Выбрать главу

Я вырашыў звярнуцца да дзённікаў. Харошая рэч. Я даволі рэгулярна вяду іх з 1986 года. Можа, там, у тым жа славутым раёне 23–25 гадоў адшукаюцца чыстыя дэбютныя мары?.. Паўгалодны, малады, амбіцыёзны, самалюбівы… Піша начамі, рыхтуецца да прэмій у Расійскай або сваёй Акадэміі навук, да будучага Парыжа, ставіць перад сабой высокія мэты…

Жудасць навалілася на мяне, як толькі вочы пачалі выхопліваць словы і радкі пад датамі 87, 88, 89.

Мне проста стала кепска. Гэта быў кашмар. Гэта былі штохвілінныя фіксацыі стану, такое самакалупанне, такое страхоцце, такія замарочкі, такая гадасная дрэнь, якой маглі б пазайздросціць нашы прафесійныя «чарнушнікі». Каб не знаёмы почырк (ён у мяне не мяняўся ад школы да цяпер), я б не паверыў, што гэта маё.

З 88 па 89 большая частка выдрана, спалена, знішчана — як чорная метка, як нядобрая, начараваная, намоўленая рэч; ужо тады адчуваў, што нельга такое трымаць у кватэры. Па той жа прычыне, відаць, і не карыстаўся тымі дзённікамі, баяўся перачытваць нават тое, што засталося…

Нічога я з іх не ўзяў і цяпер. Аднак сёе-тое ўспомніў.

17. Душ

У інтэрнаце блочная сістэма: на два пакоі — прыбіральня і душ. Душ з двух аддзяленняў, кожнае метр квадратны. Душна, затое «ўласны кабінет». Тут я даволі някепска атабарыўся: скрынка замест століка, на якой пішучая машынка, стос кніг замест крэсла.

Ноч. Пішу ў пакойчыку душа.

Свой свет. Ілюзія адасобленасці, адзіноты. Пад машынку падкладваю кавалак тоўстага паралону. Усё адно ляпае, здаецца, на ўвесь квартал. Ажно звон у вушах. Калі спыняюся пісаць, з пакоя чуецца енк, крык, стогн… Сусед прывёў на ноч дзяўчыну.

Каб не слухаць, яшчэ мацней луплю па клавішах. Што пішацца — не ўяўляю (хаця што там уяўляць?)…

Стук у дзверы, ад якога падскокваю.

— Письменник! — радасна-знясілены дзявочы голас. — Подмыцца пусти!

18. Смірнова

Зіма. Ноч. Пішу. Перыядычна выходжу на калідор перакурыць. Скразнякі — а тут цёплая батарэя ў кутку калідора. Да яе можна прытуліцца спінай. Прыкладна ў гадзіну ночы чутно, як ляпаюць унізе ўваходныя дзверы. Крокі па лесвіцы. І вось ідзе, рослая такая кабыла з крутым, круглым задам.

Больш не дам нікому веры, Лепш пачну усё па-нову, І патрачу шмат паперы На цудоўную Смірнову!

Во-во. Менавіта гэтае, выпадкова выскачанае акравершнае слова. Лепш бы што іншае на яе патраціў.

Падыходзіць, прысаджваецца на кукішкі. Калені разведзеныя. Сінякі пад вачыма. Прыкурвае, пальцы трымцяць.

І ў канцы доўгага, вузкага, шэрага, з абшарпаным лінолеумам калідора цьмяная лямпачка выхоплівала малюнак: пачынаючы пісьменнік і блудніца, «странно сошедшиеся за…» (прыплялося з іншага Міхайлавіча).

— Што, Смірнова? Цяжка?

— Вазьмі ты мяне замуж… Гэта ж няма ўжо ні сіл, ні душы!..

19. Ліліт

Вясна. Май. Глыбокая ноч. Я адзін. Пакой на другім паверсе. Калі выйсці на балкон, побач цвіце груша. Хрушчы шапочуць у лісці. Груша старая, тоўстая, крывая. Можна працягнуць руку і гладзіць лісце і кранаць квецець…

Стук у дзверы — начны, гучны, чужы! Аж дыханне перахопівае ад злосці і нерваў. На парозе — Кернажыцкая. Ліля Кернажыцкая, беленькая шляхцяначка, цнота хадзячая.

(«И вот в том самом черном фраке, в котором был вчера убит, с улыбкой томною гуляки я подошел к моей Лилит»…)

Абдымае мяне і горача шэпча:

— Як добра, што ты яшчэ не спіш. Усё пішаш? Я жадаю табе… не, я проста ўпэўнена, што ты станеш… незвычайным пісьменнікам! Ты такі… такі…

Потым цалуе мяне.

— Можна, хлопцы залезуць па грушы на твой балкон?

Можна. Адчыняю балкон. Трое. Праходзячы праз пакой, адзін азіраецца і аглядвае мой ложак.

— А дзе баба? Слухай, першы раз бачу, каб хлопец адзін спаў, без бабы…

20. Наташа

Атрымаў ганарар. Нешта каласальнае па тых часах.

«Замочка». Прастаўляю чамусьці не хлопцам, а дзеўкам. П’ем гарэлку і шампанскае. Я адзін, першакурснік, іх штук шэсць дзевак, усе з пятага курса. Зрэшты, мяняюцца пастаянна, адна выходзіць, другая заходзіць, у вачах ужо калейдаскоп ад іх. Нехта мыецца ў душы, цурчыць вада. Кагось ванітуе ў туалеце.

Я не паспяваю выпіць, як дзявочыя рукі цягнуцца да мяне і ўвесь час падліваюць. Потым тыя ж рукі абвіваюцца вакол маёй шыі. Магнітафон, дыскета з нейкім арабскім дзікім акцэнтам. «Натаська… лублу… спамінаю…»