Выбрать главу

У адчаі, упэўнены, што паўторыцца ўчарашняе, падыходжу.

— Ой, Андрушка, ты такі разумненькі…

— Не кажы настаўніцы, Воль Савелеўне… Не скажаш?

— Ты скажы, што Сцяпан цябе біў. А мы цябе за гэта будзем хваліць, дружыць з табою…

Божа! Бываюць жа дзівы на свеце! Ды я за вас… гатовы… Як жа мне пашэнціла! Сцяпан — мой старэйшы стрыечны брат, але чаго не зробіш дзеля шчасця быць прынятым у камнанію!

Настаўніца, у якой я любімчык, глянула на маю морду і пляснула рукамі.

— Цябе што, білі ўчора? Хто?

— Сцяпан, — мармычу. Сцяпан сядзіць тут жа, пачатковыя класы, і першы і трэці, у адным памяшканні.

У Вольгі Савелеўны ад гневу твар ідзе плямамі. Яна падскоквае і лупіць непавіннага чалавека лінейкаю, рукамі…

Сцяпан плача горкімі слязьмі.

7. Вольнаму — воля, уратаваным — рай

Ну што? Даволі міленькія, сімпатычныя фрэскі. Мазаіка, асколкі… Нават нібыта не схаластычныя, а сістэмныя — адлежаныя ў часе, працэджаныя памяццю… Маючыя права на існаванне.

І гэта ўсё? Як у тым анекдоце, дзе п’яны міліцыянер спыняе п’янага вадзіцеля: «Чаму двое за рулём?» — «Варта з-за гэтага машыну акружаць?»

Варта дзеля гэтага столькі псаваць паперы і забіраць у сябе і ў людзей такі каштоўны, так хутка лятучы час?

Як гэтыя фрагменты скласці ў адно цэлае, каб атрымалася карціна, як знайсці кожнай фрэсцы, кожнаму фрагменту сваё месца?

Як удыхнуць у гэты кавалак гліны жыццё?

Не можа ж быць, каб рана ці позна колькасць не пачала перарастаць ў якасць.

Некаторыя мініяцюры-штучкі-карацелькі пісаліся гадоў 15, нават 20 назад — і так і не пабачылі свет. Іншыя, у т.л. і вялікія апавяданні — друкаваліся, але па сённяшні дзень не выйшлі асобнай кнігаю. І ведаеце, чакаць не збіраюся, калі выйдуць, тым больш ніякіх асаблівых перспектыў на гарызонце не маячыць. Да таго ж, мой матэрыял, як хачу, так ім кручу.

Тады — далей. Прыблізна гэтак, як ёсць, форма збольшага акрэсліваецца. Уступ, падрыхтоўка, кавалачак мастацкага, абагульненне, вынік… І ўсё гэта перасыпана разважаннямі сябе цяперашняга, адступленнямі, тлумачэннямі…

Галоўнае — шырэй, глыбей, свабодней! Вольнаму воля, уратаваным рай. Раман-эсэ, гэта так здорава, нібы плыць па цячэнні на спіне, легці, раскінуць ушыркі стамлёныя рукі… Не, лепш скласці іх на грудзях і — «плыть, плыть, плыть —

Мимо церковных рам, Мимо семейных драм, Мимо могильных плит, Мимо родной ветлы, Мимо зовущих нас Милых сиротских глаз…»

Толькі хочацца памяняць на «милых влюблённых глаз».

8. Кнігі

Шэсць-сем гадоў, 1–2 клас.

Кнігі са школьнай бібліятэкі (дзве паліцы ў шафе) выдаюцца нам толькі па суботах. Адна кніжачка ў рукі — на ўвесь тыдзень. Не будзем забываць, што ні тэлевізара, ні кампутара, ні мабільніка; кнігі — адзіная забава і ўцеха, а дзіцячы розум яшчэ такі чысты, нечапаны і так гатовы ўбіраць у сябе, насычацца, напітвацца добрым, карысным, новым…

Аднак мазгі нашы пільна ахоўваюцца. Няма чаго іх чыткаю засмечваць, «усе беды ад філалогіі» (Іянеску).

Кніжачка тоненькая, зазвычай там усяго адна казачка ці апавяданне з камарыны нос — прачытваецца на хаду, пакуль ідзеш ад школы да хаты, і да наступнай суботы літаральна вывучваецца на памяць.

У суботу, перш чым атрымаць новую брашурку, трэба расказаць змест прачытанай. Выходзім па чарзе да стала, кладзем кніжку, яна абглядваецца, ці не ставілі патэльню, ці ўсе старонкі на месцы.

— Прачытаў?

— Мгу.

— Расказвай.

«Расказвай» маецца на ўвазе менавіта перадавай слова ў слова. І не дай Бог адступіць ад аўтарскага тэксту — новай кнігі табе не відаць, забярэш старую.

— «Звери собрались на день рождения к слону. Мать-слониха испекла вкусного печенья…»

Была ў нас адна-адзіная тоўстая, у цвёрдай вокладцы кніжка, «Пастка» Сымона Баранавых, усіхняя наша мара. Але як забраў яе той самы дурны Адам, так і пратрымаў у сябе роўна год. Кожную суботу адна і тая ж камедыя — Адам выходзіць:

— Да нас прыехаў дзядзька Цімох. Маці спякла смачную яечню.

І ўсё. Два сказы. Як мы яго ненавідзелі за гэтую яечню! І як з таго часу ў нас, аднакласнікаў, доўга яшчэ крылатым выразам абазначэння тупасці было: «Усё гэта на ўзроўні „да нас прыехаў дзядзька Цімох“».

Калі ж нарэшце я змог яе атрымаць, і прачытаў, мяне чакала моцнае расчараванне. Справа ў тым, што я палюбіў менавіта гэтага адмоўнага героя, кулака-міраеда дзядзьку Цімоха. Ён мне так спадабаўся сваёй вясковасцю, грунтоўнасцю, беларускасцю, і так шкада было, калі яго арыштавалі органы.