Выбрать главу

«Дык чаму-ж цяпер вышла пагана?» дапытваўся пан.

«Хто яго ведае? Відаць, чарвяк пад’еў знізу. Ды і лета, бачыш ты якое, зусім дажджоў не было».

Але пан бачыў, што ў мужыкоў чарвяк не пад’ядаў знізу, дый дождж ішоў неяк дзіўна, паласой: мужыку трапіла, а на панскую ніву каб хоць кропля ўпала.

Яшчэ цяжэй яму было зладжваць з бабамі. Безупынна адпрошваліся яны ад працы, скардзячыся на цяжкасць паншчыны. Дзіўная справа! Ён знішчыў зусім усякія прыносы палатна, ягад, грыбоў і арэхаў, на палавіну зменшыў іншую працу, думаючы, што бабы скарыстаюць гэты час на хатнюю гаспадарку, абшыюць, апрануць сваіх мужыкоў, павялічаць гароды. Але дзе там! Гультаяванне, бойкі, плёткі і ўсякія сваркі завяліся паміж прыгожым полам такія, што мужыкі раз-по-разу прыходзілі да яго з такімі словамі: «Пан, супакой д’ябла-бабу! Быццам чорт які — жыцця няма ад яе!»

Хацеў ён быў, утаймаваўшы сваё сэрца, узяцца за строгасць; але як быць строгім? Баба прыходзіла такой бабай, так вішчэла, такая была хворая, такіх паганых, агідных накручвала на сябе ануч, адкуль толькі яна іх брала, бог яе ведае. «Ідзі, ідзі сабе толькі з воч маіх! Бог з табой!» гаварыў бедны Тенцетнікаў, і ўслед за гэтым бачыў, як хворая, вышаўшы за вароты, пачынала калатню з суседкай за якую-небудзь рэпу і так намінала ёй бакі, як не здолее і дужы мужык.

Надумаўся быў ён паспрабаваць нейкую там школу паміж імі завесці, але з гэтага атрымалася такая лухта, што ён і галаву звесіў; лепш было і не задумваць! У справах судовых і ў разглядах зусім не патрэбны былі ўсе гэтыя юрыдычныя тонкасці, на якія навялі яго прафесары-філосафы. I той бок маніць, і другі маніць, і чорт іх разбярэ! I бачыў ён, што больш за тонкасці юрыдычных і філасофскіх кніг было патрэбна простае веданне чалавека; і бачыў ён, што ў ім чагосьці нехапае, а чаго — бог ведае. I здарылася акалічнасць, якая так часта здараецца: ні мужык не пазнаў пана, ні пан мужыка, і мужык павярнуўся дрэнным бокам, і пан дрэнным бокам. Усё гэта значна астудзіла і запал памешчыка. Пры работах ён прысутнічаў ужо без увагі! Ці шумелі ціха косы ў лугах, ці стагавалі сена, ці клалі сцірты, ці блізка ладзілася вясковая справа — вочы яго глядзелі далей; калі ў воддалі ішла праца, яго вочы шукалі прадметы бліжэй, або глядзелі ўбок на які-небудзь закрут ракі, па берагах якой хадзіў чырвонадзюбы, чырвонаногі марцін, вядома — птушка, а не чалавек. Яны з цікавасцю глядзелі, як ён, злавіўшы ля берага рыбіну, трымаў яе ўпоперак у дзюбе, як быццам разважаючы, глытаць ці не глытаць, — і гледзячы ў той-жа час пільна ўздоўж ракі, дзе здалёк бялеўся другі марцін, які яшчэ не злавіў рыбіны, але глядзеў пільна на марціна, што ўжо злавіў рыбіну. Або, зажмурыўшы зусім вочы і прыўзняўшы галаву ўгору, да прастораў нябёс, даваў магчымасць нюху свайму ўпіваць пах палёў, а слыху здзіўляцца з галасоў паветранага пявучага насельніцтва, калі яно адусюль, ад нябёс і ад зямлі, злучаецца ў адзін гуказгодны хор, не пярэчачы адзін другому. У жыце б’е перапёлка, у траве дзярэцца драч, над ім вурчаць і ціўкаюць пералятаючы канаплянкі, мэкае, узняўшыся ў паветра, баранчык, трэліць жаўранак, знікаючы ў святле, і звонамі труб разлягаецца курлыканне журавоў, якія будуюць трохкутнікам свае чароды высока ў небе. Адгукаецца ўся аколіца, ператварыўшыся ў гукі. Тварэц! які яшчэ прыгожы твой свету глушы, у вёсачцы, далёка ад подлых гасцінцаў і гарадоў! Але і гэта пачало яму надакучаць. Хутка ён і зусім пакінуў хадзіць на поле, засеў у пакоях, адмовіўся нават прымаць з дакладам прыказчыка.

Раней з суседзяў заверне да яго бывала адстаўны гусар-паручык, пракураны наскрозь люлечны курэц, або рэзкага напрамку недавучаны студэнт, які набраўся мудрасці з сучастных брашур і газет. Але і гэта стала яму дакучаць. Размовы іх пачалі яму здавацца неяк павярхоўнымі, еўрапейска-адкрытае абыходжанне, з паляпваннем па калене, таксама і нізкапаклонствы і развязнасці — пачалі яму здавацца ўжо занадта простымі і адкрытымі. Ён рашыў з імі зусім раззнаёміцца і зрабіў гэта нават досыць рэзка. Іменна, калі найпрыемнейшы ва ўсіх павярхоўных размовах пра ўсё, прадстаўнік цяпер ужо знікаючых палкоўнікаў-брандзераў і разам з тым перадавы ўзнікаючага новага кірунку думак, Варвар Нікалаевіч Вішнепакромаў, прыёхаў да яго, каб нагаварыцца ўволю, закрануўшы і палітыку, і філасофію, і літаратуру, і мараль, і нават становішча фінансаў у Англіі — ён паслаў сказаць, што яго няма дома, і ў той-жа час меў неасцярожнасць паказацца перад акном. Госць і гаспадар сустрэліся позіркамі. Адзін, вядома, прабурчэў праз зубы «абармот!», другі паслаў яму з дакукі таксама штосьці накшталт свінні. Тым і скончыліся адносіны. З таго часу не заязджаў да яго ніхто.