Выбрать главу

Замест гэтага ты проста знік. Растварыўся без следу. І нарэшце, дзякаваць Богу, надоўга прапаў з маіх вачэй… хачу напісаць, «і з майго жыцця» але не: час ад часу ў самых розных месцах і ў самых розных сітуацыях ты аб сабе нагадваў. Ты навучыўся змяняць узрост, ты прыкрываўся іншымі імёнамі і прозвішчамі, маскіраваўся пад іншыя нацыянальнасці, выступаў у мужчынскім альбо ў жаночым абліччы… Аднак мурло тваё ўгадвалася з першага пагляду, распазнаць цябе было лягчэй лёгкага, хіхіканне тваё ні з чым нельга было зблытаць, твая пагарда да ўсяго «культурнага» была тая самая, твае «духоўныя набыткі» так і засталіся на ўзроўні «Пятрусь Броўка піша лоўка», тваім досціпам было «жыдоўцы на базары чарвівыя грыбы падсунуць», а самай запаветнай мараю «вывучыцца на шохвера начальнікаў вазіць»…

* * *

І вось, калі ласка, фота ў газеце! І мае пакуты: а можа, я памыляюся?

Перабіраю, як пацеркі, кожны эпізод, кожны выпадак з нашага агульнага мінулага, перасыпаю, як пясок між пальцаў, успаміны… Можа, штось важнае недагледзеў, недаацаніў, выпусціў зпад увагі? Не. Здаецца, нічога. Акрамя таго, сведкам чаму не быў тваю армію. І ўпарта здаецца, што менавіта тут, Сцёпа, недзе пад гэтай яблыняю сабака закапаны; тут трэба шукаць прычыны твайго ўзвышэння.

Канечне, вядома кожная і любая кар’ера прама прапарцыянальная затрачанай для дасягненьня яе подласці. Але ў тваім асабіста, Сцяпан, выпадку ці адна толькі подласць? Дужа неверагодным, да непраўдападобнасці імклівым быў твой узлёт, тут трэба было штосьці звышардынарнае, якісь геройскі подзвіг, альбо наадварот суперподласць, нават злачынства (пры хаценні якое лёгка можна перакваліфікаваць у «подзвіг»)…

Вось што падаецца мне бліжэй да тэмы.

Ну сапраўды, Сцяпан, не камандзіра ж ты прыкрыў грудзьмі ад варожай кулі, не таварыша ж параненага з поля бою вынес тым больш, і не мог гэтага зрабіць, бо два гады пратуляўся на гаспадарцы пры свіннях і ўдзел прымаў хіба што ў іхніх пабоішчах… Дарэчы! Уся ваша сямейка, карыстаючыся блатам у лясніцтве, заўсёды і з поспехам браканьерыла; у цябе было ўласнае ружжо, ты выдатна страляў… Альбо, напрыклад, таго ж кабана забіць адным ударам у сэрца, без піску і шуму, было для цябе раз плюнуць…

Дык ці кабана? А, Сцёпа? Ці не прыехалі неяк ўночы (такія заўсёды ездзяць па начах) людцы ў цывільным, з ложка цябе паднялі, у пусты кабінецік завялі… Так і так, слухай і запамінай, заданне няпыльнае, табе прывычнае… завязем і назад прывязем… выканаеш у даўгу не застанемся… «Чаму я?» ды таму, што бяспройгрышны варыянт: чым наймаць каго чужога, з вуліцы, дык думай потым, як яго самога нейтралізаваць… А тут хто ж на салдата падумае? Пяць хвілін на роздум… Усё, усё, маўчу! Прыкладаю палец да вуснаў: цсс! Сапраўды, са свечкаю ніхто не стаяў… хай гэтая чорная тайна так і застаецца толькі тваёю… Для пачатку хопіць і таго, што я хоць крышку павадзіў цябе па закатулках мінулага. Хоць збольшага пастараўся распрануць цябе памяццю, каб убачылі…

(Усё закрэслена).

* * *

Паважаны Сцяпан Цімафеевіч!

Не ведаю, ці помніце Вы яшчэ мяне… На ўсялякі выпадак спяшаюся і свой сціплы голас уплесці ў вянок віншаванняў, якія, несумненна, паступаюць да Вас цяпер у вялікай колькасці. Таксама прашу выбачыць за невялічкае спазненне не так лёгка было наважыцца патурбаваць Вас, хоць бы і гэтым маленькім пісьмом. Не паверыце, Сцяпан Цімафеевіч, але давялося нават перамараць колькі чарнавых варыянтаў, перш чым спыніцца на гэтым.

Бачу, бачу, як, чытаючы мае радкі, пасміхаецеся Вы сваёй заўсёднай, добрай і крыху хітраватай усмешкаю… Што тут можна сказаць? Віншую. Ганаруся. Зайздрошчу. І глыбока перакананы, што поспех Ваш не выпадковы, але заслужаны ўсім папярэднім жыццём. Як цяпер паўстае перад вачыма нашае сумеснае, на жаль такое ўжо далёкае маленства, школа, кнігі, гульні, катанне на матацыкле… Дзіўна, але ўжо тады, у тых хлапечых бестурботных забавах Вы чымсьці вылучаліся ад нас, звычайных падшыванцаў. Нават гульні былі для Вас не адно забаўкамі, а як бы плацдармам для нечага большага, вышэйшага. Тады неяк не надавалася гэтаму значэння, але цяпер, з вышыні пражытых гадоў, усё набывае іншы сэнс…

Многа, многа чаго ўспамінаецца, аб чым хацелася б Вам напісаць, а яшчэ лепш аб гэтым мая просьба пагаварыць пры асабістай сустрэчы, калі ў Вас знойдзецца на мяне час і жаданне, вядома…