Перахрысціўшыся, паводле рускага звычаю, прыступіў ён да выканання. Пад выглядам выбару месца для жыхарства і пад іншымі зачэпкамі надумаўся ён заглянуць у тыя і іншыя куткі нашай дзяржавы, і пераважна ў тыя, што больш за другіх пацярпелі ад няшчасных выпадкаў, неўраджаяў, смяротнасці і іншага, словам — дзе-б можна зручней і танней накупляць патрэбнага народу. Ён не звяртаўся абы да якога памешчыка, але выбіраў людзей больш пад свой густ, або такіх, з якімі можна было-б з меншымі цяжкасцямі рабіць падобныя здзелкі, стараючыся перш пазнаёміцца, здабыць прыхільнасць да сябе, каб, калі можна, больш дружбаю, а не купляй набыць мужыкоў. Дык вось, чытачы не павінны абурацца на аўтара, калі асобы, якія да гэтага часу з’яўляліся, не прышліся яму да густу; гэта віна Чычыкава, тут ён поўны гаспадар і куды ён надумаецца, туды і мы павінны цягнуцца. З нашага боку, калі, сапраўды, з’явіцца абвінавачанне за бледнасць і мізэрнасць асоб і характараў, скажам толькі тое, што ніколі на пачатку не відаць усяе шырокай плыні і аб’ёму справы. Прыезд у які-б ні было горад, хоць нават у сталіцу, заўсёды нейкі бледны, спачатку ўсё шэра і аднастайна: цягнуцца бясконцыя заводы ды фабрыкі, закураныя дымам, а потым ужо выглянуць рагі шасціпавярховых дамоў, магазіны, шыльды, велізарныя перспектывы вуліц, усе ў званіцах, калонах, статуях, вежах, з гарадскім бляскам, шумам і громам, і ўсім, што на дзіва стварыла рука і думка чалавека. Як адбыліся першыя пакупкі, чытач ужо бачыў; як пойдзе справа далей, якія будуць удачы і няўдачы героя, як давядзецца вырашыць і перамагчы яму больш цяжкія перашкоды, як паўстануць велізарныя вобразы, як будуць рушыцца патайныя рычагі шырокай аповесці, разгорнецца далёка яе гарызонт, і ўся яна набудзе велічную лірычную плынь, гэта ўбачым потым. Яшчэ вялікая дарога ляжыць перад усім паходным экіпажам, які складаецца з пана сярэдніх год, брычкі, у якой ездзяць халасцякі, лакея Пятрушкі, фурмана Селіфана і тройкі коней, ужо вядомых пайменна ад Засядацеля да падлюгі пярэстага. Такім чынам, вось увесь перад вамі наш герой, які ён ёсць! Але, магчыма, будуць вымагаць заключнага азначэння адной рысай; хто-ж ён адносна якасцей маральных? што ён не герой, уладаючы дасканаласцю і дабрадзейнасцю, гэта відаць. Хто-ж ён? значыцца падлюга? Чаму-ж падлюга, навошта-ж быць гэтак строгім да другіх? Цяпер у нас падлюг не бывае, ёсць людзі добранамераныя, прыемныя, а такіх, якія-б на ўсеагульную ганьбу выставілі сваю фізіяномію пад публічную аплявуху, знойдзецца хіба якіх-небудзь два, тры чалавекі, ды і тыя ўжо гавораць цяпер аб дабрадзейнасці. Справядлівей за ўсё назваць яго; гаспадар, здабывач. Здабыванне віна ўсяго; праз яго стварыліся справы, якім свет дае назву не вельмі чыстых. Праўда, у такім характары ёсць ужо нешта такое, што адштурхвае, і той-жа чытач, які на жыццёвым сваім шляху будзе дружыць з такім чалавекам, будзе вадзіць з ім хлеб-соль і праводзіць прыемна час, пачне глядзець на яго скоса, калі ён будзе героем драмы або паэмы. Але мудры той, хто не пагарджае ніякім характарам, але, утаропіўшы ў яго выпрабавальны позірк, вывучае яго да першапачатковых прычын. Хутка ўсё ператвараецца ў чалавеку; не паспееш азірнуцца, як ужо вырас у сярэдзіне страшны чарвяк, які самаўладна пацягнуў да сябе ўсе жыццёвыя сокі. I ці раз не толькі шырокая страсць, але нікчэмная страсцішка да чагосьці дробнага разрасталася ў народжаным на лепшыя подзвігі, змушала яго забываць вялікія і святыя абавязкі і ў нікчэмных бразготках бачыць вялікае і святое. Незлічоны, як марскія пяскі, людскія страсці, і ўсе не падобны адна да адной і ўсе яны, нізкія і цудоўныя, спачатку пакорны чалавеку і потым ужо робяцца страшнымі ўладарамі яго. Блажэн той, хто абраў сабе з усіх самую цудоўную страсць; расце і дзесяцярыцца з кожнай гадзінай і хвілінай бязмернае яго блажэнства, і ўваходзіць ён глыбей і глыбей у бясконцы рай сваёй душы. Але ёсць страсці, выбар якіх не ад чалавека. Ужо нарадзіліся яны з ім у хвіліну нараджэння яго на свет, і не дадзена яму сілы адхіліцца ад іх. Вышэйшымі наканаваннямі яны вядуцца, і ёсць у іх нешта такое, што вечна кліча, не змаўкаючы ўсё жыццё. Вялікі зямны шлях прысуджана прарабіць ім: усёроўна, ці ў змрочным вобразе, ці пранёсшыся светлай з’явай, якая ўзрадуе свет — аднолькава выкліканы яны для невядомага чалавеку дабра. I магчыма, у гэтым-жа самым Чычыкаве страсць, авалодаўшая ім, ужо не ад яго, і ў халодным яго існаванні змешчана тое, што потым кіне ў прах і на калені чалавека перад мудрасцю нябёс. I яшчэ таямніца, чаму гэты вобраз паўстаў у паэме, якая з’яўляецца цяпер на свет.