равядліва, што мытніца, як-бы там ні было, усё яшчэ не больш, як журавель у небе, а камісія ўжо была сініца ў руках. Цяпер-жа вырашыў ён, чаго-б гэта ні каштавала, дабрацца да мытніцы, і дабраўся. За службу сваю ўзяўся ён з стараннасцю незвычайнай. Здавалася, сам лёс прызначыў яму быць чыноўнікам у мытніцы. Такой спрытнасці, прадбачлівасці і праніклівасці не толькі не здаралася бачыць, але нават і чуць. За тры-чатыры тыдні ён ужо так злаўчыўся ў мытнай справе, што ведаў усё дарэшты: нават не важыў, не мераў, а па фактуры даведваўся, колькі ў якім скрутку аршынаў сукна або іншай тканіны; узяўшы ў рукі пакунак, ён мог сказаць адразу, колькі ў ім фунтаў. Што-ж датычыць абшуквання, дык тут, як казалі нават самі таварышы, у яго проста быў сабачы нюх: нельга было не здзівіцца, бачачы, як у яго хапала столькі цярплівасці, каб абмацаць кожны гузік, і ўсё гэта рабілася са страшэннай роўнавагаю, ветлівай да неверагоднасці. I ў той час, калі абшукваемыя шалелі, трацілі самаўладанне і адчувалі злоснае жаданне збіць пстрычкамі прыемнае яго аблічча, ён, не змяняючыся ні з твару, ні ў ветлівасці абыходжання, толькі прыгаварваў: ці не будзеце вы ласкавы крыху паклапаціцца і прыўстаць? або: ці не будзеце вы ласкавы, сударыня, прайсці ў другі пакой? там жонка аднаго з нашых чыноўнікаў пагутарыць з вамі. Ці: дазвольце, вось я ножычкам крыху распару падкладку вашага шыняля, і, кажучы гэта, ён выцягваў адтуль шалі, хусткі, спакойна, як з уласнай скрыні. Нават начальства гаварыла, што гэта быў чорт, а не чалавек: ён знаходзіў у колах, дышлах, конскіх вушах і невядома ў якіх месцах, куды-б ніякаму аўтару не прышло-б у думку залезці і куды дазваляецца залазіць толькі адным мытным чыноўнікам. Так што бедны падарожны, пераехаўшы цераз граніцу, усё яшчэ на працягу некалькіх хвілін не мог апамятацца, і, абціраючы пот, які выступіў дробненькімі кроплямі па ўсім целе, толькі хрысціўся ды прыгаварваў: ну, ну! Становішча яго вельмі падобна было да становішча вучня, які выбег з сакрэтнага пакоя, куды начальнік паклікаў яго з тым, каб даць сякое-такое настаўленне, але замест таго высек зусім нечаканым чынам. Праз кароткі час не было ад яго ніякага жыцця кантрабандыстам. Гэта быў страх і адчай усяго польскага жыдоўства. Сумленнасць і непадкупнасць яго былі непераможныя, амаль ненатуральныя. Ён нават не сабраў сабе невялічкага капітальца з розных канфіскаваных тавараў і сякіх-такіх рэчаў, якія адбіраліся, але не паступалі ў казну для ўнікнення лішняй перапіскі. Такая старанна-бескарыслівая служба не магла не зрабіцца прадметам агульнага здзіўлення і не дайсці, нарэшце, да ведама начальства. Ён атрымаў чын і павышэнне і следам за гэтым прадставіў праект злавіць усіх кантрабандыстаў, просячы толькі сродкаў выканаць яго самому. Яму зараз-жа даручана была каманда і неабмежаванае права рабіць усякія пошукі. Гэтага толькі яму і хацелася. У той час утварылася моцнае таварыства кантрабандыстаў абдумана-правільным чынам; на мільёны