Выбрать главу

Сонца пакрысе, праменьчык да праменьчыка, згортвае свой чырвоны веер. Нядаўна ўся сцяна палаты была асветленая, а цяпер толькі ў адным кутку застаўся ружовы сектар, і той увачавідкі меншае, меншае, каб неўзабаве знікнуць зусім.

— Зіма… Вечар, — задуменна кажа, гледзячы у вакно, малады. На яго румяным твары блукае радасная, ды што там радасная — шчаслівая ўсмешка. — Мы тут ляжым, а жыццё сабе ідзе… Вунь бабуля вядзе за ручку ўнучку… Апранутыя цёпла. Рукавіцы, шалікі, шапкі… Яшчэ б — мароз! Колькі прыблізна ад нашай палаты да вуліцы? Сцяна, шыбы, метраў пяцьдзесят газона… Не так і многа. Калі расчыніць вакно і крыкнуць — пачулі б. А на справе — касмічная адлегласць! Крык фізічны даляціць, а вось крык душы? Наўрад ці…

Такі ў яго бадзёры, пераканаўчы голас, такі прыгожы твар з маладой русявай шчацінкай, так блішчаць яго мяккія вільготныя вочы, такі ён сам увесь урачысты, заміраны, як бы асветлены нейкім унутраным ззяннем. Міжволі хочацца думаць, і верыць, ці не Ўсявышні гэта вырашыў лішні раз злітасцівіцца з неразумных людзей, даць ім яшчэ адзін шанс, і спусціў да іх з нябёсаў свайго чарговага пасланца… Аналогія тым больш напрошваецца, што «пасланец» літаральна раскрыжаваны — у венах абедзьвюх рук па кропельніцы, з грудзіны, з-пад саменькага сэрца, тырчыць адна трубка, суровымі ніткамі па-жывому да скуры прышытая і бурым ад крыві і ёду пластырам залепленая, са спіны — другая. Адна, як пупавіна з мацярынскім лонам, злучае яго з кіслародным вентылем у сцяне, другая апушчана ў бутлю на падлозе. Такой няхітрай сістэмай кісларод прачышчае хворае лёгкае, вымывае з яго сукровіцу і іншую пасляаперацыйную дрэнь. Усё гэта кружыцца ў бутлі, асядае на дно, пеніцца ружовымі бурбалкамі — не раўнуючы, брага ходзіць!

— Кожнаму сваё… Адным ляжаць, хварэць, пакутаваць, іншым — хадзіць па вуліцах, ездзіць у машынах і ў розным транспарце… Адным, як мы, дыхаць нежывым кварцаваным паветрам, ёдам, нашатырам, хлёркаю, нечыстотамі… Другім — бегаць на лыжах па заснежаным лесе, сярод заінелых елак, з якіх сыплецца сняжок на каўнер і на шапку… Дыхаць водарам свежага, адфільтраванага хвояю павет… павет…

Ён раптам хэкае, нібы атрымаўшы далоняю па кадыку, пачынае глытаць словы, захліпваецца імі, кашляе, хаўкае, як рыбіна на пяску. Праз некаторы час, аддыхаўшыся, спачатку з цяжкасцю, па адным слове:

— Адфільтраванага… хвояю… паветра, — а потым, усё больш набіраючы разгон, язык яго зноў пачынае мянціць роўна і гладка: — Але вось парадокс! Любое абмежаванне чалавека ў прасторы, часовае — як у нас з вамі, або поўнае, як, дапусцім, у турме ці ў манастыры, любая адсутнасць фізічнага дзеяння — карацей, пазбаўленне волі, прыводзіць, як ні дзіўна, да разумення ісціны! Згадаем хоць бы антычных мудрацоў. Адзін днямі маляваў дроцікам на пяску свае тэарэмы і доказы іх, другі не вылазіў з ванны, усклікваючы час ад часу: «Эўрыка!», трэці ўвогуле жыў у бочцы і сярод белага дня бадзяўся з запаленым ліхтаром, шукаючы, бачыце, чалавека… Аднак гэта не перашкаджала ім быць геніямі, разумець ісціну. А ісціна, мушу сказаць, гэта зусім не набор пастулатаў, гэта не дубовыя максімы, не псеўдафіласофскія абстракцыі, нават — выбачайце за кашчунства! — не хрысціянскія або любыя іншыя рэлігійныя догмы, а! — драбяза, дэталькі, малюсенькія, штодзённыя, якіх мы амаль не заўважаем, а дарэмна, бо на іх трымаецца свет, на іх стаіць жыццё, з іх сумы ўрэшце і складваецца такое нібыта маленькае, але і такое неабходнае, такое сапраўднае — шчасце…

Паслухаць яго, дык гэты балбатун-«філосаф» і ёсць самы шчаслівы на свеце, гэткі алхімік-вынаходнік, які выпадкова замест вырабу каштоўных металаў адкрыў рэцэпт прыгатавання ні многа ні мала самога шчасця, навучыўся складаць яго з рознай драбязы, як, напрыклад, з нязграбных, недарэчных аскепак мазаікі пад рукой майстра паступова атрымліваецца гарманічны малюнак, і цяпер не толькі сам карыстаецца сваім вынаходніцтвам, а яшчэ і па дабрыні душэўнай гатовы падзяліцца ім з іншымі, хоць бы з гэтымі вось суседзямі па палаце, якія, канечне, пакуль нават не здагадваюцца, што варта было б запісваць усё чутае, у крайнім выпадку запамінаць, бо такі чароўны і разам з тым просты рэцэпт ашчасліўлення чалавецтва можа прапасці, растварыцца ў словах, развеяцца ў паветры.

— Так, сябры мае, — толькі тут, у гэтай бальніцы ў цэлым і ў гэтай палаце ў прыватнасці, тут, у вымушанай ізаляцыі, і адкрываецца чалавеку сапраўдная мудрасць…