Выбрать главу

Я і сам гэта ведаю. Любы мог апынуцца на маім месцы. Наўрад ці я вызначаю аблічча цяперашняй беларускай літаратуры — я нават не ведаю, як гэта і што гэта такое — «вызначаць аблічча».

Ведаю толькі, што мне проста пашэнціла.

2. Не пашэнціла

Праз два гады. Мінская бальніца. Разарваная напалам пячонка, тры літры крыві ў брушной поласці. Перад аперацыяй знялі і аддалі жонцы нацельны крыжык. 4 гадзіны аперацыі і 2 — вываду з наркозу.

Рэанімацыя. Стан «стабільна цяжкі». Кожны дзень прасветка рэнтгенам, доза апраменьвання ад 50 да 100 флюраграфій за раз. Дактары паціскаюць плячыма і тлумачаць, што, у прынцыпе, пасля такіх аперацый не жывуць: абавязкова пачынаюцца абвастрэнні, запаленні, «адтаржэнні»…

У жонкі ад гора пачалі адстрэльвацца валасы. Правядзе па галаве — у руцэ пасма. «Адзінае, што можаце вы, — кажуць ёй дактары, — гэта ставіць у царкве свечкі, а адзінае, што можам мы — падтрымаць яго (змякчыць пераход у іншы свет) наркотыкамі. Але ж яны дарагія, усё кусаецца цяпер…»

За хабар пачынаюць усё ж мне іх выпісваць і калоць. У плячо, адзін раз у суткі, увечары пасля адбою, чамусьці ў цемры. Маладыя медсёстры. Калі добрая — уколе наркотык, калі злая — заменіць вітамінамі, а наркотык прыберажэ для сваіх хахаляў. І тады «белорашэ Мопассан энд Тшэхофф», падыхаючы ад болю і жаху, ледзь не выючы, не разумеў аднаго: чаму Бог адшкадаваў такога маленькага шчасця, як памерці на аперацыйным стале? У каго, у якога бухгалтара вымаліць сабе апошні ганарар — НЕ «дажыць да світання»?..

Каля двух месяцаў такіх дзён і такіх начэй. Людзі ў палаце мяняюцца. Я не магу слухаць, як яны з несур’ёзнымі драпінамі маладушнічаюць, ныюць, плачуць, звоняць жонкам, чапляюцца да дактароў: «Ах, мілы доктар, ратуйце!»

Лаюся на іх, крычу бруднымі мацюкамі на ўсю палату. Да мяне падыходзяць:

— Андрэй, ну хто вінаваты, што яны лёгкія, а ты цяжкі? Не ўсе ж такія цярплівыя. Проста табе не пашэнціла!

3.?

Значыць, выпадак? Усё залежыць ад выпадку?

Добра. Але ж нават у межах амплітуды гайдання гэтага маятніка: пашэнціла — не пашэнціла, варта і трэба жыць. А як на войнах, а колькі людзей пераносяць яшчэ не такое гора — і жывуць!

Не важна, колькі разоў ты ўпаў, важна, колькі падняўся.

Парадуйся Парыжу, перацярпі бальніцу і займайся тым, чым і да гэтага займаўся: пішы. Рабі тое, да чаго ляжыць душа, што ў цябе, як ты лічыш, лепш за іншае атрымліваецца, у чым ты бачыш сваё прызванне — а там як карта ляжа, там аддацца на волю закону: пашэнціла — не пашэнціла.

Тым больш мне тады было пад сорак, некаторыя празаікі толькі пачынаюць у такім узросце. У мяне ўсё ж быў вопыт, вера ў літаратуру як у доктара, веданне, як яна можа лячыць, даючы гэтае чароўнае забыццё — любы выпадак, любую падзею: смерць, нараджэнне, жаніцьбу, развод, радасць, гора, хваробу, старасць, беднасць і занядбанасць, славу і багацце — усё можна раскласці па палічках, растлумачыць, пераплавіць у мастацкія вобразы і супакоіцца.

Аднак нешта зламалася ва мне. Па інерцыі я яшчэ дацягваў пачатае старое, але ўжо неахвотна, без энтузіязму. Літаратура раптам згубіла ранейшыя фарбы і гукі. Я не бачыў стымулу пісаць далей. Не ведаў, пра што, для каго і навошта?

Але як жа так?

На літаратуру было пастаўлена ўсё. Яна была чымсьці вечным, непарушным, адзіным, што мела сэнс у жыцці, больш таго — яна была вышэй за жыццё, бо была самадастатковай, значыць, не магла быць пераможана нічым, і ў сваю чаргу, з’яўляючыся своеасаблівым «страхавым полісам», павінна была аберагаць ад любога выпадку, любой нечаканасці.

І вось гэтая страхоўшчыца, ратавальшчыца, самадастаткоўшчыца адыходзіць з першага плану на невядома які. Перастае памагаць. І да яе з’яўляюцца апатыя і агіда.

Трэба было тэрмінова разабрацца з гэтым. Інакш усё губляла сэнс. Інакш я проста не змагу пісаць далей, адпаведна, і жыць.

Пра тое, каб знайсці літаратуры замену, я не дапускаў і думкі. Я адчуваў, што нічога ў свеце больш не паможа — толькі магчымасць выбіцца зноў на знаёмыя каляіны.

І я ліхаманкава пачаў ўспамінаць, дзеля чаго я рабіў гэта раней. Чаму мне так падабалася выдумляць мастацкія творы? Што вадзіла рукою столькі гадоў? Пісаў ад няма чаго рабіць? Для стварэння «галерэі нацыянальных тыпаў»? Шукаў «станоўчага героя»? Ці хацеў стаць «прарокам», якімсьці «народным», ці нейкім лаўрэатам?

А можа, гэта быў звычайны пісьменніцкі стандартны набор? Чытачы? Слава? Грошы?

4. Грошы

Я не ханжа. І часам вельмі шкадую, што Бог не даў мне такога «нумізматычнага» таленту, і зайздрошчу беражлівым людзям.