Яго ключы адкрывалі замкі такога «шчасця», пры якім жыццё свядома зводзілася да адных ўмоўных рэфлексаў, да голай фізіялогіі, без веры ў Бога, без жаданняў, спадзяванняў, кахання і цуда, — словам, да існавання сабакі Паўлава. Нам для нашага ж шчасця прапаноўвалася ператварыцца ў аднаго з тых бадзёрых савецкіх дэбілаў, якіх сам Зошчанка, жартуючы, знішчаў дзвюма пстрычкамі-радкамі любога з сваіх геніяльных апавяданняў.
Вось два класічныя прыклады «лячэння» па Зошчанку. Да яго прыходзіць малады чалавек і, страшэнна саромеючыся, скардзіцца, што ў яго праблемы са страўнікам. Ваніты, млоснасць, спазмы кішэчніка… Малады чалавек у адчаі. Пазбягае людзей. Страціў усе радасці жыцця. «Вашыя прыпадкі ўзмацняюцца калі? — не так пытае ў яго, колькі канстатуе Зошчанка. — Калі вы чакаеце жанчыну?» Малады чалавек моўчкі ківае галавой. І, чырванеючы, расказвае гісторыю (занадта знаёмую нам гісторыю!), як некалі маці заснула, калі ён смактаў яе цыцку. Яна ачомалася ад дрымоты, калі ён быў амаль сіні.
«Адказ арганізма відавочны, — заключае Зошчанка. — Страх і жаданне пазбегнуць гібелі ляжалі ў гэтым». (Страх падаваў сігнал: жанчына — небяспека.)
Другая гісторыя. Маладая жанчына цяжарная трэці раз, і ўсё не можа нарадзіць. І зноў дактары настойваюць на аборце. Зошчанка пытае ў жанчыны, ці была звязана яе першая цяжарнасць з чымсьці непрыемным. «Не, — адказвае жанчына спакойна. А затым, збянтэжыўшыся, перапытвае: — Ах, першая? Самая першая?» (Якія мапасанаўскія інтанацыі! Памятаеце апавяданне «Шафа»?) Аказваецца, першы раз яна была цяжарная ў 17 гадоў, вучаніцай, хавала гэта ад бацькоў, ад школы, потым паехала да сяброўкі за горад і нарадзіла там мёртвае дзіця.
«Цяжарнасць і гора звязаліся ў адно, — робіць выснову Зошчанка. — Умоўны рэфлекс застаўся. Сувязі не былі разарваныя нават тады, калі змяніліся абставіны. Мозг не адзначыў перамены…»
І гэтак далей, і таму падобнае. Усе гэтыя гісторыі пакідаюць непрыемны асадак чагосьці несур’ёзнага, наіўнага і таксама, як і фрэйдызм, патыхаюць шарлатанствам. Я думаю, было б і лепш, і разумней, каб Зошчанка параіў маладому чалавеку звярнуцца да спецыяліста па страўніку, а жанчыне — да талковага гінеколага.
Савецкая цэнзура расправілася з бедным аўтарам-вынаходнікам імгненна. Яму прыпісалі два грахі: 1) — у грамадстве сацыяльнай роўнасці не можа быць ніякіх выключных прафесій, і псіхіка пастуха, генсека і пісьменніка аднолькавая; 2) — у савецкіх людзей увогуле не можа існаваць ніякіх псіханеўратычных праблем, любыя размовы на гэты конт — ерась, іншадумства, дысідэнцтва.
Праца Зошчанкі была аб’яўлена шкоднай «галиматьей, нужной лишь врагам нашей Родины», сам ён — «падонкам у літаратуры», яго выкінулі з Саюза пісьменнікаў (а гэта значыла немагчымасць друкавацца і пазбаўленне прадуктовых картак), адпаведна, і з жыцця. Старасць яго і смерць — асобная гісторыя…
Мы ж падзякуем гэтаму мудраму і мужнаму пісьменніку і чалавеку хоць бы за сам метад, які ён на сабе выпрабаваў і з намі падзяліўся.
27. Фантазіі на тэму
Давайце ўявім, што я са сваімі праблемамі прыйшоў у кабінет да, скажам, зошчанкаўца.
— Вось, так і так… Да 40, 42 гадоў пісаў, і атрымоўваў задавальненне, і бачыў ва ўсім сэнс, і быў адносна шчаслівы… Потым гэта перастала памагаць. Чаму?
— Прасцей простага, — прагучаў бы адказ. — Тваё пісанне было ўцёкамі ад «хворых» прадметаў. Яны цябе палохалі. І ты ў літаратуры хацеў наблізіцца да іх, разгледзець, абмацаць і абясшкодзіць. Пра рукі пісаў?
О-о! Яшчэ як пісаў! Рука… Адрывае ад цыцкі, карае — і плескачом па задніцы, і папругай, і аплявухай… Жабрак з працягнутай рукою — каго ў дзяцінстве не палохалі: «прыдуць старцы і забяруць»?..
Рука настаўніцкая можа вывесці ў школьным журнале «двойку», пасля якой столькі непрыемнасцяў… Рука доктара абмацвае цябе… Рука дзяўчыны піша пісьмо, ад зместу якога залежыць, служыць табе і радавацца ці застрэліцца або дэзерціраваць… Рука разбівае, трушчыць сківіцы… Рука падпісвае чарговае размеркаванне, якое вызначае твой лёс… Рука ваенкома, якая адным указальным пальцам можа паслаць у Афганістан… Рука адбівае на ваганетцы засаўку, ад якой можа знесці галаву…
Дзявочая рука вылузваецца з тваёй далоні («Рэктар», І частка).
Рука са скальпелем крамсае тваё голае цела. Рука са шпрыцам — можа або даць выратавальны наркотык, а можа пакінуць пакутліва здыхаць.
Начальніцкая рука, якая грукае кулаком па стале, якая можа падпісаць ці не падпісаць кантракт, у апошнім выпадку пазбавіўшы цябе ежы…