Як гэта зрабіць? Без грошай, без блату, без «чырвонага дыплома», без накіравання? У кожнае ВНУ каля дзесяці чалавек на месца. Плюс гуманітарныя ВНУ патрабуюць, каб меў нейкае дачыненне да творчасці (а ўся мая «творчасць» — сіні канверт ды два вершыкі ў раёнцы, і тыя згубіліся). І тут, як не раз яшчэ здарыцца ў жыцці, памагла армія, радок з характарыстыкі: «активно сотрудничал с „Боевым лиском“, некоторое время являлся редактором его…»
З гэтым радком узнікаў адзін з сотні шанс быць — не, не дапушчаным да экзаменаў, не стаць абітурыентам, а ўсяго толькі слухачом на падрыхтоўчым аддзяленні. І нават ім зрабіцца няпроста, трэба прайсці «субяседаванне». Тры прадметы: гісторыя? нямецкая? — не памятаю. Апошняя — літаратура. «Паднятая цаліна». Пашэнціла. «Всерьёз собрались Рваные шчупать Советскую власть…» Выдатна, пяць. Тры пяцёркі. (Як Бунін ніколі не змог прывыкнуць да савецкага правапісу, так я ніколі не прывыкну да цяперашняй дэбільнай дзесяцібалкі.)
Выйшаў на вуліцу. Іншымі вачыма агледзеў гэты горад, іншымі вушамі яго пачуў, іншымі ноздрамі ўдыхнуў яго паветра…
Вечар, цягнік, купэ, толькі я і нейкая жанчына. Дастаю пляшку «чарніла», набулькваю поўную, 250 грамаў шклянку, спакойна выпіваю да дна. І раптам жахлівы стогн:
— О-ох, Божа мой мілы, Божа літасцівы! Што ж гэта робіцца на белым свеце?!
19. Мінск
Як заўсёды ў такіх выпадках, доўга, месяцы два (дзелім на дні і гадзіны), цягнулася маўчанне. Мёртвае. І, як заўсёды, калі герой праходзіць усе неабходныя фазы: адчаю, злосці і абыякавасці — менавіта ў той момант з’яўляецца паведамленне з казённым штэмпелем.
Вось ён перада мной, гэты жоўта-шэры аркушык таннай (самай дарагой у свеце!) паперы, які правёў чарговую рэзкую мяжу паміж маім папярэднім жыццём і будучым.
«Прыёмная камісія паведамляе, што Вы залічаны…»
Мінску я ўжо дастаткова праспяваў дыфірамбаў. «Гэта мой горад». Ён зрабіў амаль немагчымае — залячыў боль адразання пупавіны; больш таго — ён прызнаў мяне, прыняў маю любоў і адказаў мне ўзаемнасцю. І дзе б мяне потым ні насіла, толькі калі апынаўся тут, супакойваліся душа і думкі…
Трэба ведаць, што ў той час кожны малады чалавек, які трапляў у Мінск, неўзабаве пачынаў гаварыць сабе: «Я беларус, і ганаруся гэтым»… Мінск здаваўся яму найвялікшым у свеце горадам, душа яго свабодна аддалася на тое, каб у ёй старанная рука напісала веру ў Бацькаўшчыну…
…Хвілінку, выбачаюся — тут выпадкова ўплішчылася чужое, а я забыў узяць у двукоссе. Але чые гэта два апошнія сказы?
Гэта піша ў 1944 годзе, за год да смерці, Кузьма Чорны ў сваім аўтабіяграфічным рамане.
Тады яшчэ крыху, ужо з двукоссем:
«…Адчуваў сябе на мяжы двух светаў: мінулага і будучыні, Заходняй Еўропы і Расіі, каталіцтва і праваслаўя…»
20. Вечарына
У мяне, як у Плюшкіна, нічога не прападае, усё пад рукою — бібліятэчна-бібліяграфічная адукацыя плюс сялянская натура.
Вось сімпатычны вузенькі запрашальнік:
«Паважаны таварыш!
на літаратурны вечар-сустрэчу
з Таварыствам маладых літаратараў
пры Саюзе пісьменнікаў БССР.
Чакаем Вас 10 снежня 1987 года».
Дыхнула трохі залатымі часамі? «Таварыш», «БССР»… Дом літаратара, паўнюткая зала. У першым радзе Законнікаў, Быкаў, Гілевіч, Брыль, Сачанка… Анатоль Сыс — вядучы. Дабіраюцца да майго ўрыўка «Заява» з аповесці «Мяжа», чытае прафесійны дыктар з радыё, светлай памяці Алесь Свістуновіч, чытае з такім уздымам, пафасам — як сапраўдную класіку, і як жа страшэнна сорамна слухаць гэта, і думаецца: ды каб ведаў, што яно будзе гучаць са сцэны, хіба так напісаў бы — стараўся б лепш у сто разоў!..
Тым не менш, дзякуючы Свістуновічу, гэтая амаль школьная слабізна праходзіць на «ўра». Мне перадаюць словы Барыса Іванавіча Сачанкі: «Не, у такім ключы, на такім узроўні аповесці ён не выцягне…» (Як у ваду глядзеў, аповесць з такой назваю я не напісаў.) Анатоль Сыс — Сяргею Законнікаву: «Ну што, возьмеце ў „Полымя“?» — «Калі ўся аповесць такая — возьмем». Запабягаючы наперад, у «Полымя» ўзялі не аповесць, а мяне самога, літаральна са студэнцкай парты, я вучыўся, здаваў экзамены і адначасова працаваў на поўную стаўку ў часопісе.
Міхась Тычына: «А ўсё так добра пачыналася — з’явілася апавяданне Андрэя Федарэнкі „Заява“, і пра яго дружна загаварылі. І „левыя“, і „правыя“, і „цэнтрысты“. Кожны знайшоў у творы нешта сваё: традыцыяналісты-бытапісальнікі — вернасць паказу жыцця „ў формах самога жыцця“, адкрывальнікі „новай літаратуры“ — смеласць у пастаноўцы „рабром“ вострых нацыянальных праблем. Над аб’ектыўным сэнсам намаляванай карціны, як водзіцца, мала хто задумаўся…»