Нам да спадобы менавіта гэты варыянт.
Праўда, для пачатку трэба абжыцца ў новым месцы. Агледзецца. Паазірацца. Раскласці свае транты. Асвоіцца ў гэтай субстанцыі, у гэтым невядомым дасюль за-межным свеце.
І калі новыя творы не выспеюць, не з’явяцца, не папросяцца з душы — што ж, будзем суцяшацца тым, што маем. А маем мы тое, што ведаем праўду, і не баімся ўслых яе назваць, і можам спакойна, без шуму і пылу, без лішняга ныцця, скаргаў і запояў (гэтых памінак па самім сабе), без каляровых акуляраў і розных кантактных лінзаў глянуць рэальнаму Жыццю ў вочы.
Бо і проста жыць — замыкаючы пачатак і канец рамана — фізічна існаваць, выжываць у нашым свеце і ў нашых умовах насуперак усяму — гэта, можа быць, і ёсць найвышэйшы на зямлі талент, самая складаная з усіх магчымых навук, творчасць яшчэ тая, мастацтва ўга якое! — прынамсі, ку-у-ды важнейшае за ўменне закруціць сюжэт, выпісаць характар або малюнак прыроды ці зрыфмаваць «паненка — Федарэнка»…
2008–2009 гг.
АПАВЯДАННІ
ГАЛЯ
Ігар Снарскі ажаніўся на апошнім курсе, у канцы мая, — ажаніўся, як сам ён тлумачыў, нібы апраўдваўся, свайму сябру, рэдактару інстытуцкай сценгазеты, — «проста каб ажаніцца, каб неяк інакш пажыць…» Але нашто трэба было тлумачыць, апраўдвацца? Ігару было 25, Галі, яго нявесце, — 22, яны вучыліся разам у політэхнічным інстытуце, у адной групе, жылі ў адным інтэрнаце, а быў самы разгар спякотнага мая, калі дні стаялі млявыя і здаваліся нейкімі расплаўленымі, як асфальт пад нагамі, калі вечары пахлі летняй зямлёй, маладой травою, маладым лісцем старой грушы, што расла каля інтэрната і верхнімі галінамі даставала да самага Галінага балкона, з душнымі чорнымі начамі, калі коўдра ліпне да цела, і варочаешся, глядзіш у столь і не можаш заснуць — не памагаюць расчыненыя насцеж балконныя дзверы і акно… што ж тут дзіўнага, што маладыя людзі такім часам пакахаліся і захацелі хутчэй пажаніцца?
Але і цяпер, і асбліва пасля, месяцы праз два, успамінаючы той душны май, Снарскаму кожны раз рабілася сорамна і хацелася ў думках апраўдвацца і спрачацца з кімсьці, хто нібыта казаў: «Ды ты з Галяю за ўсю вучобу не перакінуўся і дзесяткам слоў, вы не кахаліся, не сябравалі, не гулялі; не было і не магло быць паміж вамі нічога таго, што збліжае і пасля чаго жэняцца… Усе ж бачылі, а ты і ведаў, што ты: сімпатычны — табе не раз даводзілася гэта чуць, — спакойны характарам, разумны, начытаны — выкладчыкі пры ўсёй групе гаварылі гэта… А Галя — нудная, непрыгожая, падобная на худога вераб’я, за ўсю вучобу з ёю не гуляў ні адзін хлопец; ты ж сам, Снарскі, сказаў пра яе неяк на першым курсе, на бульбе: „Такой толькі красці добра — украдзе, і не апішаш, вока ні за што не зачэпіцца“… Ты ажаніўся сілком, і значыць, нешта тут не так…»
I хоць гэта была праўда і сам Снарскі добра ведаў, што «тут не так», усё роўна ў думках яму хацелася спрачацца з некім і даказваць, што ажаніўся ён, як і ўсе людзі жэняцца: каб змяніць жыццё, пажыць у сям’і… У іх з Галяю былі амаль аднолькавыя тэмы дыпломаў, і ён некалькі вечароў прасядзеў у яе ў пакоі, перачэрчваў генплан — часта добра дапазна, калі ўжо Зоя, Галіная сяброўка, якая пісала вечарамі шпаргалкі па супрамаце, пачынала пазяхаць, пацягвацца, распраналася пры Снарскім і клалася спаць. Тады Галя тушыла вялікае святло, уключала электрачайнік, Снарскі выходзіў на балкон, закурваў, хутка Галя выносіла шклянку гарачай гарбаты, і пакуль Ігар піў і выкурваў цыгарэту, яны трохі гаварылі. Непрыгожая, але ціхмяная, добрая Галя была для яго не дзяўчына, а так, нешта бясполае, чалавек, які памагае яму рабіць дыплом, таму Снарскаму лёгка было з ёю і можна было гаварыць абы-што. У адзін з такіх вечароў, позна, Снарскі, размінаючы ў пальцах цыгарэту, выйшаў на балкон. Стаяла цяплынь і пахла вёскаю. Унізе, пад грушаю на лаўках, свяціліся цыгарэты, смяяліся, а тут, зусім побач, у лісцях грушы, шапацелі хрушчы, ляталі з гудзеннем вакол галін і паўз балкон, і нават чутно было, як яны недзе ўнізе падаюць у мокрую ад расы траву. Выйшла Галя, паставіла на падаконнік каля Снарскага шклянку гарбаты, перавесілася цераз край балкона і пачала махаць рукою, каб злавіць хрушча на ляту. Унізе кінулі ў сцяну пустую пляшку, і яна ляснула, нібы граната.
— Як падумаю, што скора з’язджаць з Мінска, дык страшна, — сказала Галя, — здаецца, лепш бы зусім не паступала… Толькі пажывеш, пабачыш жыцця — на: едзь, прападай…