Выбрать главу

Калі б Іван быў большы і разумнейшы, дык мог бы супакоіць душу тым, што не за адно, дык за другое кару нясе. Вадзіліся ж ў яго і сапраўдныя грахі: цыгарэт паленне, шыбка, футбольным мячом высаджаная… Якая розьніца, за што трымаць адказ? Аднак ён быў у тым самым лепшым і самым небяспечным, узросце, калі пачуццё справядлівасці гіпер-развіта, калі немагчымасць даказаць сваю праўду ўспрымаецца цэлай трагедыяй… Хаця, з іншага боку, усё праходзіць, усё забываецца. Забылася б і тая гісторыя — каб не працяг яе. Пусты гэты выпадак прыліп да Івана — жуйкаю да падэшвы, радзімай плямаю — пачаў жыць разам з ім і міжволі ўплываць на яго характар, паводзіны і нават на лёс. Мянушка ў яго з’явілася — Пісака, і калі ў час звычайных хлапечых разборак, дражнячыся, хацелі мацней, больш балюча яго ўкалоць, дык са злосці замест сярэдзіннага «а» выкрыквалі «я».

Мяняліся настаўнікі, на змену старым прыходзілі новыя, і ім, характарызуючы вучняў, пра Івана, нібы эстафетную палачку, перадавалі: неблагі, старанны хлопец, але вось ручкі нячыстыя… Так дабыў ён да восьмага класа. І калі прачытаў на сябе характарыстыку — у цэлым станоўчую, з маленькай прыпісачкай у канцы: «схільны да псавання школьнай маёмасці…», ён успрыняў яе амаль спакойна. Тым больш гэта была ўжо праўда. Папсаваў ён за апошнія гады і школьнага інвентару, і настаўніцкіх нерваў.

Хапала і пасля ўсяго ў жыцьці. І ён крыўдзіў, і яго крыўдзілі — і заслужана, і не заслужана, і па ўсялякаму… Але нічога падобнага на той першы выпадак, на тую горыч, прыкрасць, адчай ён ужо не адчуваў…

Нядаўна, стоячы ў чарзе ў гастраноме перад сівенькай гарбаценькай бабулькай, Іван раптам прызнаў у ёй… дырэктарку Таццяну Парфіраўну! І яна яго. Адыйшліся ўбок, разаўспаміналіся. Бабулька пусціла слязу — яе ўсе старыя настаўнікі пры сустрэчы з былымі вучнямі пускаюць.

«А помніце той выпадак, Таццяна Парфіраўна? — не стрымаўся Іван. — Ну, калі вы мяне абгаварылі?..»

Бабулька высмаркалася і адказала ціхім і разам з тым цвёрдым голасам:

«Я цябе вельмі люблю, Іваня. Але зрабіў тое ты», — і відаць было, што гэтае перакананне яна забярэ з сабою ў блізкую магілу.

Шмат чаго загадкавага на свеце!

2003 г.

ПОШЛАСЦЬ

Мне пашэнціла пражыць з ім у адным інтэрнацкім пакоі амаль паўгода, з зімы да летняй сесіі, а раскусіў я яго менш, чым за тыдзень: гэта быў закончаны, завершаны пашляк.

Пошласць сама па сабе адна з горшых чалавечых якасцяў; пашляк і ў сваім сапраўдным, класічным абліччы — не падарунак. Але ўдвая горш пошласць завуаляваная, калі пашляк маскіруецца пад мараліста, калі ён цвярозы, станоўчы, надзелены сякой-такой памяццю, дастатковай для запамінання сентэнцый кшталту «спяшайцеся рабіць дабро», «твор не пра вайну, а пра чалавека на вайне», «людзі створаны для шчасця» («хлеб усяму галава», «беражыце лес ад пажараў»)… Такога не саб’еш з тропу, не зацягнеш на глыбіню, з такім не ўсчыніш дыскусію аб дуалізме таго ж «дабра» — паняцця крайне размытага, адноснага, бо адзін лічыць дабром нарадзіць дзіця, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва, а другі — забіць дзіця — напрыклад, абортам, разбурыць дом — каб вызваліць месца для новага будынка, і ссекчы дрэва — бо яно ад старасці і ветру можа паваліцца і нарабіць шкоды…

Напачатку, уражаны гэтым тыпам, які, здавалася, скочыў у жыццё проста са старонак падручнікаў па літаратуры, псіхалогіі і псіхіятрыі, я любіў разыгрываць яго. Мяне забаўляла, што для гэтага таўкача не існуе ў прыродзе, у свеце і ў сусвеце пытання, над якім ён хоць на хвілінку задумаўся б.

— Для чаго мы жывём на свеце? — стараючыся быць сур’ёзным, пытаў я.

— Каб адшукаць чалавека ў чалавеку.

— Што будзе з намі пасля смерці?

— Небыццё і вечная ноч.

— Ці існуюць рай і пекла?

— Яны ў нас саміх. Кожны атрымае па заслугах.

— Што галоўнае ў жыцці?

— Заставацца ва ўсіх абставінах чалавекам.

Гэта нагадвала спірытычны сеанс, дзе я выступаў у ролі спірыта, а наш герой быў духам. Кусаючы вусны, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць, радуючыся таму, што ў пакоі паўзмрок і на маім твары нічога нельга ўбачыць, я працягваў «круціць сподачак»:

— Ці ёсць каханне?

— Каханне валодае светам, — імгненна гучала ў адказ.

— Што такое дабро?

— Жыццё дадзена нам на добрыя справы.

Само сабою, як і ўсе падобныя унікумы, ён вёў здаровы лад жыцця, быў ворагам спіртнога і тытуню, называючы першае «атрутай душы», а другое (чамусьці) «ядам для галаўнога мозгу». На маё сціплае пярэчанне, што цыгарэты хутчэй яд для лёгкіх, гэты дурань паблажліва пасміхнуўся і паказаў пальцам у столь: