Выбрать главу

І шмат, шмат яшчэ ў якіх іпастасях выступае і якія сімвалы набывае гэтая ўсемагутная рука, ад якой ніколі не ведаеш, чаго чакаць: ці ласкі, ці пакарання! Нездарма ж пры вітанні, знаёмстве першым чынам працягваюць руку.

— Пра ваду, вадкасць, вільгаць пісаў?

Пісаў, адказваю вінавата-пакорліва. Толькі ў маім выпадку вада была хутчэй пераносам на спіртное, кроў і слёзы. І тут жа побач — зноў рука. Калі кепска пасля п’янкі, успамінаеш — хто наліваў? — рука ў таго, значыць, цяжкая… Там, дзе спіртное — вадкасць, там і рукі, і крыкі, і жанчыны, і мацюкі, і кроў («Адзін зімні дзень»)…

— Ты сказаў — крыкі? Стук, шум? Значыць, і яны цябе непакоілі?

«Непакоілі»… Не тое слова. Рэзкія гукі самі па сабе агідныя (кожны, мусіць, заўважаў, як пры нечаканым гуку — напрыклад, сігнале аўтамабіля або асабліва цягніка ў метро, канвульсуе-дрыгаецца, як у жабкі, мышца нагі).

Крык, плач, мацюк, каманды «пад’ём!», «строицца!», «сюда подошел!»…

Канечне, з часам проста бязвінны стук у дзверы мог перарасці, трасфармавацца ў сігнал небяспекі. Тым больш стукаюць заўсёды, як правіла, рукой («Душ», «Ліліт»). Вось паказальны ўрывак з маёй даўняй паэмы «На Каляды ў інтэрнаце».

Раз пачуў я ў дзверы стук, І падумаў: то Клімчук. Я схаваў свае паперы, Расчыніў шырока дзверы, Паглядзеў туды-сюды, І ўбачыў: дзве… Ля маіх дзвярэй таўкуцца, Матам лаюцца, смяюцца, Ззаду іх стаіць Клімчук, П’яны, тоўсты, як вяпрук…

Самае цікавае тут нават не стук, а — «схаваў паперы». Стук — гэта рука, рука заўсёды штосьці просіць, адбірае, патрабуе — як правіла, самае каштоўнае, а што ў мяне было больш каштоўнага за паперы?

— Ежа, яна ж жанчына, яна ж секс, прысутнічалі?

Адказаў бы я вам, дарагі зошчанкавец… Вечны страх, жах, што не дадуць стыпендыі і настане голад!.. Жанчына — якая аб’ядноўвае ўсе 4 раздражняльнікі і ўзмацняе іх у сотні разоў! Жанчына — носьбіт, крыніца, фантан небяспекі, «заражаная бомба» (як у Талстога ў «Крэйцэравай санаце»)… Жанчына — з яе цыцкамі, слязьмі-вільгаццю, наліваннем спіртнога; гэтая ж рука налівае, яна ж абдымае, яна ж адштурхоўвае, можа даць і не даць…

Плач, стук у дзверы, споведзі-аборты, высмоктванне энергіі, навязванне сябе ў жонкі, г. зн., добраахвотна быць, жыць, знаходзіцца ў цеснай сувязі з аб’ектам павышанай небяспекі 24 гадзіны ў суткі, пастаянна! Тут сапраўды ўцячы! зачыніцца! ратавацца пісьменніцтвам, адзінотай, паперай, толькі б не бачыць, не чуць!..

Вось за што б яшчэ абавязкова ўхапіўся зошчанкавец.

Калі я прыязджаў у вёску на канікулы, я заўсёды выдатна адчуваў сябе і, самае галоўнае! — не пісаў, не мог, ды і патрэбы не было. Але чым бліжэй да восені, тым больш разыгрываліся ва мне нейкія неверагодныя немачы. Адзін раз, перад першым вераснем, проста абязножаў. Не змог устаць з ложка. Страшны артрыт абедзвюх ног. А як толькі мінула першае верасня, устаў, як ні ў чым не бывала, і, як у той біблейскай прытчы, не проста пайшоў — пабег. Я ўвязваў гэта то з абвастрэннем армейскіх балячак, то з Чарнобылем («і цяпер наш мірны атам уся Еўропа крые матам»)… Але калі ўлічыць, куды мне трэба было вяртацца (паводле зошчанкаўца) — у набіты дзявочымі целамі гарэм, у месца, якое страшней за перадавую лінію фронту, дык цалкам магчыма, што арганізм наіўна, як мог і ўмеў, не пытаючы дазволу ў дарослага мозгу, прыдумваў свае прычыны, каб адцягнуць тую паездку.

— Усё з табой ясна, — пасміхнуўшыся, сказаў бы зошчанкавец. — Да 40–42 гадоў ты разбіраўся з «хворымі» прадметамі пры дапамозе мастацкіх твораў. І ўрэшце разабраўся. Гэтыя прадметы перасталі цябе палохаць. Яны сталі табе нецікавымі. Літаратура аказалася больш непатрэбнай. Тэма вычарпала сябе.

28. Абвяржэнне

Занадта проста, каб быць праўдай. Крыху наіўна, каб цягнуць на «тэорыю шчасця».

Атрымоўваецца, што любы дыскамфорт, любая хвароба па большасці сваёй надуманыя, несапраўдныя, уяўныя, і яны імгненна знікаюць, калі ты толькі падумаеш і прааналізуеш, да каго ідзеш, каго чакаеш. А так як куды б мы ні йшлі, каго б ні чакалі і што б у нас ні балела — сустрэчы з жанчынаю не пазбегнуць; вось вам і разгадка…

Я хацеў з іроніяй (і прашу прабачэння, што гэтага не атрымалася) перадаць вышэйсказанае.

Вялікіх, паталагічных, ці што, комплексаў у сувязі з г. зв. «усіхнымі хворымі» прадметамі я ніколі не адчуваў. Плаваю, як паплавок, — рыбацтва абавязвае быць з вадою на «ты», са спіртным абыходзіцца навучыўся, крыві і слёз набачыўся больш, чым іншыя вады, шум, гул, стук у вялікім горадзе да таго непазбежны, да таго прытупляе, што хутчэй забаішся цішыні дзе ў лесе, на прыродзе, у адзіноце.