Харошы магАзін быў, жывы, свой, цёплы. Не толькі тэмператураю ў слотныя і зімовыя дні — душой сваёй цёплы. Чаго і каго ты толькі не набачыўся, не наслухаўся за свой век, колькі гісторый ведаеш і нікому не скажаш?
Напрыклад, мой лёс. Усялякага ты мяне помніў, любога бачыў. І малога з цукеркамі, і большага з цыгарэтамі, і яшчэ большага — калі ўпершыню паспрабаваў «чарніла»-гадасці… І калі мне было 20, пасля арміі, і стаяў я на раздарожжы, ці, лепш сказаць, сядзеў на кукішках перад грубкаю. Зіма траскучая. Пляшка «чарніла» ў адной руцэ, «астрына» ў другой… Патлаты, няголены, расхлістаны — у прамым і ў пераносным сэнсе, фізічна і духоўна. І канечне ж, вакол бабы-квактухі са сваім увязаным у клункі хлебам, вочы радыя-радыя, а галасы сумныя-сумныя.
— …Як і п’е, то ён шкоды не робіць, не б’ецца, не сварыцца…
— І не сварыцца, маладзіца, а што п’е, дык ён не ўкраў, а за свае… Жаніцца яму трэба!
— Хто за мяне пойдзе? — я. (Трэба ўмець, ведаць, чым ім дагадзіць.)
— А мо дасць Бог. Цяпер жа і дзеўкі ўсякія бываюць…
Ах, якім алеем па грудзях было ім гэта слухаць, а мне — такое казаць! Усё, жыццё скончана ў 20 год. Ну што ж, прападу, сап’юся — «это многих славный путь!» Яшчэ парачку!.. Як прыемна разыгрываць з сябе спітага, «кончанага», да чаго ж салодкае гэта пачуццё — усіхняй забытасці, адрынутасці, адзіноты… Як тады людзі пачынаюць мякчэць, раскрывацца, шкадаваць цябе, памагаць табе…
На самой справе падсвядома ішло назапашванне матэрыялу, усё капілася невядома для чаго — ці, якраз такі, вельмі добра вядома, для чаго: адбывалася своеасаблівае «зацяжарванне», якое не магло не скончыцца родамі; як скажа пазней у рэдакцыі «Маладосці» першы ўбачаны мною жывы пісьменнік, Уладзімір Саламаха: «Нарыў, які будзе прарываць, хочаш ты таго, ці не».
17. Вёска
Канечне ж, неўзабаве гэтая гульня перайшла б у проста жыццё, і тады сам не заўважыў бы, як зрабіўся б тым, у каго гуляеш.
Усё да таго йшло. Не бачылася магчымасці нікуды вырывання.
Можна спытаць — а куды вырывацца? Навошта? Пасля аповесці «Вёска», у якой я, хочучы праклясці сялянскае жыццё, міжволі блаславіў яго, крытыкі пісалі: «Нашто герой некуды імкнуўся? Яму ж рай там быў».
Вось толькі з гэтага рая, як у прымаўцы, «не выйдзе ні…», словам, анічога. Рай там быў да 14 гадоў, а пасля для таго, хто не паспеў і спазніўся, пачыналася пекла. І вырыванне з тагачаснай вясковай рамантыкі было сінонімам слову «жыць».
Аднак неаднойчы яшчэ я пачую ад самых розных людзей карысныя парады.
Сяргей Дубавец: «Ну, скончыш інстытут, застанешся ў Мінску і ці прападзеш, ці яшчэ горш — станеш такім жа пісьменнікам, як усе яны. Трэба жыць у вёсцы, сярод народа…»
Алесь Рыбак: «Эх, мне б вашы гады… Пераехаў бы ў вёску, пісаў бы там на прасторы…»
Іван Пташнікаў: «Каб мне ваша маладосць!.. Я б пешкі пайшоў па Беларусі, потым асеў бы ў вёсцы…»
Анатоль Сыс, доўга не могучы мне дараваць працу ў «Полымі» (ён лічыў, што я займаю яго месца): «У Бярозаўку, (…)!» (Бярозаўка — гэта мая вёска.)
Калі Булгакаву аднойчы пачалі даказваць, што ён «павінен змагацца за чысціню тэатральных прынцыпаў» і т. п., і прыводзілі аргумент:
— Вы ж прывыклі галадаць, чаго вам баяцца! — Булгакаў адказваў:
— Я, канечне, прывык галадаць, але не вельмі люблю гэта. Так што вы ўжо самі змагайцеся.
«Менавіта таму, дарагія, што я дастаткова там пажыў і ведаю, што гэта за мёд, я туды не вельмі імкнуся — вы ўжо самі там жывіце».
18. Субяседаванне
Лёгка сказаць — вырвацца.
Трэба не проста з’ехаць упрочкі. Трэба была абавязкова вышэйшая навучальная ўстанова, і абавязкова звязаная з літаратураю, бо залежнасць ад яе была ўжо куды мацнейшай, чым ад таго ж спіртнога.