Выбрать главу

Памешчыку Трэхмалаханскага павета, Андрэю Іванавічу Тенцетнікаву, маладому трыццацітрохгадоваму шчасліўцу і пры гэтым яшчэ і нежанатаму чалавеку.

Хто-ж ён, што-ж ён, якіх якасцей, якіх уласцівасцей чалавек? У суседзяў, чытачкі, у суседзяў трэба распытаць. Сусед, які належаў да роду спрытных адстаўных штаб-афіцэраў-брандзераў, якія ўжо зараз зусім знікаюць, выслаўляўся пра яго выразам: «Натуральнейшы абармот!» Генерал, які жыў за дзесяць вёрст, гаварыў: «Малады чалавек не дурны, але многа ўзяў сабе ў галаву. Я мог-бы быць яму карысным, таму што ў мяне не без сувязей і ў Пецербургу, і нават пры...» генерал гутаркі не канчаў. Капітан-спраўнік даваў адказу такі зварот: «А вось я заўтра-ж да яго па нядоімку!» Мужык яго вёскі на пытанне аб тым, які ў іх пан, нічога не адказваў. Значыцца, думкі аб ім былі неспрыяльныя.

Бесстаронна-ж сказаць — ён не быў дрэнны чалавек, ён, проста, капціў неба. А паколькі ўжо нямала ёсць на белым свеце людзей, якія капцяць неба, дык чаму-ж і Тенцетнікаву не капціць яго? Зрэшты, возьмем, не выбіраючы, дзень з яго жыцця, зусім падобны да ўсіх іншых, і няхай па ім мяркуе чытач сам, які ў яго быў характар, і як яго жыццё адпавядала навакольнаму хараству.

Раніцой прачынаўся ён вельмі позна і, прыўзняўшыся, доўга сядзеў на сваім ложку, праціраючы вочы. I таму што вочы на бяду былі маленькія, дык праціранне іх цягнулася незвычайна доўга, і праз увесь гэты час каля дзвярэй стаяў чалавек Міхайла з рукамыйнікам і ручніком. Стаяў гэты бедны Міхайла гадзіну, другую, потым ішоў на кухню, пасля зноў прыходзіў,— пан усё яшчэ праціраў вочы і сядзеў на ложку. Нарэшце, уставаў ён з пасцелі, мыўся, апранаў халат і выходзіў у гасціную для таго, каб піць чай, кофе, какао і нават сырадой, усяго сёрбаючы пакрысе, накрышваючы хлеба бязлітасна і насмечваючы ўсюды люлечным попелам бессаромна. I дзве гадзіны праседжваў ён за чаем. I мала гэтага: ён браў яшчэ халодны кубачак і з ім падыходзіў да акна, што выходзіла на двор; каля акна-ж адбывалася кожны дзень наступная сцэна.

Перш за ўсё роў Грыгорый, дваровы чалавек у годнасці буфетчыка, які звяртаўся да дамаводкі Перфільеўны прыблізна з такімі словамі: «Душонка ты агідная, нікчэмнасць гэтакая! Табе-б, брыдотніцы, маўчаць!»

«А ці не хочаш вось гэтага?» выгуквала нікчэмнасць, ці Перфільеўна, паказваючы кукіш, — баба, жорсткая ва ўчынках, не гледзячы на тое, што была ахвотніца да ізюму, павідла і ўсякіх ласункаў, якія былі ў яе пад замком.

«Ты-ж і з прыказчыкам счэпішся, дробязь ты гуменная!» роў Грыгорый.

«Дык і прыказчык злодзей такі-ж, як і ты. Думаеш, пан не ведае вас? Ён-жа тут, ён-жа ўсё чуе».

«Дзе пан?»

«Ды вось ён сядзіць каля акна; ён усё бачыць».

I сапраўды, пан сядзеў каля акна і ўсё бачыў.

На давяршэнне садому, крычаў-крычма дваровы хлапчук, атрымаўшы ад маці аплявуху, скуголіў хорт, прысеўшы задам на зямлю, з прычыны гарачага вару, якім абліў яго, выглянуўшы з кухні, кухар. Словам, усё лемантавала і верашчала нясцерпна. Пан усё бачыў і чуў. I толькі тады, калі гэта рабілася да такой ступені нясцерпным, што перашкаджала нават нічога не рабіць, пасылаў ён сказаць, каб шумелі цішэй.

За дзве гадзіны да абеда ішоў ён да сябе ў кабінет для таго, каб заняцца сур’ёзна творам, які павінен быў ахапіць усю Расію з усіх пунктаў гледжання — з грамадзянскага, палітычнага, рэлігійнага, філасофскага, вырашыць цяжкія задачы і пытанні, што задаў ёй час, і ясна вызначыць яе вялікую будучыню; словам — усё так і ў тым выглядзе, як любіць задаваць сабе сучасны чалавек. Між іншым, велізарная задума абмяжоўвалася больш адным разважаннем, згрызалася пяро, з’яўляліся на паперы рысункі, і потым усё гэта адсоўвалася набок, замест гэтага бралася ў рукі кніга і ўжо не выпускалася аж да абеда. Кніга гэтая чыталася разам з супам, соусам, смажанінай і нават з пірожным, так што некаторыя стравы ад гэтага стылі, а іншыя прыбіраліся зусім нечапанымі. Потым ішла люлька з кофеем, гульня ў шахматы з самім сабой, што-ж рабілася потым да самай вячэры — дапраўды, і сказаць цяжка. Здаецца, проста нічога не рабілася.

I гэтак прабаўляў час адзін-адзінюткі ў цэлым свеце малады трыццацітрохгадовы чалавек седзьма-седзячы, у халаце без гальштука. Яму не гулялася, не хадзілася, не хацелася нават падняцца наверх, не хацелася нават расчыняць вокны, каб набраць свежага паветра ў пакой, і цудоўны выгляд вёскі, якім не мог роўнадушна любавацца ніякі госць, быццам не існаваў для самога гаспадара. З гэтага чытач можа бачыць, што Андрэй Іванавіч Тенцетнікаў належаў да сям’і тых людзей, якія на Русі не зводзяцца, якім раней былі імёны: цюхцяі, лежабокі, абібокі, і якіх цяпер, дапраўды, не ведаю, як назваць. Ці нараджаюцца ўжо такія характары, ці потым утвараюцца, як параджэнне сумных акалічнасцей, якія сурова спадарожнічаюць чалавеку? Замест адказу на гэта, лепш расказаць гісторыю яго выхавання і маленства.