…Пачаў прыглядацца да Алены. Яны ні аб чым не гаварылі. Мала-памалу ён звыкся глядзець на яе чысты, свежы, прыемны твар, успамінаў пасля самыя простыя яе словы, і яму здавалася, што сказаны яны былі якраз… толькі для яго.
Кахання не было. Ён баяўся гэтага слова, бо каханне асацыіравалася з нейкім рашучым учынкам і подзвігам, і гэты подзвіг уяўляўся Міцуру чамусьці — скочыць з шостага паверха ў агонь. Ён бы не змог гэтага зрабіць, таму не лічыў сябе закаханым. Ён глядзеў на яе на лекцыях і калі быў дома на канікулах, то думаў аб ёй… /Устаўка? якая?/
Пасля канікулаў ён пачаў горш вучыцца, а больш чытаць мастацкіх твораў, хочучы там адшукаць нешта падобнае, і чытаў без ладу, прапускаючы старонкі…
Пад уплывам таго ці іншага сюжэта ён уяўляў сябе і сваю будучыню. І яшчэ дзіўна, што чытаючы рэалістаў (…).
Чытаючы аб’ектыўных, «халодных» рэалістаў, ён сам загараўся, усё ў ім пачынала бунтаваць, некуды клікаць, з’яўлялася прага дзейнасці, і часта, адклаўшы кнігу, ён пачынаў хадзіць па пакоі, збіраючыся з думкамі, настолькі правільна, яму здавалася, адгадалі пісьменнікі, супадала (…). Калі ён чытаў, што ў закаханых усё добра, тады спакайнеў. Калі герой ехаў да гераіні, тады і ён пачынаў хвалявацца і думаў, а ці не схадзіць і яму ў госці? Калі гераіня здраджвала альбо нешта ў герояў разладжвалася — пачыналіся ягоныя пакуты. СУПЕРАЖЫВАННЕ. Уяўленне, узбуджанае да хваравітасці (…).
24. «Трыолет»
Складальнік буклета меў рацыю «з высокай духоўнасцю і няспынным пошукам ісціны». Канечне, цяпер такія людзі — атавізмы, выкапні, і мне самому ўжо слаба верыцца, што яны некалі — не так даўно! — існавалі.
Фіналам да «Гарадскога сшытка».
Дзяўчына, якую ўсе звалі «пана», альбо «паненка» (можа, і прататып Лены), узяла ў мяне магнітафон і не аддае каторы дзень. І дзверы не адчыняе. Бяру блакноцік, аловак, каб пакінуць запіску, стукаю — звыклае маўчанне. І тады замест запіскі складваецца наступнае:
Алесь Бяляцкі доўга рагатаў: «Прыдумаць жа такое!» Асабліва яго смяшыла рыфма: паненка — Федарэнка.
25. Адступленне
У 1988 годзе нарэшце я напісаў першую сваю людскую рэч, аповесць «Гісторыя хваробы» (любімае слова ў дачыненні да мяне некаторых творчых братоў).
Але і яна, тая аповесць, як пачыналася! «Газеты пісалі пра… ялцінскіх прастытутак, што ў дваццаць гадоў маглі лёгка набыць машыну апошняй мадэлі, нідзе не працуючы»…
Нічога сабе «нідзе не працуючы»! — наадварот, яшчэ як працуючы. А па-другое, бедныя ялцінскія прастытуткі. Вось спісак самых багатых людзей свету. Многа такіх, каму ўсяго крыху за 40. Мільярдэры. Мультымільярдэры. Беразоўскі і Гусінскі («два весёлых гуся»). Абрамовіч, Дзерыпаска — у апошнім ёсць штосьці ад «драць паскі» — лазу на лапці, і кароў «пасвіць»…
Грузінскі мільярдэр Бадры Патрыкацішвілі ўзяў ды і памёр у 53 гады ў Лондане. Ну што, сынку, пытаў у Андрэя Тарас Бульба, памаглі табе твае ляхі? Памаглі мільярды? Не злараднічаю — шкадую і спачуваю. Багатыя жывуць добра, але нядоўга? Справа не ў даўжыні жыцця. Парадокс, але жыццё іх прама прапарцыянальнае матэрыяльнаму накапленню: чым больш грошай, тым бядней, больш убогім яно робіцца незалежна ад іх. Нават у знешніх формах, калі глянуць збоку, нешта несур’ёзнае; ну што такое, на самой справе, што за палёт фантазіі: дзіця захацела цацку — яму купляюць які-небудзь цацачны караблік, багатыр-мільярдэр — набывае ўжо вялікую, «дарослую» яхту, дзіця гуляе «ў футбол» пластмасавымі ці алавянымі футбалісцікамі, алігарх — забаўляецца сапраўднымі жывымі дзецюкамі ў форме якога-небудзь «Арсенала»…
І шкода іх усіх, і смешна.
26. Эпілог ІІ часткі
Палкоўнікі, як правіла, лепшыя ваякі за генералаў, а генералы — за маршалаў.
«Адзін далёкі родзіч прыехаў на кватэру з бутэлкай і, як яна была выпіта, папрасіў пазычыць адзін мільён рублёў. Быў дужа здзіўлены, калі я сказаў, што такіх грошай у вочы не бачыў. „Які ж ты тады пісьменнік?“ — папракнуў ён. Сапраўды, жахлівая рэч — страта невядомасці, як пісаў разумны амерыканец Джон Стэйнбек» (В. Быкаў).