Выбрать главу

Але не тое цяжка, што будуць нездаволены героем, цяжка тое, што жыве ў душы неадхільная ўпэўненасць, што тым-жа самым героем, тым-жа самым Чычыкавым, былі-б здаволены чытачы. Калі-б не заглянуў аўтар глыбей яму ў душу, не паварушыў на дне яе таго, што ўцякае і хаваецца ад святла, не выявіў самых патайных думак, якіх нікому іншаму не давярае чалавек, а каб паказаў яго такім, якім ён паказаўся ўсяму гораду, Манілаву і іншым людзям, і ўсе былі-б вельмі рады і палічылі-б яго за цікавага чалавека. Дарма, што ні твар, ні ўвесь вобраз яго не мітусіўся-б як жывы перад вачамі: затое, калі скончыцца чытанне, душа не ўстрывожана нічым, і можна звярнуцца зноў да картачнага стала, які цешыць усю Расію. Так, мае добрыя чытачы, вам-бы не хацелася бачыць выяўленую чалавечую беднасць. Навошта, кажаце вы, да чаго гэта? Няўжо мы не ведаем самі, што ёсць многа агіднага і неразумнага ў жыцці? I без таго здараецца нам часта бачыць тое, што зусім няўцешна. Лепш паказвайце нам цудоўнае, прывабнае. Няхай лепш забудземся мы! «Навошта ты, брат, кажаш мне, што справы ў гаспадарцы ідуць дрэнна?» гаворыць памешчык прыказчыку: «я, брат, гэта ведаю без цябе, ды ў цябе размоў хіба няма іншых ці што? Ты дай мне забыць гэта, не ведаць гэтага, я тады шчаслівы». I вось тыя грошы, якія-б паправілі хоць крыху справу, ідуць на розныя сродкі для прывядзення сябе ў забыццё. Спіць розум, які магчыма знайшоў-бы нечаканую крыніцу вялікіх сродкаў, а там маёнтак бух з аукцыёна, і пайшоў памешчык забывацца па свеце, з душой, ад крайнасці гатовай на нізасці, якіх-бы сам жахнуўся раней.