абяцала выгод дзёрзкае пачынанне. Ён даўно меў ужо весткі аб ім і нават адмовіў падасланым падкупіць, сказаўшы суха: яшчэ не час. Атрымаўшы-ж пад свой загад усё, у тую-ж хвіліну паведаміў таварыства, сказаўшы: цяпер пара. Разлік быў занадта пэўны. Тут за адзін год ён мог атрымаць тое, чаго не выйграў-бы за дваццаць гадоў самай стараннай службы. Раней ён не хацеў уваходзіць ні ў якія зносіны з імі; таму што быў не больш, як простай пешкай, значыцца, не шмат атрымаў-бы, але цяпер... цяпер зусім іншая справа: ён мог прапанаваць якія хацеў умовы. Каб справа ішла больш бесперашкодна, ён падгаварыў і другога чыноўніка, свайго таварыша, які не ўстояў супроць спакусы, не гледзячы на тое, што меў сівы волас. Умовы былі заключаны, і таварыства пачало дзейнічаць. Дзеянні пачаліся бліскуча: чытач, без сумнення, чуў так часта перадаваную гісторыю аб дасціпным падарожжы іспанскіх бараноў, якія, зрабіўшы пераход цераз граніцу ў падвойных кажушках, пранеслі пад кажушкамі на мільён брабантскіх карункаў. Гэта здарэнне адбылося іменна тады, калі Чычыкаў служыў пры мытніцы. Калі-б ён сам не ўдзельнічаў у гэтай справе, ніякім жыдам у свеце не ўдалося-б ажыццявіць падобнай справы. Пасля трох ці чатырох барановых паходаў цераз граніцу, у абодвух чыноўнікаў апынулася па чатырыста тысяч капіталу. У Чычыкава, кажуць, нават пераваліла за пяцьсот, бо ён быў спрытнейшы. Бог ведае, да якой-бы велізарнай лічбы ні ўзраслі-б благадатныя сумы, калі-б нейкі нялёгкі звер не перабег упоперак усяго. Чорт збіў з толку абодвух чыноўнікаў: чыноўнікі, проста кажучы, пашалелі і пасварыліся ні за што. Неяк у гарачай размове, а магчыма крыху і выпіўшы, Чычыкаў абазваў другога чыноўніка паповічам, а той, хоць сапраўды быў паповіч, невядома чаму пакрыўдзіўся страшэнна, і адказаў яму тут-жа моцна і надзвычай рэзка, а іменна вось як: «не, хлусіш, я стацкі саветнік, а не паповіч, а вось ты дык паповіч!» I потым дадаў яму на злосць для большай прыкрасці: «Дык вось, бачыш як!» Хоць ён абрэзаў такім чынам яго кругом, звярнуўшы на яго ім-жа прыдуманую назву і хоць выраз: «вось, бачыш як!» мог быць моцным; але не задаволіўшыся гэтым, ён паслаў яшчэ на яго патайны данос. Зрэшты кажуць, што і без гэтага была ў іх сварка за нейкую кабецінку, свежую і моцную, як ядраная рэпа, як казалі мытныя чыноўнікі; што былі нават падкуплены людзі, каб пад вечар, у цёмным завулку, адлупцаваць нашага героя; але што абодва чыноўнікі засталіся ў дурнях, а кабецінку падхапіў нейкі штабс-капітан Шамшароў. Як была справа сапраўды, бог іх ведае; няхай лепш чытач-ахвотнік дадумае сам. Галоўнае ў тым, што патайныя зносіны з кантрабандыстамі зрабіліся відавочнымі. Стацкі саветнік, хоць сам згінуў, але такі ўпёк свайго таварыша. Чыноўнікаў аддалі пад суд, канфіскавалі, апісалі ўсё, што ў іх было, і ўсё гэта ўдарыла раптам, як гром, над іх галовамі. Як пасля чаду апамяталіся яны і ўбачылі з жахам, што нарабілі. Стацкі саветнік не ўстояў супроць лёсу і недзе загінуў