Выбрать главу

Яшчэ будзе кінута абвінавачанне аўтару з боку так званых патрыётаў, якія спакойна сядзяць сабе па кутках і займаюцца зусім пабочнымі справамі, збіраюць сабе капітальцы, уладжваючы свой лёс за кошт другіх; але як толькі здарыцца што-небудзь, на іх думку, абразлівае для бацькаўшчыны, з’явіцца якая-небудзь кніга, у якой скажацца часам горкая праўда, яны выбегуць з усіх куткоў як павукі, якія ўбачылі, што заблыталася ў павуціне муха, і ўзнімуць раптам крыкі: «Ды ці добра выводзіць гэта на свет, разгалошваць гэта? гэта-ж усё, што ні апісана тут, гэта ўсё наша, ці добра гэта? а што скажуць чужаземцы? Хіба весела чуць дрэнную думку аб сабе? Думаюць, хіба гэта не балюча? Думаюць, хіба мы не патрыёты?» На такія мудрыя заўвагі, асабліва наконт думак чужаземцаў, прызнаюся, нічога нельга падабраць у адказ. А хіба вось што: жылі ў адным далёкім кутку Расіі два жыхары. Адзін быў бацька сям’і і па імені Кіфа Мокіевіч, чалавек характару лагоднага, які праводзіў жыццё нядбалым чынам. Сям’ёю ён сваёю не займаўся; існаванне яго было звернута больш у бок сузіральных разважанняў і занята наступным, як ён называў, філасафічным пытаннем: «Вось, напрыклад, звер», гаварыў ён, ходзячы па пакоі; «звер нараджаецца голым. Чаму-ж іменна голым? Чаму не так, як птушка, чаму не вылупліваецца з яйка? Як, дапраўды, гэта: зусім не зразумееш натуры, як больш у яе паглыбішся!» Так думаў жыхар Кіфа Мокіевіч. Але не ў гэтым галоўная справа. Другі жыхар быў Мокій Кіфавіч, родны сын яго. Быў ён тое, што называюць на Русі асілак, і ў той час, калі бацька займаўся нараджэннем звера, дваццацігадовая плячыстая натура яго так і парывалася разгарнуцца. Ні за што не ўмеў ён узяцца лёгка, усё ці рука ў каго-небудзь затрашчыць, ці гузак ускочыць на чыім-небудзь носе. У доме і ў суседстве ўсё ад дваровай дзеўкі да дваровага сабакі ўцякала прэч, убачыўшы яго, нават уласны ложак у спальні паламаў ён на кавалкі. Такі быў Мокій Кіфавіч, а аднак ён меў добрую душу. Але не ў гэтым яшчэ галоўная справа. А галоўная справа вось у чым: «Злітуйся, бацюхна, пан Кіфа Мокіевіч», казала бацьку і свая, і чужая дворня: «што ў цябе за Мокій Кіфавіч? Нікому няма ад яго супакою, такі крыўдзіцель!» «Так, свавольны, свавольны», гаварыў звычайна на гэта бацька, «ды як-жа быць: біцца з ім позна ды і мяне-ж усе абвінавацяць у жорсткасці, а чалавек ён чэсталюбны, калі папракнуць яго пры другім-трэцім, ён сунімецца, дык-жа пагалоска, вось бяда! горад даведаецца, назаве яго зусім сабакам. Што, дапраўды, думаюць, мне хіба не балюча? хіба я не бацька? Што займаюся філасофіяй, ды іншы раз няма часу, дык ужо я і не бацька? Ды вось-жа не, бацька, чорт іх пабяры, бацька! У мяне Мокій Кіфавіч вось тут сядзіць, у сэрцы!» Тут Кіфа Мокіевіч біў сябе вельмі моцна ў грудзі кулаком і ўваходзіў канчаткова ў азарт. «Ужо калі ён і застанецца сабакам, дык няхай-жа не ад мяне аб гэтым даведаюцца, няхай не я выдаў яго». I, паказаўшы такое бацькоўскае пачуццё, ён пакідаў Мокія Кіфавіча працягваць свае волатаўскія подзвігі, а сам вяртаўся зноў да любімага прадмета, задаўшы сабе раптам якое-небудзь падобнае пытанне: «ну, а калі-б слон нарадзіўся ў яйку, дык шкарлупа, мабыць, вельмі-б таўстая была, гарматай не праб’еш; трэба было-б якую-небудзь новую агнястрэльную зброю выдумаць». Так праводзілі жыццё два жыхары мірнага кутка, якія нечакана, як праз акенца, выглянулі ў канцы нашай паэмы, выглянулі для таго, каб адказаць сціпла на абвінавачванне з боку некаторых гарачых патрыётаў, якія да часу спакойна займаюцца якой-небудзь філасофіяй ці прырошчваннямі за кошт сум пяшчотна любімай імі бацькаўшчыны, якія думаюць не аб тым, каб не рабіць дрэннага, а аб тым, каб толькі не казалі, што яны робяць дрэннае. Але не, не патрыятызм і не першае пачуццё ёсць прычыны абвінавачання, іншае хаваецца пад імі. Нашто таіць слова? Хто-ж, як не аўтар, павінен сказаць святую праўду? Вы баіцеся глыбока накіраванага позірку, вы баіцеся самі накіраваць на што-небудзь глыбей позірк, вы любіце прабегчы па ўсім нядумаючымі вачамі. Вы пасмяецеся нават ад душы з Чычыкава, магчыма, нават пахваліце аўтара, скажаце: «Аднак-жа тое-сёе ён ёмка прыкмеціў, павінен быць вясёлага характару чалавек!» I пасля такіх слоў з падвоенай гордасцю звернецеся да сябе, самаздаволеная ўсмешка з’явіцца на вашым твары, і вы дадасце: «А трэба згадзіцца, вельмі дзіўныя і смешныя бываюць людзі ў некаторых правінцыях, ды і падлюгі да таго-ж не малыя!» А хто з вас поўны хрысціянскай пакоры, не ўголас, а ў цішыні, адзін, у хвіліны адзінотных размоў з самім сабой, паглыбіць ва ўнутр уласнай душы такое цяжкое запытанне: «А ці няма і ва мне якой-небудзь часткі Чычыкава?» Але, дзе там! А вось няхай пройдзе ў гэты час паўз яго які-небудзь яго-ж знаёмы, які мае чын не вельмі вялікі, не вельмі малы, ён у тую-ж хвіліну штурхане пад руку свайго суседа і скажа яму, ледзь не пырснуўшы са смеху: «глядзі, глядзі, вунь Чычыкаў, Чычыкаў пайшоў». I потым, як дзіцянё, забыўшы ўсякую прыстойнасць, належную званню і гадам, пабяжыць за ім наўздагон, дражнячы і прыгаварваючы: «Чычыкаў! Чычыкаў! Чычыкаў!»