Выбрать главу

— Што? — прашаптаў Алег.

— Нагу ў карані ўпёр… Сам не вылезе. А пакінем — здохне на… Тады ўжо іменна — чысты крадзеж! Я ж табе крычаў «управа».

— Здохне? I… што? — Алег нават забыўся на боль у плячы. «Турма? Ці калонія?» — халадзеючы, падумаў ён.

— Штраф! — Матрос плюнуў.— Упякуць рублёў па дзвесце. Ён жывы рубля не варты, а здохлага ацэняць як залатога. Выламай галузіну і аперажы добра! — распарадзіўся ён. — Ці бізун там недзе пад лазою…

Алег вобмацкам, хапаючыся, выламаў маладую алешыну і, пакуль церабіў, ліхаманкава перабіраў у думках: «Штаны — сто дваццаць рублёў, куртка — сто, красоўкі, туфлі, магнітафон чатырыста рублёў…» За тыя рэчы, якія ён насіў на сабе і якімі была завалена кватэра, яго пакой, бацькі, калі верыць Матросу, што за каня запатрабуюць чатырыста рублёў, заплацілі як за табун коней. Алегу стала лягчэй — ён не сумняваўся, што, як прыпячэ, яны заплоцяць не толькі чатырыста, але й яшчэ шмат-шмат грошай… Толькі няўжо прыпячэ, няўжо такое будзе?

Алег нерашуча падступіўся да каня. Матрос узяў за аброць.

— Бі!

Алег заплюшчыў вочы і ўдарыў па чорнай спіне. Ён ледзь паспеў адскочыць, бо конь з нечаканаю прыткасцю падкінуў зад, адначасна брыкнуўшы паветра. Вызваліцца яму не ўдалося.

— Бі тоўстым канцом! — шморгаючы за аброць, закрычаў Матрос.

Але конь стаяў цяпер з паднятым задам, брыкаўся і пагрозліва пырхаў.

— Ідзі па бізун! Бегаеш з гэтай палкай, як…

— Віця, кідай яго! — узмаліўся раптам Алег. — Ну, заўтра скажам, дзе гэты конь, пісьмо напішам і прышлем!

Моўчкі Матрос выпусціў павады і пабег да лазіны, намацаў у мокрай траве бізун і, вярнуўшыся, схапіў Алега загрудкі.

— Пайшоў… адсюль, — прашыпеў ён, — пакуль я добры. Бягом! — ён адштурхнуў Алега, размахнуўся і са свістам секануў каня па галаве.

Конь, як пасля ўспамінаў Алег, падскочыў на паўметра ўгору — Алегу здалося, што, перабіраючы ў паветры капытамі, конь ляціць проста на яго. Алег упаў на спіну ў твань, закрыўшы твар рукамі, але ўжо ў наступную хвіліну перакуліўся на карачкі і што было сілы кінуўся ў лес.

Напалоханы сам, Матрос стаяў у лазовым кусце і глядзеў, што робіцца з канём. Пасля ўдару той, мабыць, вырваў з пасткі нагу, але з зямлі не падымаўся. Матрос паслухаў трохі, як конь цяжка соп, ці то ён так стагнаў, паслухаў і ўжо смялей вылез з куста. Калі адвязваў свайго каня, той хрыпеў і не даваўся ў рукі.

А Алег тым часам, залезшы ў нейкі ажыннік, увесь абдзёрты, мокры, як мыш, выбраўся на шашу.

Ішоў не шашою, а паўз саменькі лес, спыняўся, прыслухоўваўся і быў гатовы кожную хвіліну кінуцца ў гэты мокры страшны лес. Было ціха. Калі з высокага месца замільгалі агні горада, ён аж трошкі ўсхліпнуў. «Я тут блукаю, мокры, галодны, а Алачка… Ты недзе спіш пад цёплай пушыстаю коўдраю — самая лепшая, самая прыгожая мая дзяўчынка! Спі сабе, — гаварыў ён, выціраючы слёзы замілавання, — спі, не чакай мяне, не думай пра мяне! Я чалавек кончаны!»

Ён шаптаў і добра ведаў, што ніякі ён не кончаны, і ніхто, акрамя бацькоў, яго не чакае. Але думаць так было прыемна — тым больш прыемна, што ўсё скончылася. «А магло ж і не скончыцца… Ой-ой! Маглі б забраць у міліцыю, мог бы скалечыць конь, я мог бы павыбіваць сабе вочы… Мяне маглі, урэшце, судзіць! Судзіць! У дзесятым класе, выдатніка!.. I нічога гэтага не здарылася, можна жыць як і жыў».

«Шчасце… я шчаслівы! — шаптаў ён, але думаў, што цяпер ён будзе ведаць тое, чаго не ведае Алачка, і калі ёй аб гэтым расказаць, дык ён у яе вачах… Алег палохаўся, быццам нехта мог пачытаць гэтыя думкі і зрабіць не так, і шаптаў: — Добра, што ўсё абышлося! Больш мне нічога не трэба — толькі быць другі раз разумнейшым…»

Рана, не было яшчэ і пяці, Алена прачнулася і ўспомніла, што па каня трэба ісці на стайню, што трэба ўжо ўставаць. Трэба было яшчэ выграбці з печы попел. Яна паднялася, накінула на плечы хустку і пайшла на двор, па вядро з венікам. На вуліцы заіржаў конь. Алена адчыніла весніцы.

Труцень стаяў з паднятай пярэдняй нагой, якая ад капыта да самага калена была тоўстая, як калода. Дрыготкімі рукамі Алена стала здымаць аброць і раптам войкнула і адхіснулася. З чорнай дзіркі пад рассечаным брывом, адтуль, дзе раней было вока, звісала доўгая крывяністая плеўка.