у глушы, але калежскі ўстояў. Ён умеў затаіць частку грошай, хоць і тонкі быў нюх наехаўшага на следства начальства. Ужыў усе тонкія выкрунтасы розуму, ужо занадта спрактыкаванага, занадта добра ведаючага людзей, дзе падзейнічаў прыемнасцю зваротаў, дзе чуллівай размовай, дзе пакурыў ліслівасцю, якая ні ў якім выпадку не псуе справы, дзе падсунуў грошай, словам, апрацаваў справу, прынамсі, так, што адстаўлен быў не з такой ганьбай, як таварыш, і выкруціўся з-пад крымінальнага суда. Але ўжо ні капітала, ні розных замежных рэчаў, нічога не засталося яму, на ўсё гэта знайшліся іншыя ахвотнікі. Утрымалася ў яго тысяч дзесятак, захаваных на чорны дзень, ды тузіны два галандскіх кашуль, ды невялікая брычка, у якой ездзяць халасцякі, ды двое прыгонных людзей, фурман Селіфан і лакей Пятрушка, ды мытныя чыноўнікі, кіруючыся сардэчнай дабратой, пакінулі яму пяць ці шэсць кавалкаў мыла для захавання свежасці шчок, вось і ўсё. Дык вось у якім становішчы зноў апынуўся герой наш! Вось якая безліч няшчасцяў звалілася яму на галаву! Гэта называў ён: пацярпець па службе за праўду. Цяпер можна было-б меркаваць, што пасля такіх бур, выпрабаванняў, здрадлівасці лёсу і жыццёвага гора, ён схаваецца з кроўнымі дзесяццю тысячонкамі, якія ў яго засталіся, куды-небудзь у спакойную глуш павятовага гарадка і там заклёкне навекі ў паркалёвым халаце каля акна нізенькага доміка, разбіраючы ў нядзелю бойку мужыкоў, узнікшую перад вокнамі, або для асвяжэння праходзячыся ў курасадню пашчупаць асабіста курыцу, прызначаную ў суп, і правядзе такім чынам няшумны, але ў сваім родзе небескарысны век. Але так не здарылася. Трэба аддаць справядлівасць непераможнай сіле яго характару. Пасля ўсяго таго, чаго хапіла-б калі не забіць, дык астудзіць і ўтаймаваць назаўсёды чалавека, у ім не патухла незразумелая страсць. Ён быў у горы, у прыкрасці, наракаў на ўвесь свет, злаваў на несправядлівасць лёсу, абураўся несправядлівасцю людзей і аднак-жа не мог адмовіцца ад новых спроб. Словам, ён паказаў цярплівасць, перад якой нішто драўляная цярплівасць немца, якая закладзена ўжо ў павольным, лянівым пульсаванні крыві яго. Кроў Чычыкава, наадварот, іграла моцна, і трэба было шмат разумнай волі, каб накінуць аброць на ўсё тое, што хацела-б выскачыць і пагуляць на волі. Ён разважаў, і ў разважанні яго відаць была некаторая доля справядлівасці: «Чаму-ж я? чаму на мяне звалілася бяда? хто-ж дрэмле цяпер на пасадзе? усе прыдабываюць. Няшчасным я не зрабіў нікога, я не абрабаваў удаву, я не пусціў нікога з торбай, карыстаўся я ад лішкаў, браў там, дзе кожны браў-бы, не пакарыстаўся-б я, іншыя-б пакарысталіся-б? За што-ж іншыя раскашуюцца, і чаму я павінен прапасці чарвяком? I што я цяпер? Куды я варты? Якімі вачамі я мушу глядзець цяпер у вочы кожнаму паважанаму бацьку сям’і? Як не адчуваць мне згрызот сумлення, ведаючы, што дарма абцяжваю зямлю, і што скажуць потым мае дзеці? «Вось», скажуць, «бацька жывёліна, не пакінуў нам ніякай маёмасці!»