Выбрать главу

Шчыра, заўсёды, вечна Ваш —…

2000, 2002 гг.

ГРАФІЦІ

Мой сусед Іван, як толькі падап’е ў кампаніі, так заводзіць адну й тую ж пласцінку: пачынае скардзіцца, што ў свой час ад уладаў пацярпеў. «Каб не гэтая пляма на маёй біяграфіі, — так і кажа ён, — я б цяпер, можа, не баранак круціў, а чалавекам быў бы».

І замаўкае.

Натуральна, адразу пачынаецца — што, ды як, ці не рэпрэсаваныя сваякі тут замешаныя, ці не крымінальная якая дурасць па малалецтве?

Аказваецца ж вось што.

Даўно, калі Іван наш быў яшчэ Іванькам-пяцікласнікакам, у іх у школьным калідоры вісеў плакат, «Вучыся плаваць» (выдатна помню яго, хоць і розных мы з Іванам гадоў і ў розных школах вучыліся): плывец на баку, з ненатуральна паднятай рукою, з мёртвай усмешкай на сінім твары, не столькі на спецыяліста па плаванні падобны, колькі на тапельца, што ўсплыў на паверхню, паказаў пару прыёмаў-практыкаванняў і цяпер спакойна сабраўся сабе назад на дно… Дык вось, аднойчы на плакаце, у ніжняй яго частцы, прыкладна на жываце тапельца-інструктара з’явіўся надпіс:

«Адзін за ўсіх — усе за аднаго!»

Надпіс як надпіс. Яшчэ і не такія з’яўляюцца. Акрамя, канечне, крыху падпсаванага школьнага інвентару, дык і тое лёгка было паправіць — ну, зацерла б прыбіральшчыца гумкаю, ці лязом сашкрэбла, ці палоскай паперы заклеіла — і ўсе праблемы, пасмяяца і забыць.

Аднак жа нічога падобнага. Ці то час нейкі такі выпаў, калі Таццяне Парфіраўне, дырэктарцы, а менавіта яна адразу ж, рукавы закасаўшы, узялася за расследаванне, больш рабіць не было чаго, ці то вырашыла яна ў зародку прыдушыць малое, каб не мець пасля справы з большым і горшым, ці проста ўмяшалася ва ўсё гэта самая звычайная містыка і Іванаў (на яго чамусьці першага ўпала падазрэнне) чорны анёл прачнуўся… Хто ведае! І тады прычына, з чаго, з якой трасцы разгарэўся сыр-бор, была загадкаю, а цяпер, праз столькі часу, і падаўна.

Карацей — нават па самых строгіх мерках нязначнай гэтай падзеі надаецца раптам самая сур’ёзная ўвага. Роўная, можа, цяперашняму ананімнаму званку аб тым, што школа замініраваная, альбо што ў кабінеце хіміі разбіўся трохлітровы слоік ртуці… Штосьці такое. Вядуць Іваню ў настаўніцкую. Пад прыцэлам паўтара дзесятка пар вачэй, у каго зларадных, у каго спагадлівых, у каго абыякавых, пачынаецца допыт.

«Што ты хацеў гэтым сказаць?»

«Нічога, бо гэта не я», — напачатку смела, нават весела адказваў Іван. Яму нават шкада крыху было, што хутка, праз якую хвілінку-дзве, максімум да канца перапынку недарэчнасць развеецца, праўда возьме верх і ён выйдзе з настаўніцкай такім жа самым, якім пераступіў парог. Апраўдацца яму было лягчэй лёгкага. Па-першае, надпіс зроблены чарнільнай ручкаю, а ў яго шарыкавая. Па-другое, почырк — не яго каракулі, а прыгожыя, каліграфічныя літаркі — яўна якогась зубрылы-выдатніка ці шасцёркі-харашыста. Па-трэцяе, надпіс зроблены нізка, а Іван росту высокага, значыць, калі б і прыйшло яму ў галаву пяром высечы гэты нявінны мушкецёрскі дэвіз, дык нашто б ён гнуўся ў тры пагібелі?

Але яго жалезныя апраўданні нікому і непатрэбныя былі. Пытанне зусім не ставілася, ён гэта, ці хто іншы:

«Што ты хацеў гэтым сказаць?» — вось як з настырнай зацыкленасцю ставілася пытанне. Дыялог сляпога з нямым.

«А што ў гэтых словах такога? — паціснуў плячыма стары матэматык. Нават праз шкельцы акуляраў у добрых яго вачах чыталася няўцямнасць. — Калі нават і ён — дык што такога?»

«І вам яшчэ трэба тлумачыць, — ужо ў матэматыка ўперыла ледзяны пагляд Таццяна Парфіраўна, — што тут такога?!»

Запахла крамолаю. Справа пачала набываць небяспечную, двухсэнсоўную, ледзь не палітычную афарбоўку. Івану стала не да смеху. Сярод мёртвай цішыні істэрычна віскнула гістарычка:

«Выключыць зь піянераў!»

«Бацькоў штрафануць — і баста!», — басам сказаў фізрук.

«Ды што там — са школы гнаць», — ці то з іроніяй, ці то ўсур’ёз, нічога не зразумець было, азваўся географ.

Спалоханы Іван заплакаў…

І гэта часткова выратавала яго. Часткова, бо з піянераў яго не выключылі і са школы, канечне, не выгналі, — але адбітак на ім чагось непрыстойнага, замешанасць яго ў нечым саромным так на ім і засталіся. Не памагло нават і тое, што ўжо назаўтра аб’явіўся сапраўдны віноўнік: малакроўная ціхоня-дзяўчынка з паралельнага класа, з каснікамі, большымі за галаву, падобная на Мальвіну і на Пьеро адначасова… «Мы цэнім тваю салідарнасць, — выслухаўшы яе пакаяннае лепятанне, сказала Таццяна Парфіраўна, — аднак нельга ж так літаральна разумець, і да дзеяння прымаць, сэнс дэвізу!» Яна, мабыць, падумала, што дзяўчынка закаханая ў Івана, і знарок бярэ віну на сябе.