Выбрать главу

— Ку-дай-це-лісу!!! Ку-дай-це-лісу!!! — ужо праз слёзы надрывалася дзяўчына.

А каб на цябе, ды з тваёй лісой разам!

Трэба было заварочвацца і йсці. Аднак жа не адпускала нешта. Іван Аляксеевіч яшчэ і яшчэ раз крадком агінаў паляну, так і гэтак з розных месц разглядваў, дзівіўся на псіхованага чалавека… Ды якая псіхованая?! — ну нармальная ж абсалютна з выгляду! Мяняючы чарговы раз месца назірання, не пасцярогся, галінка трэснула пад нагою… Дзяўчына, мабыць, пачула, бо хутка павярнулася і, здалося, не некуды ў лес, а яму, Івану Аляксеевічу, крыкнула:

— Ку-дай-це-лісу!!! — зусім адчайна, як чалавек, якога рэжуць, які крычыць «каравул, ратуйце!»

У Івана Аляксеевіча мурашкі прабеглі па спіне. Ён застыў спалохана… Але не ад таго, што яго нібыта заўважылі, — бачыць яго яна не магла, — проста толькі цяпер ён змог разабраць яе словы, пачуў выразна:

— Куда идти в лесу?!! — вось што яна крычала.

Іван Аляксеевіч выцер з ілба кроплі імжы разам з потам. Цьфу! Прыдумаць жа такое… Аж злосць на сябе ўзяла, што стаў такі нервовы, і на яе, гэтую дурніцу, што на роўным месцы ўмудрылася напалохаць сталага, сур’ёзнага чалавека.

— Куда идти в лесу?!!

Чортава дурніца! Ды ў якім ты «лесу»?! Дзе ты яго бачыш? Не стой пнём, а прасунься ў любы бок на дваццаць крокаў — і выйдзеш са свайго лесу!.. Вар’ятка, несумненна. А такая яшчэ маладая, прыгожая… Нібыта не п’яная… Наркаманка? Іх разбярэш… Карацей, так. Бяры ты, Іван Аляксеевіч, ногі ў рукі і давай адсюль, к чортавай матары…

Ён рашуча павярнуўся, зрабіў крок… І зноў яго скаланула ад немага:

— Куда идти в лесу?!! — і далей ужо без перапынку, не змаўкаючы, бы спружыну накруцілі ў ёй: — Куда-идти-в-лесу, куда-идти-в-лесу, куда-идти-в-лесу?!! — усё з тым жа безнадзейным адчаем, мальбою, вусцішнасцю…

Іван Аляксеевіч ішоў хутка, не азіраючыся, амаль бег па сцежцы, ужо далекавата быў ад паляны — а голас усё даганяў і біў па вушах і па мазгах, як малаток у суседзяў за сцяною, калі табе, адурэламу, нічога не застаецца, як чакаць і механічна лічыць: раз… два… сем… семнаццаць… Ужо станцыя відаць была ўперадзе, лес застаўся ззаду, платы прыстанцыйных хат пайшлі і скончыліся, а ўсё яшчэ чуваць было:

— У-а-і-у-у!.. — нібы гэта не ён уцякаў, аддаляўся ад яе, а яна ад яго — мо і сапраўды пайшла ў лес, далей, глыбей. З такой галавой заблудзішся… Блудзішся… Блуд…

Нечаканая падобнасць такіх, здавалася б, розных слоў азадачыла, і зацікавіла Івана Аляксеевіча, і нават на міг прымусіла забыць на лясную няшчасніцу. Заблудзіцца — і блуд… Мала знаёмы з тонкасцямі філалогіі, хіба што на ўзроўні ненарматыўнай «вадзіцельскай» лексікі, ён (як, зрэшты, і мы ўсе) пад словам «блуд» звычайна разумеў адно: оргіі, распусту, амаральнасць поўную… А мо гэта ўсяго толькі ад нявіннага заблудны — заблукалы? Разгублены ў незнаёмым месцы, у чужым горадзе, у лесе… У жыцці… Збіўся з тропу — вось і блудзіць, кідаецца з боку ў бок… І трэба ўсяго толькі падказаць яму дарогу… Во хітра!

Заняты гэтай новай, такой, аказваецца, цікавай штукай Іван Аляксеевіч дайшоў да станцыі, купіў білет і неяк не паспеў заўважыць, якія змены адбыліся вакол. А між тым пацямнела добра, напаўзла хмара, аблажыла неба. Зноў пайшоў дожджык. Іван Аляксеевіч нават пад навес станцыі не стаў хавацца, наадварот, яшчэ і галаву падняў, падстаўляючы твар рэдкім пакуль кроплям. Душна яму было. Ажно пад пахамі ўзмакрэў… І неспакойна неяк.

Сапраўдны дождж лінуў, калі пад’ехала электрычка, і людзі — а многа іх было, поўны перон — рынуліся, палезлі, караскаючыся па крутых сходах-прыступках, у вагоны, тады ён і хлынуў, як неба парвала — такі ўмазаў!

Івана Аляксеевіча ўнеслі ў тамбур, затым у вагон. Электрычка кранулася. Заціснуты, перакручаны, мокры ад поту, ён глядзеў у вакно і нічога не бачыў там, адно суцэльную залеву. Чыйсьці локаць балюча ўпіраўся ў левую грудзіну. Які рэзкі перапад атмасфернага ціску!.. І чаму так ціснуць з усіх бакоў людзі!.. І як цёмна, нічога не відаць, толькі густыя цяжкія кроплі стукаюць ў шыбіны… А ёй як там, на палянцы?.. Ці здагадалася хоць пад дрэва стаць? Ён жа нічым не рызыкаваў… Не рэзалі ж яе, не тапілася яна, не было нікога побач… Пытала ж усяго толькі, куды ісці… Ну што, зямля правалілася б пад нагамі, калі б падыйшоў, паказаў, вывеў… Мала ці што… Мала што! Як жа цесна, душна, кепска, і сэрца баліць!..

На чарговым прыпынку людзей яшчэ дабавілася, ніхто не выходзіў, толькі залазілі, шумныя, мокрыя, са сваімі сумкамі, вёдрамі, парасонамі, вудкамі, кошыкамі, каляскамі, чорт ведае з чым, і ўсё гэта такое агрэсіўнае, калючае, штурхаецца, чапляецца, б’ецца, драпаецца і цісне, цісне адусюль…