Выбрать главу

Ужо вядома, што Чычыкаў моцна клапаціўся аб сваіх патомках. Такі чуллівы прадмет! Некаторы, магчыма, і не так-бы глыбока запусціў руку, каб не пытанне, якое, невядома чаму, прыходзіць само сабой: а што скажуць дзеці? I вось будучы пачынальнік роду, як асцярожны кот, скасавурыўшы толькі адно вока ўбок, ці не глядзіць адкуль гаспадар, хапае спяшаючыся ўсё, што да яго бліжэй: ці мыла стаіць, ці свечкі, сала, ці канарэйка трапіла пад лапу, словам, не прапускае нічога. Так скардзіўся і плакаў наш герой, а тым часам дзейнасць ніяк не памірала ў яго галаве; там усё штосьці хацела будавацца: чакала толькі плана. Зноў скурчыўся ён, зноў пачаў цяжкое жыццё, зноў абмежаваў сябе ва ўсім, зноў з чыстаты і прыстойнага становішча апусціўся ў бруд і нізкае жыццё. I ў чаканні лепшага прымушаны быў нават узяць на сябе званне паверанага, званне, якое яшчэ не набыло ў нас грамадзянства, папіхаецца з усіх бакоў, мала паважаецца дробнымі прыказнымі стварэннямі і нават самімі давярыцелямі, асуджанае на поўзанне ў пярэдніх, грубасць і іншае, але беднасць змусіла адважыцца на ўсё. З даручэнняў прыпала яму між іншым адно: пахадайнічаць аб закладзе ў апякунскі савет некалькіх сот сялян. Маёнтак быў спустошаны да апошняй ступені. Спустошаны ён быў падзяжом жывёлы, ашуканцамі-прыказчыкамі, неўраджаямі, пошаснымі хваробамі, якія знішчылі лепшых работнікаў, і нарэшце бязладнасцю самога памешчыка, які абсталёўваў сабе дом у Маскве ў апошнім гусце і патраціў на гэтае абсталяванне ўсю сваю маёмасць да апошняй капейкі так, што ўжо не было за што есці купіць. З гэтай вось прычыны спатрэбілася залажыць апошні маёнтак. Заклад у казну тады быў яшчэ новай справай, на якую адважваліся не без страху. Чычыкаў у якасці паверанага, перш здабыўшы прыхільнасць усіх (не здабыўшы папярэдне прыхільнасці, як вядома, нельга нават узяць простай даведкі або выпраўкі, усё-ж хоць па бутэльцы мадэры давядзецца ўліць у кожнае горла), — дык вось, здабыўшы прыхільнасць усіх, каго трэба, ён растлумачыў, што вось якая між іншым акалічнасць: палавіна сялян паўмірала, дык каб не было якіх-небудзь потым прычэпак... «Ды яны-ж па рэвізскіх спісах лічацца?» сказаў сакратар. «Лічацца», адказаў Чычыкаў. «Ну дык чаго-ж вы спалохаліся?» сказаў сакратар: «адзін памёр, другі народзіцца, а ўсё да справы згодзіцца». Сакратар, як відаць, умеў гаварыць і ў рыфму. А тымчасам героя нашага натхніла самая цудоўная думка, якая калі-небудзь прыходзіла ў людскую галаву. «Эх, я Акім прастата», сказаў ён сам сабе: «шукаю рукавіцы, а абедзве за поясам! Ды каб накупіў я ўсіх гэтых, што паўміралі, пакуль яшчэ не падавалі новых рэвізскіх спісаў, набыў іх, скажам, тысячу, ды, скажам, апякунскі савет дасць па дзвесце рублёў на душу: вось ужо дзвесце тысяч капіталу! А цяпер-жа час зручны, нядаўна была эпідэмія, народу перамерла, дзякуй богу, нямала. Памешчыкі папрагульваліся ў карты, закуцілі і праматаліся як след; усё палезла ў Пецербург служыць: маёнткі пакінуты, кіруюцца як папала, падаткі плоцяцца з кожным годам цяжэй, дык мне з радасцю адступіць іх кожны, ужо таму толькі, каб не плаціць за іх падушных грошай; можа іншы раз так здарыцца, што з некаторага і я заганю яшчэ за гэта капейку. Вядома, цяжка, клапатліва, страшна, каб як-небудзь яшчэ не папала, каб не зрабіць з гэтага гісторыі. Ну ды дадзен-жа чалавеку на што-небудзь розум. А галоўнае тое добра, што прадмет вось здасца ўсім неверагодным, ніхто не паверыць. Праўда, без зямлі нельга ні купіць, ні залажыць. Дык я-ж куплю на вывад, на вывад; цяпер землі ў Таўрычаскай і Херсонскай губернях аддаюцца дарам, толькі засяляй. Туды я іх перасялю! у Херсонскую іх! няхай сабе там жывуць! А перасяленне можна зрабіць законным чынам, як след па судах. Калі захочуць агледзець сялян, хай будзе так, я і тут не супроць, чаму-ж не? Я прадстаўлю і пасведчанне, за ўласнаручным подпісам капітана-спраўніка. Вёску можна назваць Чычыкава слабодка, або па імені, дадзеным пры хрэсьбінах: сяльцо Паўлаўскае». I вось такім чынам склаўся ў галаве нашага героя гэты дзіўны сюжэт, за які не ведаю, ці будуць яму ўдзячны чытачы, а ўжо як удзячны аўтар, дык і выказаць цяжка. Бо што ні кажы, каб не прышла ў галаву Чычыкава гэтая думка, не з’явілася-б на свет гэтая паэма.