Першае, што робіш, лежачы ў цёплым ложку, — гэта просіш святога Міколу, каб маці не здагадалася выцягнуць з пячуркі рукавіцы. У адной з іх дзве цыгарэты, якія выкленчыў учора ў свайго класнага кіраўніка Кацмана, паабяцаўшы яму ўвесну сажанцы чырвоных сліваў; такія на ўсю вёску чамусьці толькі ў нас і растуць. Што яшчэ? Паесці. Пакурыць з Сержыкам у кустах на рэчцы, дзе ў нас хакейнае поле. Дамовіцца, хто будзе красці з дому выпіўку, хто закуску… Праўда, сёння нам і так дазволена амаль ўсё — сядай за стол, еж, выпівай, калі дурны і хочацца… Але што ж тады за кайф? Украсці ж цікавей.
Пра Сержыка размова асобная. Мы аднагодкі, але я вучуся ў сёмым класе, ён — трэці год у пятым. Я без бацькі, радні няма, жывём з маці, канечне, бедненька. У яго бацька, матка, тры старэйшыя сястры, плойма дзядзькоў, цётак у вёсцы і ў горадзе. Я выдатнік, ён у вучобе не проста дуб, а дубалом, пень пнём, і даўно адправілі б яго ў спецшколу для разумова адсталых, каб не бацька. Бацька ў яго «хрантавік» («хрэнтавік», як сам Сержык жартуе), ваяваў разам з Гарасёвым, а Гарасёў самы большы начальнік горада і раёна. Калі-нікалі Гарасёў прызджае да франтавога сябра ў госці, Сержык кажа на «Волгі» (мініяцюрка Брыля), а часцей сам бацька Сержыкаў, напакаваўшы сумкі, цягнецца да яго ў горад. Так што чапаць Сержыка не пажадана нікому: ні дырэктару, ні завучу, і можна толькі ўявіць, што ён за падарунак, калі сам Гарасёў трэці год не можа выцягнуць яго з пятага класа! Адзіны ў сям’і сынок, позняе дзіця, з ім нянькаюцца і разбэшчваюць яго, як толькі можна. Расказвалі ды сама яго маці і расказвала — як тры сястры выстрайваліся адна за адной каля калыскі маленькага Сержыка і дзьмулі яму па чарзе ў голы пульхны зад; ілюстрацыя да раблеўскага Гарганцюа! Яму дазволена ўсё. Кожнае яго жаданне выконваецца без прамаруды. Захацеў раз Сержык мапеду — калі ласка, назаўтра атрымоўвай, ды не звычайную «Рыгу», а «Верхавіну», дзве хуткасці, амаль матацыкл. Зажадаў стрэльбу — на, сынок, бацькаву аднастволачку, «ды глядзі ж, беражыся, вочкі не павыбівай» (сабе, канечне, вочкі, не людзям). Канькі-«канадкі», клюшка за шэсць з нечым, шлем, шчыткі, накаленнікі — во да чаго зайздрасць сапраўдная, да амуніцыі хакейнай, а не да «Верхавіны» нават і не да стрэльбы… Раз захварэў Сержык, зажадалася яму, як многім хворым, што часта самі не ведаюць, чаго хочуць, — шахматаў. Лета, сенакос, бацька кідае ўсю работу, едзе на цэлы дзень у горад, прывозіць шахматы. Ды не простыя, не нашы лакіраваныя дзеравяшкі за тры шэсцьдзесят — касцяныя, з пазалочанай інкрустацыяй, у скрыначцы, абабітай усярэдзіне карычневым аксамітам. На, сынку, папраўляйся! Сынку пагуляў сам з сабою ў Чапаева, пстрычкамі збіваючы пешкі, адламаў ферзю галаву і на тым скончылася.
Я люблю яго. Мы сябры. З ім лёгка, цікава і пляваць на тое, што ён двоечнік. Затое ён ўмее, як бядулеў Салавей, размаўляць рознымі галасамі, мужчынскімі і жаночымі. Да ўсяго ж у нас з ім аднолькавае адчуванне жыцця. Нам мала яго, гэтага, калі шчыра, даволі такі нудненькага рэальнага вясковага жыцьця, мала простага сузірання гэтых хат, людзей, настаўнікаў, школы; нам хочацца самім тварыць яго, хай сабе толькі ў марах, затое па-свойму.
Фантазіі ў нас бываюць смешныя, дасціпныя, бываюць банальныя і, вядома ж, далёка не заўсёды бяскрыўдныя Мы выдумляем-фантазіруем, перабіваючы адзін аднаго, устаўляючы розныя падрабязнасці, на тэму Сержыкавага суседа дзядзькі Міколы Піцерскага. Напрыклад, як ён мог служыць у войску? Прымітыўны, непісьменны, акрамя таго дылда пад два метры ростам — усю форму, ад ботаў да пілоткі, яму шылі па спецзаказе, мы самі бачылі дакуманты, калі неяк залезлі да яго ў пограб і знайшлі кіпу пажоўклых лісткоў з выцвілымі, пад капірку напісанымі параметрамі. Чаму так не пабеларуску Піцерскі? — неяк з жонкаю паехалі яны ў горад Ленінград (гэта не прыдумкі, а праўда), пачалі спускацца ў метро. Жонцы, вясковай цёмнай бабе, якая дасюль не была нават у райцэнтры, зрабілася блага — яшчэ б, нейкі страшны чорт жывую апускае ў апраметную! Нема яна загаласіла і, задзіраючы ногі, пачала пералазіць на суседні эскалатар, які падымаўся ўверх, які мог уратаваць яе, вынесці з гэтага пекла… Мікола хапаў за спадніцу, сцягваў назад… Дарэчы, хутка пасля паездкі яна памерла, цалкам магчыма, што і ад стрэсу, а Мікола стаў Піцерскім. Дзякуючы Сержыку і папулярнаму тады «джэнцельменскаму» фільму.
А то мы ўкладваем майго класнага кіраўніка Кацмана, ціхмянага сарамлівага яўрэйчыка, які чамусьці баіцца жанчын, у адзін ложак з Кацяй, маладой і «ранняй» настаўніцай нямецкай мовы; цымус яшчэ і ў тым, што ў нашай інтэрпрэтацыі яны нават ў ложку размаўляюць на «вы».