Ежу, ласку, супакой — усё можа даць адзін чалавек, Жанчына. І раптам яна сыходзіць. І дзіця не ведае, на колькі — на гадзіну, на дзень ці назаўсёды?
Дык што: кожнае расстанне з любой жанчынаю — закамплексаваны ў падсвядомасці тых гадоў страх? Не, не кожнае і не з любою. Гэта зусім проста. Страх ад развітання з жанчынамі такога тыпу, якія нагадваюць N. маці. Якія словамі ці дзеяннямі пачынаюць клапаціцца пра яго, выказваць сваю прыхільнасць, любоў да яго.
Ён патрапляе ў залежнасць ад іх. Пакуль яны побач, яму спакойна. Пакуль яны побач, ад іх можна ўзяць штосьці…
30. Сыход
Возьмем штосьці ад гэтага і мы.
Вылучым адзін «хворы» прадмет, які нават не столькі назоўнік, а хутчэй дзеяслоў — УХОД, гэтае дзіўнаватае, страшнаватае слова, якому нават вартага адпаведніка няма ў беларускай мове, у нас яно набывае нейкае двухсэнсоўнае, біблейскае, містычна-міфалагічнае, ледзь не злавеснае значэнне — адыход, пакіданне, уцёкі, знікненне… Карацей, СЫХОД.
Вось гэта ўжо сур’ёзная Тэма. Хаця б таму, што сутыкнуцца з ёю давядзецца кожнаму і яе не пазбегне ніхто.
Пайсці, развітацца, кінуць… Пастаянныя сыходы, палоханне імі, пагроза іх, непазбежнасць іх — маглі ў маленькім жывёльным мозгу стварыць ілжывыя сувязі, стаць умоўным рэфлексам, які частым паўтарэннем, перыядычнасцю замацаваўся ў дарослай псіхіцы і пачаў выклікаць неўсвядомлены страх, памножаны яшчэ веданнем таго агульнага, непазбежнага, канчатковага Сыходу, што таксама пачынаецца на літару «с».
Цяпер нам крыху больш зразумелыя паводзіны героя «Аднаго летняга дня», яго ўцёкі ад дзяўчыны — тая ж самабарона ад будучай роспачы расстання: усё адно лета скончыцца, Анжэла паедзе, СЫЙДЗЕ — дык лепш не даводзіць да такога, уцячы, уратавацца, не прывязвацца да яе!
31. Прымакі і жарцікі
Мне два гады. Хата. Зімні вечар. Грубка гарыць, ціха патрэсквае, скача ад яе жоўтае святло па падлозе. Так цёпла, здорава, такая ўтульнасць, я яе так люблю!..
І трэба ж — чужы чалавек сядзіць на ўслончыку перад грубкаю. Толькі глядзіць не на агонь, а ў маленькае кішэннае люстэрка. У другой руцэ — грабеньчык. Гэты чужы чалавек усё глядзіць на сябе ў люстэрка, то адным бокам паварочвае галаву, то другім, расчэсвае вусікі, бакі, папраўляе чупрынку. Маці стаіць каля парога і закрывае рот краем хусткі.
— Не знаю, не знаю, усе гавораць, што карасівы, — кажа чалавек, любуючыся на сябе ў люстэрка.
— Вой, нашто мне твая красата! Я вас, мужчын, баюся! Ты п’еш, курыш… Можа, біцца будзеш. Свайго такога пахавала, дык хоць свет убачыла!
— Не магу паняць, чым я вам не карасівы, — гне сваё прымак.
Божа, які дурны. Нават я, малы, разумею, — справа ж не ў тваіх вусіках.
— І нашто я табе з двума дзецьмі?! От пажывеш, пакуль сала скончыцца, перазімуеш ды пойдзеш, а мне яшчэ дзіця зробіш!
— Не знаю, не знаю, чым я вам не нараўлюся…
На мяне ён ні разу за паўгадзіны нават не зірнуў, не спытаў, як завуць — як і няма мяне ў хаце!
Гадоў пяць яшчэ, аж пакуль я не пайшоў у школу, над нашай хатай вісела дамоклавым мечам гэтая прымакоўская тэма.
«А мо ўзяць каго? — уголас разважала маці. — Калі я прымака вазьму, не будзеш яго баяцца?»
«Удавец нейкі сватаецца, з трыма дзеўкамі, чорт яго хваробу знае… Гэта ж ісці ў чужую хату, ды варыць ім, ды абмываць, а ў яго свае дзеці, ён жа захоча ім смачнейшы кусок… ды адзець прыгажэй…»
У дзяцінстве білі мяне мала, пакаранне было іншым:
«Вось пайду замуж, будзеш ведаць, як маткі не слухацца! Кіну цябе, тады пабачыш!» — і накіроўвалася да дзвярэй, і збіралася нібыта выходзіць.
Альбо такая гульня: «Калі я памру — будзеш мяне шкадаваць? А як ты будзеш плакаць, калі мяне закопваць будуць?»
Гэта былі звычайныя, усіхныя жартачкі маладых вясковых матак са сваіх дзетак — гэткая своеасаблівая праверка на любоў. Прынамсі, у нашай вёсцы ў кожнай сям’і, у кожнай хаце перыядычна чулася: «А вось кіну! а вось пайду! будзеш тады ведаць — застанешся сам!» Але ў тых сем’ях былі бацькі — як ўраўнавага; бацька мог цыкнуць на такую «зарвавшуюся маман» і супакоіць дзіця, што нікуды яна не пойдзе, бо іначай ён выцягне папружку і пакажа ёй такі паход…
Гэта па-першае. А па-другое, калі б не гуляла, не забаўлялася мая маці (як бы ні хіхікалі ў Інтэрнеце і за маёй спіной пра маё самалюбаванне) з будучым творцам, з ненармальна-ўражлівым дзіцём, схільным з аднаго боку ўсё перабольшваць, а з другога — усяму верыць, у самы ранні перыяд фармавання яго псіхікі.