Выбрать главу

Гэта была няроўная барацьба з Часам. Дзіцячае, наіўнае жаданне такім чынам перастрахавацца, абараніцца ад непазбежных, страшных, пастаянных Сыходаў.

І літаратура — выдумка, фантазіі — бачылася адзінай магчымасцю змагання з Часам і з Сыходамі (ў тым ліку і з уласным сыходам). У пісанні, на паперы Час можна было не проста спыніць, зафіксаваць — яго можна было нават павярнуць назад.

Літаратура так трывала і так рана ўвайшла ў жыццё, што стала не проста звычкай, а амаль біялагічнай патрэбай — як есці, спаць, дыхаць.

Непазбежна трэба было прыйсці — і прыйшоў — да казуістыкі, што рэальнае жыццё — гэта пабоі, небяспека, міліцыя, жаночыя здрады, абразы, недавер, хлусня, беднасць, прыніжэнні, выжыванні, боль, кроў, аперацыі, бальніцы; што рэальнае жыццё — «кніга, поўная трывог, падманаў, гора і зла», і рана ці позна аграмадныя, бязлітасныя колы накрыюць, раструшчаць і пацягнуць у жудкую, беззваротную цемру, і будзе прыгаворваць мужычок, працуючы над жалеззем, бязглуздыя словы па-французску…

А таму к д’яблу яго, вашае рэальнае жыццё! — лепш добраахвотнае вар’яцтва, ружовыя ці любога іншага колеру акуляры, лепш жыць ілюзіяй, імітацыяй жыцця, «ценямі ценяў», лепш проста гуляць у яго! Ды яшчэ і вялікае пытанне: можа, акурат г. зв. «рэальнае жыццё» і ёсць міф, абсурд, вар’яцтва (тысячы таму доказаў), а творчасць — самы сапраўдны, нармальны, прадукцыйны і пазітыўны стан?..

34. Кантрастныя межы, або «У люстэрка паглядзі»

Ёсць межы асноўныя, усім зразумелыя, шаблонныя: паміж небыццём — маленствам, маленствам — дзяцінствам, дзяцінствам — падлеткавасцю, падлеткавасцю — юнацтвам, юнацтвам — сталасцю, сталасцю — старасцю, старасцю — смерцю (небыццём).

Аднак поўна яшчэ межаў некантрастных, паўтанальных, невыразных. Пра аднаго і таго ж чалавека, якому 40 гадоў, можна сказаць «малады чалавек», «мужчына ў росквіце гадоў», «здаровы бугай», а можна пра яго ж — «дзядзька на пятым дзесятку», «малады дзед», «лепшае сваё ўжо аджыў»…

«Мужчына ўсведамляе гэты працэс (старасці) толькі тады, калі па звычцы пачынае „клеіць“ маладую дзеўку, а тая яму: „Ты на сябе ў люстэрка паглядзі, казёл стары!“

Гляне — і праўда, казёл, аб чым і раней здагадваўся, але што стары — нечаканасць»… (А. Аблажэй).

Вось яшчэ ў чым справа. Канечне, і ў гэтым. На мяжы 45 гадоў чалавек проста старэе. І, натуральна, нічога дзіўнага ў тым, што творчасць у якасці псіхатэрапіі перастае памагаць. Яна сутыкаецца з новым, невядомым дасюль перыядам: сталасці, пачатку старасці.

Скончыўся запас уражанняў, вычарпаўся матэрыял, разам са смерцю маці памерла маленства, якое падпітвала душу, разам з лавінай сыходаў старэйшых пісьменнікаў знік стымул, які жывіў розум і фантазію… Узніклі новыя пытанні і запатрабавалі новых адказаў. А я аказаўся не гатовы. На той выпадак хапала іншых — маці, братоў, сватоў, старэйшых калег-пісьменнікаў, увогуле старэйшых за мяне знаёмых і незнаёмых людзей, якія мяне заўсёды акружалі, якіх было так многа! Вось хай яны і думаюць, і ўсё на сваіх плячах нясуць, і «куда идти в лесу» гукаюць.

…І праўда — ішоў сабе лесам, сярод такіх мілых, родных, надзейных, сваіх з маленства бярозаў ды соснаў… Дзе трохі задумваючыся, дзе весела пасвістваючы, дзе нагінаючыся над грыбам, дзе зрываючы кветку, дзе задзіраючы галаву на неба, дзе спатыкаючыся аб корань… Ішоў па жыцці, мала пра што дбаючы, а калі ўзнікалі праблемы, дык адносна лёгка спраўляўся з імі пры дапамозе паперы і ручкі.

А лес усё радзеў, радзеў… І вось разлыпіў вочы — і ўбачыў, што лесу вакол амаль няма, азірнуўся — а ззаду толькі пні ды чэзлыя, хворыя дрэўцы, а наперадзе — цаліна, пустка, парослая быльнягом ды чартапалохам, за якімі, праўда, новы лес, але да яго ўжо не дапасці… А хочаш не хочаш — ісці трэба, а так неахвота, так страшна, бо «мы не хотим шагать — нам хочеться гулять!»

35. Эпілог ІІІ часткі

Заўважана, што розныя споведзі, аўтабіяграфічныя раманы, рэвізіі, успаміны, жыццяпісы, мемуары, межы, падвядзенні рысаў, выбраныя месцы з перапіскі з сябрамі і інш., інш., з’яўляюцца тады, калі пісьменнік пачынае выпісвацца як мастак. Інакш кажучы, у яго творчы крызіс.

І даволі часта пісьменнік, сутыкнуўшыся з такой непрыемнай штукай, палохаецца, перастае ў сябе верыць, пачынае згасаць, слабець, хварэць, співацца і ўрэшце знікае як творца яшчэ пры жыцці, а то і памірае ў прамым сэнсе.

А бывае — і нас, канечне, цікавіць менавіта гэты варыянт, што пісьменніку ўдаецца абдурыць прыроду. Мы маем мноства прыкладаў, калі дзякуючы такім споведзям, такому вымятанню сусекаў, падвядзенню нібыта заключнай тлустай рысы пад сваім ранейшым жыццём і творчасцю ў пісьменніка раптам узнікала другое дыханне, з’яўлялася невядома адкуль энергія, і ўжо на іншым, больш высокім узроўні ён пачынаў ствараць новыя мастацкія рэчы.