Выбрать главу

Нататка, падпісаная інспектарам камісіі па справах непаўналетніх, называлася «Забавы падлеткаў». Гарадскія хлопцы ўкралі (цяпер пішуць — скралі, «во ўжо дзе ненавіджу!» — Сыс бы сказаў) са стайні калгаснага каня, каталіся, мучылі яго ўсю ноч, а раніцай адпусцілі. «Бацькі павінны больш пільна сачыць за тым, чым забаўляюцца ў вольны час іх дзеці», — мякка заключае ў канцы інспектар. Я ж так жыва ўявіў таго каня, як ён цэлы дзень працаваў, уночы марыў паесці, адпачыць…

І напісалася апавяданне. Такое прыкранька-сентыментальнае. Як і ўсе яны, калі нароўні з людзьмі дзейнічаюць жывёлы.

Адзінокая, ды яшчэ і кульгавая жанчына Алена, малаказборшчыца (ездзілі колісь такія па хатах з раніцы, з бідонамі ў возе, збіралі малако — як казалі, «для арміі»), мела старога каня Трутня. Ён жыў у яе дома. Але мець цяглавую сілу тады забаранялася. Час ад часу, калі наязджалі з горада правяральшчыкі, старшыня загадваў ёй адводзіць Трутня на стайню.

Ад конюха яна даведваецца, што з блізкага горада амаль кожную ноч сюды прыходзяць падлеткі. Забіраюць коней, а пад раніцу адпускаюць. Ніякай рады ім даць не можна: конюх стары, мясцовыя мужчыны з гарадской шпаною звязвацца баяцца, міліцыя адмахваецца, бо, у прынцыпе, крымінальнага парушэння тут няма — фармальна падлеткі коней не крадуць, а толькі «бяруць у карыстанне», як бы цяпер, напрыклад, чужую машыну — узяў, пакатаўся, паставіў назад, і калі нічога з машыны не прапала, крымінальнай адказнасці за гэта не прадугледжана — хіба што калі зловіць гаспадар, дык начысціць морду.

Алена слухае конюха, прыгадвае, што сапраўды чула начамі на вуліцы гіканнне і конскі тупат. Яна баіцца, каб і яе каня не забралі. Конюх суцяшае яе, што такі замораны шкілет нікому не трэба.

Аднак начныя гулякі выбіраюць менавіта гэтага Трутня (інакш не было б апавядання).

6. «Труцень»

…Алег прыслухаўся, азірнуўся і ўбачыў у тумане пляміну святла, якая досыць хутка набліжалася і большала.

— Матрос! — пазваў ён ціха.

— Чую.

Матрос з’ехаў з асфальту на край насыпнога вала, прытрымаў каня, Алег — таксама.

— Што за чорт! — углядаючыся, устрывожыўся раптам Матрос. I калі машына, асляпіўшы іх фарамі, параўнялася, ускрыкнуў: — А-а!

Машына затармазіла так рэзка, што кінуліся ўбок коні, і ў Алегаў твар паляцелі дробныя каменьчыкі.

— Мянты! — звонка крыкнуў Матрос. — У лес!

Ён мог бы і не крычаць. Напужаны святлом, віскам тармазоў конь пад Алегам ляцеў, не выбіраючы дарогі. Пад капытамі нешта трашчала, чаўкала і гэтаксама трашчала і чаўкала ззаду. Матрос? Ці гоняцца? Алег ляжаў грудзямі на мокрай кастлявай шыі, якая хадзіла пад ім і муляла, і з жахам чакаў, што вось-вось зляціць у гэтую цемру, у гразь, пад ногі свайму ці Матросаваму каню. Адной далонню ён закрываў вочы, а ў другой намёртва заціснуў пук грывы. Пра аброць ён даўно забыўся, і павады целяпаліся недзе каля конскіх каленяў.

— …Аве-ей! — данеслася да яго, але ён нават не паварушыўся. «Зараз, я, заб’юся… Зараз, я, заб’юся…» — скакала ў ягонай галаве, акрэслівалася нават у нейкую мелодыю, як у чалавека, што едзе цягніком.

Матрос скакаў увесь час ззаду, за Алегам, і ў думках хваліў яго за кемлівасць. Алег быццам чытаў ягоныя думкі: нацянькі, праз лес, выскачыць на паплоўчык, там перачакаць і, можа, нават лесам ужо і дабірацца да горада. Але нечакана Алег рэзка ўзяў управа, а Матрос ведаў — там балота, і вельмі проста можа здарыцца, што конь, даўшы паўз балота круг, вынесе зноў праменька да міліцэйскай машыны. «Правей!» — крыкнуў ён, і ў той жа момант пачуў, як нешта цяжка бухнула на зямлю, і прыглушаны Алегаў ускрык.

Алег стаяў, прываліўшыся бокам да алешыны і заціскаў рукою плячо. З-пад парванае кашулі свяцілася голае цела.

— Во, чорт! — выдыхнуў узрадаваны Матрос. — Я думаў, ты ўжо халодны.

— Ай-яй, плячо!.. — прастагнаў Алег, падымаючы і апускаючы руку.

— Стукнуўся моцна? — Матрос саскочыў на мяккую балотную зямлю. — А дзе конь?

— Я яго, мабыць, загнаў… Вунь! — паказаў рукою Алег.

Матрос глянуў туды і ўбачыў, што тое маўклівае і чорнае, што ён спачатку палічыў за тоўстае бервяно, і было канём.

— Загнаў… Каня не загоніш праз кіламетр. — Ён падышоў да маўклівага і чорнага (конь ляжаў) і, намацаўшы аброць, ірвануў на сябе: — Но!

Конь тузануўся наперад, але не зрабіў нават намагання падняцца. Матрос шморгнуў яшчэ і здагадаўся, што тут нешта не тое. Чыркнуў запалкаю, закрываючы яе далонню, схіліўся бліжэй, сунуў другую руку каню пад жывот і ўсё зразумеў: пярэдняя нага ў каня моцна сядзела паміж тоўстымі каранямі магутнай балотнай вольхі. Карані адыходзілі ад ствала ва ўсе бакі і, як адросткі спрута, здавалася, прыпадымалі алешыну над зямлёю. Падышоў Алег і таксама нагнуўся, каб глянуць, але запалка патухла. Матрос падзьмухаў на пальцы.