Выбрать главу

«Ды чаму-ж?»

«Ну, ды ўжо таму!» сказаў з прыемнай усмешкай Манілаў.

Нарэшце, абодва прыяцелі ўвайшлі ў дзверы бокам і крыху прыціснулі адзін другога.

«Дазвольце пазнаёміць вас з жонкай маёй», сказаў Манілаў, «душачка! Павел Іванавіч!»

Чычыкаў сапраўды ўбачыў даму, якую ён зусім быў не прыкмеціў, калі раскланьваўся ў дзвярах з Манілавым. Яна была даволі прыгожая; апранута да твару. На ёй добра ляжала шаўковая капота бледнага колеру; тонкая невялікая рука яе нешта кінула паспешна на стол і сціснула батыставую хустачку з вышытымі ражкамі. Яна паднялася з канапы, на якой сядзела. Чычыкаў з прыемнасцю падышоў да яе ручкі. Манілава прагаварыла, крыху нават картавячы, што ён вельмі ўзрадаваў іх сваім прыездам, і што муж яе, не мінала дня, каб не ўспамінаў пра яго.

«Так», прамовіў Манілаў: «яна ўжо, бывала, усё пытаецца ў мяне: «ды што-ж твой прыяцель не едзе?» «Пачакай, душачка, прыедзе». А вось і вы, нарэшце, ушанавалі нас сваім наведаннем. Ужо такую, сапраўды, прынеслі асалоду, майскі дзень, імяніны сэрца...»

Чычыкаў, пачуўшы, што справа ўжо дайшла да імянін сэрца, крыху нават разгубіўся і адказаў сціпла, што ні гучнага імя не мае, ні нават рангу прыкметнага.

«Вы ўсё маеце», перапыніў Манілаў з такой-жа прыемнай усмешкай, «усё маеце, нават яшчэ больш».

«Як, на вашу думку, наш горад?» прамовіла Манілава. «Ці прыемна правялі там час?»

«Вельмі добры горад, цудоўны горад», адказаў Чычыкаў: «і час правёў вельмі прыемна: кампанія самая абыходлівая».

«А як, на вашу думку, наш губернатар?» сказала Манілава.

«Ці не праўда, што найшаноўнейшы і найветлівейшы чалавек?» дадаў Манілаў.

«Чыстая праўда», сказаў Чычыкаў, «найшаноўнейшы чалавек. I як ён увайшоў у сваю ролю, як разумее яе! Трэба жадаць пабольш такіх людзей».

«Як ён можа гэтак, ведаеце, прыняць кожнага, захаваць далікатнасць у сваіх учынках», дадаў Манілаў з усмешкай, і ад прыемнасці амаль зусім зажмурыў вочы, як кот, якому крыху паказыталі пальцамі за вушамі.

«Вельмі абыходлівы і прыемны чалавек», гаварыў далей Чычыкаў: «і які майстар! я нават ніяк не мог меркаваць. Як добра вышывае розныя хатнія ўзоры. Ён мне паказваў сваёй работы кашалёк: мала якая дама можа так па-майстэрску вышыць».

«А віцэ-губернатар, ці не праўда, які мілы чалавек», сказаў Манілаў, зноў крыху прыжмурыўшы вочы.

«Вельмі, вельмі дастойны чалавек», адказваў Чычыкаў.

«Ну, дазвольце, а якое ўражанне на вас зрабіў паліцэймейстар? Ці не праўда, што вельмі прыемны чалавек?»

«Надзвычайна прыемны, і які разумны, які начытаны чалавек! Мы ў яго прагулялі ў віст разам з пракурорам і старшынёй палаты да самых позніх пеўняў. Вельмі, вельмі дастойны чалавек».

«Ну, а якой вы думкі аб жонцы паліцэймейстара?» дадала Манілава. «Ці не праўда, найветлівейшая жанчына?»

«О, гэта адна з дастойнейшых жанчын, якіх я толькі ведаю», адказаў Чычыкаў.

Пасля не мінулі старшыні палаты, паштмейстара, і такім чынам перабралі амаль усіх чыноўнікаў горада, якія ўсе аказаліся самымі дастойнымі людзьмі.

«Вы заўсёды ў вёсцы праводзіце час?» зрабіў, нарэшце, у сваю чаргу запытанне Чычыкаў.

«Больш у вёсцы», адказаў Манілаў. «Часамі аднак прыязджаем у горад для таго толькі, каб пабачыцца з адукаванымі людзьмі. Здзічэеш, ведаеце, калі будзеш увесь час жыць замкнуўшыся».

«Праўда, праўда», сказаў Чычыкаў.

«Вядома», гаварыў далей Манілаў: «іншая справа, калі-б суседства было добрае, калі-б, напрыклад, быў такі чалавек, з якім-бы некаторым чынам можна было пагаварыць пра ветлівасць, пра добрае абыходжанне, сачыць за якой-небудзь гэтакай навукай, каб гэтак разварушыла душу, было-б, так сказаць, лунанне гэтакае...» Тут ён яшчэ нешта хацеў выказаць, але, заўважыўшы, што крыху зарапартаваўся, крутнуў толькі рукой у паветры і прадаўжаў: «тады вядома вёска і адзінота мелі-б вельмі многа прыемнасцей. Але зусім няма нікога... Вось толькі часам пачытаеш «Сын Отечества».

Чычыкаў з гэтым згадзіўся цалкам, дадаўшы, што не можа быць нічога больш прыемнага, як жыць у адзіноце, мець асалоду ад сузірання прыроды і пачытаць часамі якую-небудзь кнігу...

«Але ведаеце», дадаў Манілаў, «усё-ж, калі няма друга, з якім-бы можна падзяліцца...»

«О, гэта справядліва, гэта зусім справядліва!» перапыніў Чычыкаў. «Што ўсе скарбы тады ў свеце! Не май грошай, май добрых людзей для абыходжання, сказаў адзін мудрэц».

«I ведаеце, Павел Іванавіч!» сказаў Манілаў, зрабіўшы на твары сваім выраз не толькі салодкі, але нават прыкра-салодкі, падобны да той мікстуры, якую спрытны свецкі доктар засаладзіў бязлітасна, думаючы ёю парадаваць пацыента. «Тады адчуваеш якуюсьці, у некаторым родзе, духоўную асалоду... Вось, як напрыклад, цяпер, калі выпадак даў мне шчасце, можна сказаць, узорнае, гаварыць з вамі і адчуваць асалоду ад прыемнай вашай размовы...»