Выбрать главу

ТОМ ДРУГІ

РАЗДЗЕЛ I

Навошта-ж маляваць беднасць, ды беднасць, ды недасканаласць нашага жыцця, выкапваючы людзей з глушы, з аддаленых закуткаў дзяржавы? Што-ж рабіць, калі такія ўжо ўласцівасці аўтара, і, захварэўшы на ўласную недасканаласць, ужо і не можа маляваць ён нічога іншага, як толькі беднасць, ды беднасць, ды недасканаласць нашага жыцця, выкапваючы людзей з глушы, з аддаленых закуткаў дзяржавы? I вось зноў трапілі мы ў глуш, зноў напаткалі закутак! Затое якая глуш і які закутак!

Як быццам велізарны вал нейкай бясконцай крэпасці, з нарожнікамі і байніцамі, ішлі, віючыся, больш, як на тысячу вёрст, горныя ўзвышшы. З надзвычайнай прыгажосцю ўзносіліся яны над бясконцымі прасторамі далін, то адломамі, у выглядзе стромкіх вапенна-гліністых сцен, скрэсленых праточынамі і калдобінамі, то хораша закругленаю зялёнаю пукатасцю, укрытай, нібы мярлушкамі, маладым хмызняком, які ўзнімаўся ад ссечаных дрэў, то, нарэшце, цёмнымі гушчарамі лесу, што нейкім цудам яшчэ ўцалеў ад тапара. Рака, то, верная сваім берагам, рабіла разам з імі калены і павароты, то адыходзіла прэч у лугі, для таго, каб, закруціўшыся там у некалькі закрутаў, бліснуць, як агонь, перад сонцам, і схавацца ў гаі бяроз, асін і алешніку і выбегчы адтуль ва ўрачыстасці, у суправаджэнні мастоў, млыноў і грэбляў, якія нібыта ганяюцца за ёю на кожным павароце.

У адным месцы круты бок узвышшаў прыбіраўся гусцей у зялёныя кудзеры дрэў. Штучнай пасадкай, дзякуючы няроўнасці гарыстага яру, поўнач і поўдзень расліннага царства сабраліся сюды разам. Дуб, елка, лясная ігруша, клён, вішняк і цярніна, чыліга і рабіна, аблытаная хмелем, то дапамагаючы адно аднаму расці, то глушачы адно аднаго, лезлі па ўсёй гары, знізу да верху. Наверсе-ж, каля самага яе цемя, прымешваліся да іх зялёных верхавін чырвоныя дахі, панскі будынак, канькі і грабяні хат, што схаваліся ззаду, верхняя надбудова панскага дома, з разьбяным балконам і вялікім поўкруглым акном. I над усім гэтым зборышчам дрэў і дахаў узносілася паўзверх усяго сваімі пяццю пазалочанымі, ззяючымі купаламі старадаўняя вясковая царква. На ўсіх яе главах стаялі залатыя праразныя крыжы, умацаваныя залатымі праразнымі ланцугамі, так што здалёк, здавалася, вісела ў паветры нічым не падтрыманае, ззяючае гарачымі чырвонцамі золата. I ўсё гэта, перакуленае верхавінамі, дахамі, крыжамі ўніз, прыгожа адлюстроўвалася ў рацэ, дзе пачварна-дуплістыя вербы, адны стоячы каля берагоў, другія зусім у вадзе, апусціўшы туды і галлё і лісце, аблытанае слізкай бадзягай, якая плавала па вадзе разам з жоўтымі стаўбунчыкамі вадзяніцы, як быццам разглядалі гэты цудоўны адбітак.

Від быў вельмі прыгожы, але від зверху ўніз, з надбудовы дома ў далеч, быў яшчэ лепшы. Безуважна не мог выстаяць на балконе ніякі госць і наведвальнік. Ад здзіўлення ў яго займала ў грудзях дух, і ён толькі ўскрыкваў: «божа, як тут прасторна!» Без канца, без краю разлягаліся прасторы: за лугамі з мноствам гаёў і вадзяных млыноў, у некалькі зялёных паясоў, зелянелі лясы; за лясамі, праз паветра, што пачынала ўжо рабіцца імглістым, жаўцелі пяскі, і зноў лясы, якія ўжо сінелі, як мора або шырока разліты туман; і зноў пяскі, яшчэ блядней, але ўсё яшчэ жаўцеўшыя. У далечыні на небасхіле ляжалі грэбянём крэйдавыя горы, якія блішчэлі бялотай нават і ў непагадзь, быццам іх асвятляла вечнае сонца. Па іх сліпучай бялоце каля падэшваў, мясцінамі гіпсавых, мільгалі туманна-шызыя плямы, якія быццам дыміліся. Гэта былі далёкія вёскі, але іх ужо не магло разгледзець людское вока. Толькі іскра залатой царкоўнай макаўкі, успыхваючы пры сонечным асвятленні, сведчыла, што гэта было люднае вялікае паселішча. Усё гэта было ахутана ў цішыню непарушную, якую не абуджалі нават адгалоскі паветраных спевакоў, што ледзь даляталі да слыху і гінулі ў прасторах. Словам — госць, стоячы на балконе, і пасля якога-небудзь двухгадзіннага сузірання нічога іншага не мог вымавіць, як толькі «божа, як тут прасторна!»

Хто-ж быў жыхар і ўласнік гэтай вёскі, да якой, як да непадступнай крэпасці, нельга было і пад’ехаць адсюль, а трэба было пад’язджаць з другога боку, дзе дубы ўроссып ветліва сустракалі пад’язджаўшага гасця, распасціраючы разлогае галлё, як сяброўскія абдымкі, і праводзячы яго да ганку таго самага дома, верхавіну якога мы бачылі ззаду і які стаяў цяпер увесь як на далоні, маючы па адзін бок рад хат, што паказвалі канькі і разьбу грэбянёў, а па другі—царкву, што ззяла золатам крыжоў і залатымі праразнымі ўзорамі вісеўшых у паветры ланцугоў. Якому шчасліўцу належаў гэты закутак?