Выбрать главу

Дзе не бывае асалоды? Бытуе яна і ў Пецербургу, не гледзячы на суровы, змрочны надворны выгляд яго. Трашчыць па вуліцах сярдзіты, трыццаціградусны мароз: скавыча вырадак поўначы, ведзьма-завея, замятаючы тратуары, слепячы вочы, напудрываючы мехавыя каўняры, вусы людзей і морды калматых жывёлін, але прыветна, і праз лётаючыя накрыж вохлапкі, свеціць угары акенца дзе-небудзь і ў чацвертым паверсе: ва ўтульным пакоі, пры скромных стэарынавых свечках, пад шумок самавара, ідзе, грэючы сэрца і душу, размова, чытаецца светлая старонка натхнёнага рускага паэта, якімі ўзнагародзіў бог сваю Расію, і так узнёсла, палка трапеча маладое сэрца юнака, як не бывае і пад поўднёвым небам.

Хутка Тенцетнікаў звыкся са службай, але толькі яна зрабілася ў яго не першаю справай і мэтай, як ён меркаваў на пачатку, але чымсьці другім. Яна служыла яму размеркаваннем часу, прымусіўшы яго больш даражыць рэштаю хвілін. Дзядзька, сапраўдны стацкі саветнік, пачынаў ужо думаць, што з пляменніка будзе толк, як раптам пляменнік схібіў. У лік сяброў Андрэя Іванавіча, якіх у яго было многа, трапіла два чалавекі, якія былі тое, што называецца незадаволеныя людзі. Гэта былі тыя неспакойна дзіўныя характары, якія не могуць пераносіць абыякава не толькі несправядлівасці, але нават і ўсяго таго, што здаецца ў іх вачах несправядлівасцю. Добрыя па істоце, але бязладныя самі ў сваіх дзеяннях, патрабуючы сабе спагады і ў той-жа час поўныя нецярпімасці да іншых, яны зрабілі на яго моцны ўплыў і палкімі словамі, і спосабам высокароднага абурэння супроць грамадства. Яны, абудзіўшы ў ім нервы і дух раздражлівасці, прымусілі прыкмячаць усе тыя дробязі, на якія ён раней і не думаў звяртаць увагі. Фёдар Фёдаравіч Леніцын, начальнік аднаго з аддзяленняў, якія размяшчаліся ў раскошных залах, раптам яму не спадабаўся. Ён стаў знаходзіць у ім безліч недахопаў. Яму здалося, што Леніцын у размовах з вышэйшымі ўвесь ператвараўся ў нейкі мутарны цукар, і—воцат, калі звяртаўся да яго падначалены; што быццам па прыкладу ўсіх дробязных людзей, браў ён на ўвагу тых, якія не з’яўляліся да яго з віншаваннем у святы, помсціў тым, якіх імёны не знаходзіліся ў швейцара на паперы; і, у выніку гэтага, ён адчуў да яго агіднасць нервічную. Нейкі злы дух штурхаў яго зрабіць што-небудзь непрыемнае Фёдару Фёдаравічу. Ён вышукваў гэтага з нейкай асаблівай асалодай і меў поспех. Аднойчы пагаварыў ён з ім да таго сур’ёзна, што яму прапанавана было ад начальства — або прасіць прабачэння, або ісці ў адстаўку. Ён падаў у адстаўку. Дзядзька, сапраўдны стацкі саветнік, прыехаў да яго перапалоханы і пачаў упрошваць: «Дзеля самога Хрыста! схамяніся, Андрэй Іванавіч! што гэта ты робіш? Пакідаць так выгадна пачатую кар’еру праз тое толькі, што трапіўся не такі, як хочацца, начальнік! Схамяніся! Што ты? што ты? Калі-б на гэта глядзець, тады і на службе ніхто-б не застаўся. Адумайся, адкінь гордасць, самалюбства, з’ездзі і перагавары з ім!»

«Не ў тым справа, дзядзюхна», сказаў пляменнік. «Мне не цяжка папрасіць у яго прабачэння. Я вінаваты: ён начальнік і так не трэба было гаварыць з ім. Але справа вось у чым. У мяне ёсць другая служба: трыста душ сялян, маёнтак у бязладдзі, кіраўнік — дурань. Дзяржаве страта малая, калі на маё месца сядзе ў канцылярыю іншы перапісваць паперы, але вялікая страта, калі трыста чалавек не заплоцяць падаткаў. Я — што вы падумаеце? — памешчык, які... служба... Калі я паклапачуся аб захаванні, зберажэнні і палепшанні лёсу давераных мне людзей і дам дзяржаве трыста беззаганных, цвярозых, працавітых падданых — чым мая служба будзе горш за службу якога-небудзь начальніка аддзялення Леніцына?»

Сапраўдны стацкі саветнік застаўся з разяўленым ротам ад здзіўлення. Такога патоку слоў ён не чакаў. Крыху падумаўшы, ён быў пачаў у такім родзе: «Але ўсё-ж... але як-жа так... як-жа запрапасціць сябе ў вёску? Якая-ж кампанія можа быць паміж?.. Тут усё-ж такі на вуліцы трапіцца насустрач генерал, князь. Пройдзеш і сам каля якога-небудзь... там... ну і газавае асвятленне, прамысловая Еўропа; а там-жа, што ні трапіцца, усё гэта або мужык, або баба. За што-ж так, за што-ж сябе асуджваць на невуцтва на ўсё жыццё сваё?»