні змяніўся — з жартоўна-гуллівага, як з бабкаю за сталом, стаў з’едліва-абвінаваўчым, нават злым.

Фелікс, на якога гарэлка зусім не падзейнічала, супакойваў: «Рана яшчэ… куды спяшацца… уся ноч наперадзе… што цябе каўбасіць?» — і гэтая сябрава ўпэўненасць, панібрацтва, асабліва яго ўхмылачка яшчэ больш распальвалі Галубоўскага.

— Убога, — казаў ён, стукаючы пальцам па падваконніку. — У-бо-га! У гэтай бабкі Ганькі — дзеці ж, канечне! Унукі! Што, не ведаюць, чым займаецца іхняя клапатлівая матулька і бабулька? Адкуль у яе грошы на падарункі?

— Ды баба як баба. І нашто табе іншая? Сам жа казаў: электрычка — каб ехаць, гарэлка — каб піць, дзеўкі — каб з імі спаць… Ну і бабка — каб спальню арганізоўваць…

— А твар? — гнуў сваё Галубоўскі. — Заўважыў? У жанчын увогуле, чым больш ім гадоў, чым бліжэй да старасці, начыста знікае былая прыгажосць, блякне, адмірае тое, чым раней можна было браць, застаецца голая існасць! І тварамі яны робяцца падобнымі, як блізняты, уладнасць, хцівасць, жорсткасць ледзь не драпежная — усё, што было прыхавана маладосцю, раптам так праяўляецца!..

— Ды звычайны твар. Ну, а калі б замест бабы быў дзед? Якая розніца? Чаго ты яшчэ хочаш?

— Розніца… Дзед, — Галубоўскі курыў ужо трэцюю запар цыгарэту, у клубах сіняга дыму, як вожык у тумане, перасякаў туды-сюды пакой — ад стала да вакна, за якім чарнела ноч. — Чаго я хачу…

— Што табе не падабаецца?

— Не падабаецца… Усё! Нейкая баба, нейкія дзеўкі… А то я не ведаю, што іх гоніць сюды! Уцёкі ад кухні, бялізны, руціны, пастыласці, вечна п’янага хама-мужа без кветак… Марна, ад сябе не ўцячэш!

— Не дуры, калі ласка, — не зразумеў Фелікс. — Дзеўкі чыстыя, правераныя, бясплатныя… Чаго табе яшчэ? Устроіў лекцыю на голым месцы, — з мяккім дакорам ён яшчэ спрабаваў спусціць сябра на тармазах.

Але Галубоўскага ўжо несла:

— …І як танна, безгустоўна, прыкра! Так нецікава аддаваць сябе! — захапіўшыся, Галубоўскі не заўважаў, што звяртаецца ўжо не да ні ў чым не вінаватага Фелікса, а напрамую да гэтых дзевак, нібы яны сядзяць тут, і яго слухаюць. — Я б яшчэ зразумеў, калі б бралі грошы, хоць нейкая логіка! А так — сувакупленне, іменна — механічны акт, з усімі атрыбутамі, з усёй юрыдычнай казённасцю слова! Ад якога патыхае жалезным вузкім скрыпучым ложкам, кратамі на вокнах, голымі сценамі з цвіллю на тынку, рэжымам, строгасцю, пошласцю, сумам, сумам…

— Не трэба было ехаць, — справядліва заўважыў Фелікс. — А раз ужо прыехалі, дык давай рабіць тое, дзеля чаго прыехалі.

— Рабі! — з гарачкі ўсклікнуў Галубоўскі. — Я яшчэ не настолькі апусціўся, каб… Шкада мне вас!

Фелікс памаўчаў. Яму яўна надакучыла ўлагоджваць капрызнага сябрука, нянькацца з ім, як з галоўным тут, як з цэнтрам, вакол якога ўсе яны — другасныя персанажы, павінны кружыцца, бы начныя матылькі вакол лямпы.

— Ды ці не баішся ты, таварыш? — спытаў ён неяк стомлена, без звыклай сваёй іроніі, амаль холадна.

Ад нечаканасці Галубоўскі аж задыхнуўся.

— Ты… ты…

Дык вось які ты! Такое яно, тваё сапраўднае нутро?! А ён тут распінаецца… Перад кім?! Прэч… Прэч… Не марудзячы ні секунды… З гэтага пошлага прытона, ад гэтай вульгарнай бабкі, ад гэтага чалавека, якога некалі лічыў сябрам!..

— Пайсці хочаш? — данеслася яму ўслед. — Дык позна. Ужо…

Далей Галубоўскі не чуў, дзверы за ім ляпнулі.

VI

На вуліцы востра пахла адлігай і вясной. Галубоўскі ішоў, дыхаў, падстаўляючы свежаму ветру твар. Ён аслабіў шалік, шапку зняў і нёс у руцэ. Неўзабаве стала холадна. Галубоўскі спыніўся. Надзеў шапку. Цёмна, пуста, незнаёма… Ад станцыі данёсся шум электрычкі.

Павярнуў назад. Пастаяў каля веснічак, чакаючы, калі выйдзе Фелікс, папросіць прабачэння і тады ён, Галубоўскі, трохі паламаецца і пойдзе ў хату. Бо на самой справе ён хацеў толькі адвесці душу, выгаварыцца, пакрычаць для парадку, з’едлівасцю і найгранай, перабольшанай злосцю паказаць, што сітуацыі ён не адабрае, але вымушаны застацца.

У хаце свяціліся вокны. У двары сабака пазвоньваў ланцугом. Ніхто не выйшаў.

«Баішся, таварыш?» — успомнілася Феліксава. Крыўда і злосць зноў падступілі да душы. Усё ж такога ён ад рахманага, ціхага, вечна на другіх ролях Фелікса аніяк не чакаў.