Выбрать главу

Тупы прыемна здзіўлены. Ён нават мармыча штосьці, якіясь прабачэнні…

— Шэлепень, — хістаючыся (дзяўчына падтрымлівае мяне, Тупы глядзіць на гэта з разуменнем, з павагаю), выцягваю з кішэні ўжо зашмальцаваны канверт, — вы вось мяне выгналі, а мяне хваляць, у Мінску ведаюць…

Тупы тупа глядзіць на канверт.

— Гэта нічога не значыць, — кажа ён не зусім упэўнена, нават крышку трусліва. — І Героя Савецкага Саюза можна выселіць з абшчагі…

Якая дурасць, шэрасць, душната! Я шчаслівы. Я не ваш. Я знайшоў сябе. Я цяпер ведаю, кім буду. Як мне жыць. Хто будзе мяне акружаць.

У гэтым сінім канверце — мой новы, бясконца сіні свет.

27. Эпілог І-ай часткі

І так, падаб’ем бабкі, падвядзем рахункі. Што атрымалася ў нашым паўмастацкім творы?

У меру сіл мы хацелі прасачыць на адной канкрэтна ўзятай біяграфіі, на гэтых зведзеных у адно выпадках, гісторыях, сітуацыях зародак творчасці. Як у народзе кажуць — адкуль што бярэцца?

Чалавек дзякуючы такой біяграфіі абавязкова рана ці позна павінен быў бы пісаць, ці ён ужо нарадзіўся «дзвінутым»?..

Папутна мы паспрабавалі разгледзець яшчэ некалькі рэчаў.

— Даўгалецце. Чаму адны творцы могуць жыць адносна доўга, а другія, зусім не пакрыўджаныя ні здароўем, ні талентам — мала?

— Творчасць і жанчына. Яны заўсёды поруч. Жанчына выклікае творчасць, спараджае яе, яна — лагода, пацалункі, сэкс, ежа, пахвальба; яна ж — небяспека, кроў, страх, боль…

— Загадка ўвогуле творчасці. Гэта дабро ці зло? Гэта п’яўка, якая смокча з цябе усе сокі, гэта Молах, на алтар якому трэба класці лепшыя сілы душы, а падчас і само жыццё, ці гэта (калі ўмерыць эмоцыі) такая штука, якая пры бліжэйшым разглядзе можа памагчы творцу?

ЧАСТКА ДРУГАЯ

1. Трыццаць дзве літары

Чалавек чытае мастацкую, ды і не толькі мастацкую, літаратуру, нават не важна, якой якасці, — і сам ва ўяўленні дабудоўвае малюнак!

Гэта, калі разабрацца, проста фантастыка: ты бачыш дробныя чорныя значкі на белай паперы, а ў галаве ў цябе ўзнікаюць вобразы, характары, ідэі…

Аднак яшчэ большая фантастыка, яшчэ дзівейшае дзіва: 32 літары, 32 бочачкі лато, і іх трэба ўсяго толькі перамешваць у галаве, складаючы з іх розныя словы, думкі, сітуацыі, а ў выніку — ствараючы свой уласны Сусвет.

Усім аднолькава дадзены гэтыя 32 літары, яны, груба кажучы, закладзены ў кожную галаву, як у мясарубку, і хто б растлумачыў, чаму далёка не з кожнай мясарубкі выходзіць якасны фарш?..

2. Мікашы

На размеркаванні пасля тэхнікума спыталі: «Куды хочаш?» — «Застацца ў Мазыры». — «Не, едзь у Пінск». І якая ім была розніца. Каб сказаў, хачу ў Пінск — пакінулі б у Мазыры.

У Пінску, як у фільме «Каралева бензакалонкі», няўцямна паглядзелі на мае паперы, паціснулі плячыма, пераглянуліся і вынеслі вердыкт:

— У Мікашэвічы! Там табе самае месца. Будзеш бетон цягаць і цэглу класці. Усё роўна ў армію хутка. (Па дыпломе мне павінны былі даць пасаду майстра, нават прараба.)

Сёе-тое пра гэты пасёлачак я ведаў. Напрыклад, што гэта пагранічча — па рацэ Случ праходзіла мяжа паміж палескімі Заходняй і Усходняй Беларусямі. Ведаў пра славуты на ўсю Еўропу мікашэвіцкі граніт. І, нарэшце, вершык:

Микаши, Микаши, Голубые дали! Мы такие Микаши На… видали.

Ну і дарэмна. Вельмі сімпатычнае, асабліва для мяне, прывыклага да савецка-ўсходняй архітэктуры, кампактнае мястэчка, гарадок, дзе мірна і гарманічна суіснуюць сучасныя мікрараёны і старыя паселішчы — фрагменты еўрапейшчыны. Мала пасля ў жыцці я сустракаў больш добрых людзей, чым мікашэўцы. Мяне адразу палюбілі. І гэта пры тым, што я прыйшоў ніадкуль і хутка пайду ў нікуды, часовы чалавек. Будаўнічая брыгада. Абеды — пароўну, выпіўка — мне першаму. Вазілі матацыкламі на Прыпяць, лавіць у карчах рукамі сонных жнівеньскіх акунёў і лінёў… Паказвалі грыбныя мясціны.

Самы яркі, шчымлівы ўспамін. Трэцяя змена, з 10 вечара да 3 ночы. Вібратар, бетон, апалубкі, святло пражэктараў… Пад раніцу вяртаемся з гранітнага кар’ера ў пасёлак спецыяльным аўтобусам. У аўтобусе цёмна. І такая еднасць (у «Адным дні Івана Дзянісавіча» геніяльна схопленая; цяжка дараваць В. Быкаву, які абазваў гэты шэдэўр «каляднай казачкай»), такая да слёз заміранасць, замілаванасць, што вось скажы — аддай за кожнага жыццё — аддаў бы, а яны — упэўнены, за мяне аддалі б.